Кіраўнік «Групы Вагнера» Яўген Прыгожын пасля кароткага «первароту» дамовіўся з Уладзімірам Пуціным і, верагодна, з’ехаў у Беларусь. Аднак гэта стварае пагрозу нападу на Украіну з беларускага напрамку, перасцерагае брытанскі генерал Рычард Данат.
Старонка natemat.pl нагадвае, што Аляксандр Лукашэнка ад самага пачатку падтрымлівае Уладзіміра Пуціна ў вайне ва Украіне, але пакуль беларускага войска супраць украінцаў не адправіў. Дыктатар увесь час тлумачыць, што беларуская армія ахоўвае ўсходнюю мяжу ад НАТА. Апрача адзінкавых інцыдэнтаў, поўнамаштабнага адкрыцця агню з беларускага напрамку фактычна пакуль не было. Аднак, паводле былога начальніка генштаба брытанскай арміі, ссылка Яўгена Прыгожына ў Мінск можа памяняць гэтую сітуацыю, а кіраўніцтва Украіны зараз павінна сцерагчыся ад магчымага нападу вагнераўцаў з беларускай тэрыторыі.
«Калі ён з’ехаў у Беларусь і ўтрымаў пры сабе баявую групу, то гэта зноў жа пагражае бліжэйшаму да Кіева ўкраінскаму флангу», – дадаў вайсковец.
Між тым, аглядальнікі падзеленыя ў сваіх меркаваннях на конт таго, што на самой справе адбылося ў Расіі суботу. Паводле адных, з самага пачатку незвычайны пераварот, які завяршыўся перапыненым паходам на Маскву, быў сапраўднай пагрозай пачатку грамадзянскай вайны ў Расіі. На думку другіх – гэта ад пачатку была правакацыя ці выкрут Пуціна.
Былы камандзір польскага спецпадраздзялення GROM генерал Раман Полька лічыць, што, хутчэй за ўсё, гэта былі мафіёзныя разлікі.
«Я б хутчэй назваў гэта мафіёзнымі разлікамі паміж Сяргеем Шайгу і Яўгенам Прыгожыным, чым грамадзянскай вайной. Аднак Уладзімір Пуцін выразна падтрымаў гэтага першага(…) Цяпер час, каб Украіна распачала ключавыя наступальныя дзеянні, паколькі бліжэйшыя некалькі дзён Пуцін напэўна будзе заняты навядзеннем парадку на ўнутры», – кажа ў размове з сайтам natemat.pl генерал Раман Полька.
аз