«Мы зацікаўленыя ў тым, каб нямецкая сістэма Patriot зʼявілася на польскай зямлі прынамсі да канца гэтага года. Гэтыя сістэмы абараняюць, у тым ліку, пастаўкі тэхнікі ва Украіну», – заявіў кіраўнік Мінабароны Польшчы Марыюш Блашчак пасля сустрэчы з міністрам абароны Германіі Борысам Пісторыусам у Замосці (Любельскае ваяводства).
Сустрэча абодвух міністраў адбылася ў панядзелак у Замосці, у штабе 18-га зенітнага палка.
На прэс-брыфінгу пасля сустрэчы Блашчак падкрэсліў, што перамовы тычыліся, у тым ліку, двухбаковых адносінаў, супрацоўніцтва ў рамках НАТА і ЕС, а таксама падтрымкі Украіны.
Кіраўнік Мінабароны паведаміў, што пасля сустрэчы з міністрам Пісторыусам ён наведае дыслакаваных у Польшчы нямецкіх вайскоўцаў, якія кіруюць зенітнымі комплексамі Patriot, разгорнутымі ў раёне ўсходняй мяжы. «Мы цэнім прысутнасць гэтых батарэй на польскай зямлі», – падкрэсліў ён.
«Польшча адыгрывае важную ролю ў падтрымцы Украіны. Бо ўсе пастаўкі тэхнікі ва Украіну ідуць праз Польшчу. Мы рады, што гэтая сістэма (супрацьпаветранай абароны – Рэд.) пашырана. У нас ёсць амерыканскія «Патрыёты», нямецкія «Патрыёты», у нас ёсць сістэма, якая абараняе гэтыя пастаўкі ва Украіну. Гэта важна з-за расійскіх пагроз», – сказаў Блашчак.
Кажучы пра пагрозы, усё большае ўзмацненне ўплыву Расіі ў Беларусі, перакідванне туды наймітаў з «Групы Вагнера» і размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі, Блашчак падкрэсліў, што «мы зацікаўленыя ў тым, каб нямецкая сістэма Patriot была на польскай тэрыторыі» як мінімум да канца гэтага года».
Кіраўнік Мінабароны спаслаўся на нядзельны артыкул штотыднёвіка «Шпігель» пра танкі Leopard. Як падкрэсліў міністр, яго панядзелкавыя перамовы з Пісторыусам таксама тычыліся супрацоўніцтва абедзвюх абаронных галін прамысловасці, хоць, як ён адзначыў, гэта не зʼяўляецца непасрэднай сферай адказнасці абаронных ведамстваў ні Польшчы, ні Германіі.
«Але мы ўступілі ў гэтыя перамовы – яны няпростыя. Сапраўды, учора мы маглі прачытаць у Der Spiegel, што існуюць некаторыя непаразуменні. Мы вызначылі тры моманты – адзін вырашылі, спадзяюся, што вырашым і два іншыя», – адзначыў кіраўнік Мінабароны. «З майго боку, з польскага боку, тут поўная адкрытасць, таму што мы хочам падтрымліваць Украіну, супрацоўнічаць у гэтай сферы з нашым суседам Германіяй», – сказаў Блашчак.
Як піша штотыднёвік «Шпігель», у канцы траўня бягучага года ў Польшчы павінен быў быць адкрыты рамонтны цэнтр для абслугоўвання пастаўленых у Кіеў нямецкіх танкаў Leopard, аднак «пакуль, аднак, Германія і Польшча не змаглі дамовіцца». Паводле інфармацыі партала, дзве нямецкія абаронныя кампаніі Rheinmetall і Krauss-Maffei Wegmann (KMW) павінны былі супрацоўнічаць з польскім дзяржаўным абаронным прадпрыемствам PGZ. Планавалася стварыць сумесны цэх на польскіх заводах у Глівіцэ і Познані. Выдаткі на рамонт Leopards, па дадзеных партала, возьме на сябе ўрад Германіі.
