Беларуская Служба

Ізраільска-палестынскі канфлікт уплывае на бяспеку ў Еўропе

19.10.2023 12:01
У той жа час Ізраіль і ХАМАС абвінавачваюць адзін аднога ў бамбардзіроўцы поўнага пацыентаў шпіталя ў паўночнай частцы сектара Газа.
Аўдыё
  • Ізраільска-палестынскі канфлікт уплывае на бяспеку ў Еўропе
Удар Ізраілю па сектары ГазаPAP/EPA/MARTIN DIVISEK

У сектары Газа экстрэмісты ХАМАС утрымліваюць як мінімум 203 закладнікі: ізраільскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў. Кіраўніцтва ізраільскай арміі заяўляе, што з пачатку вайны з палестынскім ХАМАС загінулі як мінімум 306 ізраільскіх салдат. Астатнія загінулыя былі мірнымі жыхарамі.

Раней паведамлялася, што агульная колькасць загінулых ва ўзброеным канфлікце, які працягваецца з 7 кастрычніка, складае не менш за 1400 ізраільцян і 3500 палестынцаў. З ізраільскага боку пацярпелі каля 4630 чалавек, з палестынскага – каля 12 тысяч.

Ужо некалькі дзён як сектар Газа адрэзаны ад паставак вады, ежы і электраэнергіі, а доступ да вады мае толькі 14% жыхароў. Большасць палестынцаў качуе на поўдні краіны, на мяжы з Егіптам. Мірныя жыхары ўцяклі туды пасля заклікаў Ізраілю пакінуць поўнач і цэнтр Газы.

Егіпет дазволіў адкрыць мяжу з Газай для гуманітарнай дапамогі. Пра гэта заявіў амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн падчас вяртання з Ізраіля ў Вашынгтон. Байдэн размаўляў з прэзідэнтам Егіпта Абдэлем Фатахам ас-Сісі і паведаміў журналістам, што егіпецкі лідар нарэшце дазволіў адчыніць мяжу для канвояў гуманітарнай дапамогі. Аднак невядома, калі яна будзе дастаўленая да больш як мільёна палестынцаў.

У той жа час Ізраіль і ХАМАС абвінавачваюць адзін аднога ў бамбардзіроўцы поўнага пацыентаў шпіталя ў паўночнай частцы сектара Газа. У аўторак вечарам як мінімум адна ракета ўпала на шпіталь Аль-Ахлі, выклікаўшы выбух, а затым і пажар у будынку. Паводле звестак палестынскага боку, загінуў не менш за 471 чалавек.

Адразу пасля трагедыі ХАМАС абвінаваціў Ізраіль у бамбаванні шпіталю і таму ў здзяйсненні ваеннага злачынства. У сваю чаргу ізраільскае войска заявіла, што мае доказы таго, што палестынскія байцы самі бамбілі сваіх мірных жыхароў.

Амбасадар Ізраілю ў Варшаве Якаў Ліўнэ заявіў, што ў арміі ўжо ёсць доказы таго, што ракету выпусціў Ісламскі Джыхад, то бок фанатыкі, якія супрацоўнічаюць з ХАМАС. Ракета павінна была паразіць цэль у Ізраілі, але не даляцела да месца прызначэння.

-Ісламскі джыхад выпусціў ракету з могілак, размешчаных побач са шпіталем. Ракета паднялася, але замест таго, каб накіравацца ў бок Ізраілю, як планавалася, яна ўпала, і ракетнае паліва выклікала моцны выбух, – гаварыў амбасадар.

Ізраільскую версію пацвердзіў і амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн падчас аднадзённага візіту ў Ізраіль. Савет нацыянальнай бяспекі ЗША таксама паведаміў, што, паводле наяўнай у ЗША інфармацыі, Ізраіль не нясе адказнасці за выбух у бальніцы.

Неўзабаве пасля трагедыі на Заходнім беразе і ў іншых арабскіх гарадах рэгіёну ўспыхнулі антыізраільскія дэманстрацыі. Улады Палестынскай аўтаноміі ўвялі ў краіне нацыянальную жалобу.

