Галоўныя палітычныя сілы агучваюць мноства закідаў у бок адзін аднога, але яны згодныя – гэта будуць адны з найважнейшых выбараў у Польшчы.
Апытанне United Surveys для парталу Wirtualna Polska паказвае, што палякі падзеленыя амаль на палову. На думку 43,9% апытаных, цяперашняя ўлада на чале з партыяй «Права і справядлівасць» забяспечвае лепшае жыццё, чым іх папярэднікі. 43,6% апытаных прытрымліваюцца іншага меркавання. З гэтага апытання вынікае важная выснова: на вынік выбараў могуць паўплываць тыя, хто пакуль не вызначыўся. Гэта таксама абазначае вострую барацьбу за выбарцаў.
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі ацаніў будучыя парламенцкія выбары як фундаментальна важныя. Кіраўнік ураду заявіў, што палякі апынуцца перад выбарам паміж двума рознымі візіямі краіны:
-Салідарнай Польшчы, якая чэрпае са спадчыны не толькі руху «Салідарнасць», але і працуе згодна з прынцыпам грамадскай салідарнасці. Гэта візія нашай Польшчы, якую мы б хацелі працягваць, нягледзячы на памылкі, за якія трэба перапрасіць. Але не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Таксама мы хочам супрацьстаяць сучасным выклікам.
Лідар галоўнай палітычнай апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа» Дональд Туск таксама перакананы, што гэта вельмі істотныя выбары:
-Цяперашнія ўлады падрыхтавалі законы, дзякуючы якім хоча кантраляваць, што вы робіце дома, чым хварэеце, змест вашых смс-паведамленняў, вашыя рахункі. Іх мэтай зʼяўляецца зняволенне кожнага з нас. Гэтыя выбары сапраўды пра тое, ці мы будзем свабодныя і незалежныя. Ці ў нас будзе пачуццё бяспекі ў нашым прыватным і асабістым жыцці, ці мы будзем у іх кулаку. Мы кажам, што гэтыя выбары сапраўды важныя, паколькі гаворка ідзе пра нашае жыццё.
Дзяржаву, якая дзейнічае, прапануе лідар партыі «Польшча 2050» Шыман Галоўня, якая ідзе на парламенцкія выбары разам з Польскай сялянскай партыяй, называючы сябе Трэцім шляхам. Шыман Галоўня адзначае, што дзяржаву павінны рабіць людзі, якія на адным узроўні з выбарцамі:
-У нас складваецца ўражанне, што палітыка кіруючай партыі адклеілася ад рэальнасці і не заўважае фундаментальных для людзей праблем, якія надалей нявырашаныя. Мы хочам дзяржаву, якая дзейнічае. Мы практыкі, а не ідэолагі. Мы хочам вырашаць справу за справай, ведаючы, на колькі яны складаныя. Ведаючы, што гэтага не ўдасца зрабіць дотыкам чароўнай палачкі, таму мы не будзем вам хлусіць.
Адначасова з парламенцкімі выбарамі плануецца правядзенне рэферэндуму. Віцэ-прэмʼер, старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі паведаміў, што першым пытаннем на рэферэндуме 15 кастрычніка будзе: «Ці падтрымліваеце вы продаж дзяржаўных прадпрыемстваў?»
Яраслаў Качыньскі падкрэсліў у запісе, апублікаваным у сацсетках, што ўсяго будзе чатыры пытанні:
-Голас замежных палітыкаў, у тым ліку нямецкіх, не мае ніякага значэння. Таму ў ключавых справах мы хочам звярнуцца да вас непасрэдна ў рэферэндуме. Першае пытанне пра продаж дзяржаўных прадпрыемстваў. Немцы хочуць пасадзіць на пасадзе Туска, каб прадаваць дзяржаўную маёмасць. Яго каманда гаворыць пра гэта адкрыта. Мы на гэта не пагаджаемся. Гэта вы вырашыце, ці маёмасць пакаленняў застанецца ў Польшчы.
Улады адзначаюць, што папярэдняя ўлада на чале з Дональдам Тускам распрадавала дзяржаўную маёмасць. Цяпер трэба абараняць нацыянальнае дабро, у дадзеным выпадку фірмы, некаторыя з якіх маюць стратэгічнае значэнне для польскай эканомікі і бяспекі.
Усе апазіцыйныя партыі крытычна ставяцца да адначасовага правядзення выбараў і рэферэндуму. У рэферэндуме галоўнымі з’яўляюцца не пытанні, а фінансаванне выбарчай кампаніі «Права і справядлівасці» па-за лімітам, пераконваў у эфіры PolsatNews дэпутат левых сіл Томаш Трэля:
-Яраслаў Качыньскі і Матэвуш Маравецкі будуць ездзіць з гораду ў горад, каб нібыта заахвочваць да ўдзелу ў рэферэндуме, і гэта не ўваходзіць у ліміты, а насамрэч гэта будзе іх выбарчая кампанія. Гэта адзін вялікі сорам і несумленнасць. Калі казаць пра само пытанне, то кажа гэта чалавек, які зусім нядаўна лабіраваў палітычна, каб польская дзяржава прадала акцыі ў гданьскай суднаверфі саудаўцам за мільярд злотых. А яны за паўгода зарабілі больш, чым заплацілі. Гэта ж параноя.
У наступныя дні – 12, 13 і 14 жніўня – будуць апублікаваныя наступныя пытанні рэферэндуму. Прапанову аб прызначэнні ўсенароднага рэферэндуму Сейм павінен разгледзець 17 жніўня.
ав
слухайце аўдыё