«Аднак у прамысловых колах кажуць, што праекту пакуль перашкаджае Польшча. (...) Напрыклад, PGZ хоча запланаваць больш за 100 000 еўра за «першапачатковую ацэнку». У Германіі на такую дыягностыку звычайна вылучаюць усяго каля 12 000 еўра. Акрамя таго, PGZ не хоча даваць ніякіх гарантый на рамонт, што таксама незвычайна.
Міністар абароны Нямеччыны Барыс Пісторыус заявіў, што перамовы з кіраўніком Мінабароны Польшчы тычыліся падтрымкі Украіны «ў абароне ад жорсткай расмйскай агрэсіі, якая ўсё яшчэ працягваецца». «Мы абодва ўсведамляем сваю адказнасць. Мы зʼяўляемся лідарамі па пастаўках танкаў Leopard – Германія для варыянту 2А6 і Польшча для версіі 2А4», – дадаў ён.
«Мы не можам скараціць нашу падтрымку Украіны, яна сёння яшчэ больш актуальная, чым раней. Нямеччына – пасля ЗША – другая краіна, якая аказвае найбольшую падтрымку», – адзначыў Пісторыус.
Ён нагадаў, што ў лютым падчас канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене пачаліся нямецка-польскія перамовы аб стварэнні ў Польшчы цэнтра па рамонце бронетэхнікі. «Перамовы, якія пачаліся ў Мюнхене, працягваюцца, яны вельмі прасунутыя, але – як вы можаце сабе ўявіць – такія перамовы паміж прамысловасцю і міністэрствамі абароны дзвюх краін інтэнсіўныя і складаныя», – сказаў нямецкі міністр.
«Мы абодва падкрэслівалі ў нашых перамовах, што мы павінны знайсці рашэнне. Я лічу, што час падціскае. Германія гатова ўзяць на сябе адказнасць. Мы лічым, што перамовы павінны быць завершаны на працягу 10 дзён, каб мы ведалі, што далей будзе», – сказаў Пісторыус. Ён дадаў, што «рамонт зʼяўляецца важнай часткай пастаяннай падтрымкі Украіны, як і пастаўкі боепрыпасаў».
Нямецкі міністр таксама спаслаўся на саміт NATO, які адбудзецца на наступным тыдні ў Вільні. «Акрамя падтрымкі Украіны, сітуацыя таксама прымушае казаць пра магчымасці абароны і стрымлівання. Для Швецыі важна як мага хутчэй стаць членам NATO, каб Турцыя адмовілася ад свайго супрацьдзеяння», – сказаў Пісторыус.
«Гаворка ідзе пра годнае даверу абавязацельства павялічыць нашы выдаткі на абарону, але гэта таксама – асабліва з пункту гледжання Германіі, я часта падкрэсліваю гэта – пра ўмацаванне ўсходняга флангу NATO ў гэтыя часы, асабліва маючы на ўвазе рэгіянальныя абаронныя планы NATO», – сказаў ён.
Пісторыус звярнуў увагу на паведамленне аб тым, што Германія «ў бліжэйшыя гады размесціць у Літве моцную баявую брыгаду». Ён заявіў, што Германія будзе «працаваць поплеч з нашымі ўсходнімі саюзнікамі для абароны нашых агульных інтарэсаў».
Замосце і Люблін знаходзяцца недалёка ад мяжы з Украінай, у пачатку года там былі разгорнутыя нямецкія зенітныя і супрацьракетныя комплексы Patriot. Прапанова размясціць гэтую тэхніку на ўсходняй мяжы Польшчы была агучаная ў канцы 2022 года тагачасным міністрам абароны Германіі Крысцін Ламбрэхт пасля таго, як у лістападзе ў Польшчу прыляцела ракета ды ў памежным горадзе Пшэводаў забіла двух чалавек.
18-ы зенітны полк – падраздзяленне, дыслакаванае ў Замосці, фарміраванне якога пачалося ў 2021 годзе. Уваходзіць у склад 18-й механізаванай дывізіі. Частка была абсталявана комплексамі блізкага дзеяння «Piorun» і «Poprad», а ў кастрычніку частка стала першым карыстальнікам сістэм ЗРК «Нарва».
PAP / вх