Прэм'ер-міністр Ізраілю Біньямін Нетаньяху абвінаваціў ХАМАС у «падвойным злачынстве» супраць мірнага насельніцтва ў сектары Газа. Ізраільскі лідар, які сустракаўся ў Тэль-Авіве з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, запэўніў суразмоўцу, што ўлады ў Ерусаліме спрабуюць пазбегнуць страт сярод палестынцаў.

Біньямін Нетаньяху сцвярджаў, што ў той час як Ізраіль імкнецца звесці да мінімуму ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва, ХАМАС хоча іх як мага больш:

-Кожны дзень яны здзяйсняюць падвойнае ваеннае злачынства – яны нападаюць на нашых мірных жыхароў, хаваючыся за сваімі, зліваюцца з мірным насельніцтвам і выкарыстоўваюць яго ў якасці жывога шчыта. Мы бачым кошт гэтага жудаснага падвойнага ваеннага злачынства, злачынства супраць чалавечнасці, здзейсненага ХАМАС за апошнія 11 дзён. Калі Ізраіль законна нацэльваецца на тэрарыстаў, на жаль, церпіць мірнае насельніцтва.

Сітуацыя на Блізкім Усходзе па-ранейшаму вельмі напружаная. Усё сведчыць аб тым, што Ізраіль рыхтуецца да сухапутнай аперацыі ў сектары Газа. Прафесар Даніэль Бацькоўскі з Беластоцкага ўніверсітэту звяртае ўвагу, што ХАМАС гадамі рыхтаваўся да гэтай канфрантацыі і лічыў менавіта не толькі на авіяцыйныя бамбардзіроўкі, але і на сухапутны адказ:

-У гэтым выпадку, з аднаго боку, можна будзе памножыць колькасць ахвяр сярод войска, а з другога боку – мірных жыхароў. Мірнае насельніцтва для ХАМАС з’яўляецца прыладай, якая дапаможа ўскалыхнуць міжнароднай супольнасцю і вярнуць на павестку дня палестынскую справу. ХАМАС хацеў бы сухапутнага супрацьстаяння ў зоне Газа на сваіх умовах. Гэта таксама спроба прымусіць усе арабскія краіны акрэсліцца, бо арабскі свет мае прапалестынскія погляды. Аднак, ці і калі ізраільская армія ўдарыць, мы не ведаем.

Ізраільска-палестынскі канфлікт уплывае на бяспеку ў Еўропе і Амерыцы. Службы кажуць пра рызыку здзяйснення антысеміцкіх акцый.

Найвышэйшая антытэрарыстычная трывога ўведзена ў Францыі. У мінулыя выходныя паліцыя эвакуявала Луўр, Версальскі палац і Ліёнскі вакзал у Парыжы, адбылася эвакуацыя аэрапортаў. Усё стала наступствамі забойства чачэнцам з расійскім грамадзянствам настаўніка. Злачынства расцэнена як акт ісламісцкага тэрарызму.

Кіраўнік французскага МУС сцвярджае, што паміж нападам у Арасе і сітуацыяй на Блізкім Усходзе «несумненна» існуе сувязь. Улады Францыі перасцерагаюць ад далейшых нападаў джыхадыстаў.

Амерыканскія службы таксама знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасці. У мінулыя выходныя ўсю Амерыку шакавалі паведамленні з Ілінойса, дзе пажылы мужчына жорстка забіў шасцігадовага хлопчыка – палестынскага паходжання.

У еўрапейскіх краінах адбываюцца акцыі ў падтрымку Палестыны і сутычкі на гэтым фоне. Сёння праходзіць сустрэча краін ЕС па пытаннях бяспекі пасля тэрактаў у Бельгіі, Францыі і вайны на Блізкім Усходзе. Гэтае пытанне абмяркоўваюць у Люксембургу міністры ўнутраных спраў 27 краін. З некаторых сталіц ЕС гучаць заклікі ўзмацніць ахову знешніх межаў і зрабіць больш жорсткімі правілы вяртання нелегальных мігрантаў у краіны іх паходжання.

ав

слухайце аўдыё