Беларуская Служба

І кіроўная партыя, і апазіцыя заявілі пра свой поспех на парламенцкіх выбарах у Польшчы

16.10.2023 10:38
Найбольш галасоў атрымала кіроўная партыя, але шанцы сфармаваць урад ёсць таксама ў апазіцыі.
Аўдыё
  • Парламенцкія выбары ў Польшчы
  .
Выбары ў Польшчы.Фота: PAP/Darek Delmanowicz

Пакуль што няма афіцыйных вынікаў галасавання за кандыдатаў у двухпалатны парламент Польшчы – Сейм і Сенат. Дакладныя вынікі выбараў будуць вядомыя, хутчэй за ўсё, у аўторак каля поўдня, але ёсць вынікі так званага «late poll» – гэта рэзультаты даследавання, якія дазваляюць прагназаваць выбары на аснове частковых дадзеных, сабраных з выпадкова абраных выбарчых участкаў. Часцей за ўсё яны дазваляюць даволі дакладна прагназаваць вынікі.

І так, паводле дадзеных «late poll», на выбарах перамагла кіроўная партыя «Права і справядлівасць» з вынікам 36,6%. На другім месцы «Грамадзянская кааліцыя» – 31%. «Трэці шлях» атрымаў 13,5%, «Левыя» – 8,6%, а «Канфедэрацыя» – 6,4%. Выбарчая яўка склала каля 72%. Гэта рэкордна высокі рэзультат.

Такім чынам, паводле гэтых вынікаў, «ПіС» атрымаў бы 198 мандатаў у Сейме, «Грамадзянская кааліцыя» – 161 месца, «Трэці шлях» – 57, «Левыя» – 30 мандатаў і «Канфедэрацыя» – 14 месцаў. Агулам у ніжэйшай палаце парламенту засядае 460 дэпутатаў. Ёсць рэальныя шанцы, што апазіцыйныя групоўкі (Грамадзянская кааліцыя, Трэці шлях і Левыя) могуць дамовіцца і сфармаваць урад.

Праўда, у панядзелак раніцай было паведамленне пра падлік прыкладна адной траціны галасоў, і вынікі крыху адрозніваюцца ў той ці іншы бок, але не ўплываюць радыкальна на расклад сілаў у парламенце новага склікання.

У выбарчы вечар абедзве галоўныя палітычныя сілы ў Польшчы казалі пра свой поспех. Старшыня «Права і справядлівасці» Яраслаў Качыньскі нагадаў, што яго партыя перамагае ўжо чарговы раз.

- Ёсць ужо першыя вынікі выбараў, яны даюць нам чацвёртую перамогу ў гісторыі нашай партыі. І гэта сапраўды вялікі поспех. Вялікі поспех нашай групоўкі і нашага праекту развіцця Польшчы. Перад намі, канешне, стаіць яшчэ пытанне, ці гэты поспех удасца змяніць у чарговы тэрмін паўнамоцтваў нашай улады. Незалежна ад таго, ці мы будзем ва ўладзе, ці ў апазіцыі, гэты праект мы будзем розным спосабам ажыццяўляць.

У сваю чаргу, лідар галоўнай апазіцыйнай сілы Польшчы «Грамадзянская кааліцыя» Дональд Туск заявіў пасля аб’яўлення вынікаў выбараў, што ён – самы шчаслівы чалавек на Зямлі і падзякаваў усім сваім прыхільнікам.

- Былі нас мільёны – на вуліцах, на сустрэчах, і сёння каля выбарчых урнаў. Усім нашым выбарцам – вялікі дзякуй. Вы далі цудоўную рэч сабе, Польшчы, сваім сем’ям. Гэта адзін з самых выдатных дзён польскай дэмакратыі. У мяне няма ніякіх сумненняў, што гэты дзень увойдзе ў польскую гісторыю ў якасці светлага дня, які адкрывае новую эпоху – адраджэнне нашай Рэчы Паспалітай.

Паколькі ніводная партыя не атрымала рашучай перамогі, каб магчы самастойна сфармаваць урад, бліжэйшыя чатыры гады кіраваць краінай можа як папярэдняя партыя, так і апазіцыя. Як правіла, на першым этапе місію фармавання ўраду атрымлівае тая партыя, якая набрала найбольшую колькасць галасоў.

Малгажата Папроцка з Канцылярыі прэзідэнта заявіла, што прэзідэнт Анджэй Дуда чакае афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў. У эфіры «Польскага радыё 24» яна адзначыла, што толькі пасля гэтага будуць прымацца рашэнні аб прызначэнні ўраду.

Міністр Малгажата Папроцка звярнула ўвагу на тое, што Канстытуцыя прадугледжвае тры этапы фармавання ўраду.

- Першы крок – калі прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра і даручае яму місію фармавання ўраду. У канстытуцыі няма прамой гаворкі пра тое, што гэта павінен быць лідар або іншая асоба з той партыі, якая перамагла на выбарах. Аднак трэба сказаць, што менавіта такая была практыка шматлікіх выбараў у гісторыі Польшчы. І таму спадар прэзідэнт мяркуе, што трэба лічыцца з голасам грамадства – калі партыя перамагла на выбарах, яна павінна атрымаць у першую чаргу шанец сфармаваць урад.

Калі гэтая спроба панясе паразу, ініцыятыву бярэ на сябе Сейм. Калі і дэпутатам не ўдасца сфармаваць урад, паколькі дзеля гэтага патрэбная большасць, ініцыятыва вяртаецца да прэзідэнта. Калі праваліцца і трэцяя спроба стварэння ўраду, прэзідэнт павінен скараціць тэрмін паўнамоцтваў парламенту і распісаць новыя выбары.

Якім чынам выбары могуць паўплываць на стаўленне Польшчы да беларусаў, як у Беларусі, так і за межамі, у тым ліку ў Польшчы? У выпадку status quo, шмат не зменіцца, паколькі адносіны «Права і справядлівасці» да рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна адназначна цвёрда негатыўныя. Беларуская ды расійская прапаганда чамусьці сцвярджаюць, што, калі ў дзяржаве зменіцца ўлада, і ўрад сфармуе апазіцыя, гэта можа станоўча паўплываць на адносіны з Беларуссю і Расіяй, а нават прывесці да частковага зняцця санкцый. На самой справе гэта не так. У Польшчы, нягледзячы на вялікія рознагалоссі паміж кіроўнай партыяй ды апазіцыяй, існуе кансэнсус амаль усіх палітычных сілаў, можа, акрамя радыкальна правай «Канфедэрацыі», лідарам якой здаралася цёпла казаць пра Расію і Беларусь ды негатыўна пра Украіну. Іншыя партыі згодныя, што ў інтарэсе польскай дзяржавы – выключна дэмакратычная і вольная Беларусь. Як кіроўная «Права і справядлівасць», так і апазіцыя, падтрымліваюць дэмакратычныя беларускія сілы, і нават змена кіроўнай сілы тут нічога не зменіць.

IAR/нг