24 лютага 2022 года пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. 11 ліпеня ў Вільні пачынаецца саміт НАТА, падчас якога Украіна чакае дакладнага паслання аб сваёй будучыні ў Альянсе.
Перад самітам НАТА ў Вільні, які пачынаецца сёння, 11 ліпеня, прэзідэнт Польшчы даў інтэрвʼю нямецкаму штодзённіку Bild. Найважнейшай тэмай сустрэчы лідараў краінаў Альянсу будзе тое, як адказаць на чаканні Украіны адносна яе памкненняў да членства ў НАТА.
Дуда падкрэсліў, што «ў інтарэсах Польшчы, каб Украіна як мага хутчэй уступіла ў НАТА». Як ён дадаў, Украіна «мае моцную армію з вялікім вопытам». Аднак на саміце НАТА ў Вільні «такое рашэнне прынята не будзе». «Трэба дачакацца заканчэння вайны», – сказаў прэзідэнт.
Супраць запрашэння Украіны ў НАТА на саміце ў Вільні выступае, між іншым, нямецкі ўрад. У інтэрвʼю Bild Дуда з разуменнем паставіўся да апасенняў Германіі наконт магчымай вайны з Расіяй. Гэта не толькі клопат Германіі. Гэта праблема, якая прысутнічае ў многіх краінах, сказаў ён. «Нам трэба гэта ўсвядоміць: калі б Украіну прынялі ў НАТА сёння, падчас вайны, яна б адразу запатрабавала прымянення артыкула 5», – дадаў Анджэй Дуда. Артыкул 5 Паўночнаатлантычнага дагавора змяшчае абавязацельствы па калектыўнай абароне ў выпадку нападу на аднаго з саюзнікаў.
- Тады іншыя саюзныя краіны павінны былі б дапамагчы абараніць Украіну. Гэта азначае вайну, – сказаў Дуда.
«Нам трэба гэта ўсвядоміць: калі б Украіну прынялі ў НАТА сёння, падчас вайны, яна б адразу запатрабавала прымянення артыкула 5. Іншыя саюзныя краіны павінны былі б дапамагчы абараніць Украіну. Гэта азначае вайну»
Міратворчая аперацыя ва Украіне пасля спынення агню?
Як паведамляе «Bild», прэзідэнт Польшчы не выключыў магчымасці размяшчэння польскіх вайскоўцаў ва Украіне, калі будзе спынена гарачая фаза канфлікту з Расіяй. «Гэта залежыць ад таго, якія будуць дамоўленасці», – сказаў Дуда нямецкай газеце. Як ён растлумачыў, калі б Украіна вырашыла весці мірныя перамовы з Расіяй і было прынята рашэнне аб «міратворчай аперацыі», падчас якой краіны захаду, напрыклад, забяспечвалі б захаванне перамірʼя, то Польшча магла б у ёй удзельнічаць. «Калі гэта рашэнне НАТА, то як адказны член альянсу мы будзем яго выконваць», – цытуе Bild Анджэя Дуду.
«Расія проста хоча тэрыторыі і хоча, каб Украіна падпарадкавалася. Мы не можам гэтага дапусціць, гэта трэба спыніць», – падкрэсліў прэзідэнт Польшчы.
Rzeczpospolita / вх