Беларуская Служба

Польскія палітыкі спаборнічаюць у заспакаенні патрэб выбарцаў

05.09.2023 14:40
У Польшчы ў разгары перадвыбарчая кампанія. Пакуль у апытаннях грамадскай думкі лідзіруе кіроўная партыя, але апазіцыя таксама можа разлічваць на добры вынік.
Аўдыё
  • У Польшчы набірае абароты перадвыбарчая кампанія
Ілюстрацыйны здымакPAP/Artur Reszko

Невялікі адрыў паміж галоўнымі канкурэнтамі змушае палітыкаў актыўна змагацца за галасы выбарцаў. Галоўным інструментам сталі сацыяльныя праграмы.

15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары ў Сойм і Сенат. Калі б выбары адбываліся ў мінулую нядзелю, найлепшы вынік атрымала б кіроўная партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) – 35,3%, вынікае з першага пасля адпачынкаў апытання грамадскай думкі, праведзенага United Surveys на замову парталу Wirtualna Polska. Галоўны канкурэнт – апазіцыйная «Грамадзянская кааліцыя» можа разлічваць на 27,5% галасоў.

У Сейм таксама трапіла б яшчэ тры палітычныя сілы: крайне правая партыя «Канфедэрацыя», на якую гатовыя галасаваць 10,6% рэспандэнтаў, кааліцыя «Трэці шлях» можа разлічваць на 10,2% галасоў, а Левыя сілы – 9,4%. Яшчэ 7% рэспандэнтаў не ведаюць, за каго яны хочуць прагаласаваць.

Такі расклад азначае для кіроўнай партыі магчымасць не сфармаваць урад, бо партыя не здабывае абсалютную бальшыню галасоў. У гэтай сітуацыі партыя «Права і справядлівасць» пачала на гэтым тыдні праграмны наступ і прадставіла першыя свае перадвыбарчыя прапановы. Гэта праграма «Прыязны мікрараён », якая прадугледжвае мадэрнізацыю панэльных жылых дамоў. Праграма складаецца з сямі пунктаў: рамонты ліфтаў, будаўніцтва гаражных памяшканняў, цеплавая мадэрнізацыя жылых дамоў, рэвіталізацыя жылых кварталаў, уключаючы паляпшэнне інсталяцый, сярод іншага, сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, будаўніцтва фотавальтаікі, акустычны рамонт і мадэрнізацыя малой архітэктуры: зялёныя насаджэнні, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Томашуве-Мазавецкім заявіў прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі. Палітык адзначыў, што справа тычыцца васьмі мільёнаў палякаў, урад плануе выдзеліць на рэалізацыю 5 мільярдаў злотых.

- Так будзе цягам першага года, але мы хочам праграму развіваць. Гэта будуць урадавыя сродкі, і, спадзяваемся, дадуцца сродкі з Нацыянальнага фонду мадэрнізацыі.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Павал Шрот распавёў, што паралельна будзе ажыццяўляцца праграма «Добрая страва», якая тычыцца паляпшэння харчавання хворых у шпіталях.

- Нам ідзецца пра камфорт пацыентаў у першую чаргу, ідзецца пра выгоду старэйшых людзей, якія часта наведваюць шпіталі, ідзецца пра іх здароеў. Дыетычная ежа не павінна быць нясмачнай альбо кепскай. Наадварот павінна быць добрай, бо чым лепшыя ўмовы ў шпіталі, тым хутчэй чалавек выздаравее.

Урад плануе прызначыць на рэалізацыю дадзенай праграмы каля мільярда злотых у год. Партыя ПіС заявіла, што далейшыя пункты перадвыбарчай праграмы будуць раскрывацца паступова да суботы.

У сваю чаргу канкурэнты з «Грамадзянскай кааліцыі» абвясцілі ў рамках перадвыбарчай кампаніі праграму «100 канкрэтных крокаў на першыя 100 дзён урада». Гэтыя прапановы ўключаць падвышэнне заробкаў і іншыя эканамічныя палёгкі, распавёў дэпутат ад кааліцыя Марыюш Вітчак.

- 60 тысяч – сума, якая не будзе абкладаецца падаткам. Сёння - гэта толькі 30 тысяч. Наша прапанова азначае, што ў падатнікаў на руках застануцца каля 4 тысяч злотых больш. Таксама мы прапануем перагледзець механізмы аплаты НДС для прадпрымальнікаў, каб яны плацілі толькі пасля атрымання грошай. Сёння часта даводзіцца чакаць на аплату рахункаў, а падаткі трэба заплаціць адразу. Гэта запавольвае прадпрымальніцтва.

Дэпутат Вітчак таксама паведаміў, што ягоная група хацела б увесці 20-працэнтную надбаўку для работнікаў бюджэтнай сферы і надбаўку для настаўнікаў – напачатку іх заробкі павялічацца на палову, а ў перспектыве – на 100%.

Левыя сілы прапануюць адзіны білет на розныя віды грамадскага транспарту ў межах аднаго ваяводства. Пра такую прапанову актывісты групы заявілі падчас прэс-канферэнцыі на вакзале ў Востраве-Велькапольскім. Дэпутат Ганна Марыя Жукоўска запэўніла, што такое рашэнне аблегчыць жыццё падарожнікам.

- Ці для ўсіх нас не было б прасцей, калі б быў адзін агульны білет для паездак па цэлым ваяводстве. Гэта быў бы праезд на аўтобусе, на цягніках, на трамваі ды ў метро, там дзе яно ёсць – у Варшаве. Адзін білет, які даваў магчымасць карыстацца любым відам транспарту. Тут патрэбная актыўная роля ўраду, каб дапамагчы дамовіцца розных установам, якія кіруюць транспартным рухам, каб спрасціць усім жыццё.

Віцэ-маршалак Сейма ад Левых сіл Уладзімеж Чажасты, які прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, прапанаваў узнавіць чыгуначныя спалучэнні ў кожны павет, і аўтобусныя – у кожную гміну.

Міхал Кабоска з выбарчай кааліцыі кааліцыі «Трэці шлях» абяцаў не павышаць пенсійны ўзрост у Польшчы. Раней іншы кандыдат ад «Трэцяга шляху» Рышард Петру прапанаваў зраўняць пенсійны ўзрост для мужчын і жанчын да 62 гадоў (сёння мужчыны выходзяць на пенсію ў 65, а жанчыны у 60 гадоў). Міхал Кабоска падкрэсліў, што варта стварыць сістэму заахвочванняў да пазнейшага выхаду на пенсію, каб забяспечыць большыя выплаты.

- Калі мы будзем працаваць да ўзросту, якія цяпер дзейнічае, не бачым патрэбы яго мяняць. У сённяшніх умовах пенсіі будуць малець з года на год, калі мы хочам мець прыстойную пенсію, я думаю, трэба ўвесці сістэму заахвочвання, каб людзі працавалі даўжэй.

Якія прапановы пераканаюць палякаў стане вядома 15 кастрычніка. У гэты дзень у Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары ў Сойм і Сенат.

Юры Ліхтаровіч