Беларуская Служба

Эксперт з Польскага інстытута міжнародных спраў: Расія можа мець вялікую праблему на Каўказе

06.11.2023 11:45
Пра гэта, паводле Анны Марыі Дынэр, сведчыць антыізраільская атака на аэрапорт у Дагестане.
    .
Антыізраільскія беспарадкі ў аэрапорце Махачкалы.Фото: Х (б.Twitter)/PAP

Антыізраільскі напад на аэрапорт у Дагестане з'яўляецца папераджальным сігналам як для Крамля, так і для знешняга свету, лічыць Анна Марыя Дынэр з Польскага інстытута міжнародных спраў. «Гэта вяршыня айсбергу», – канстатуе экспертка ў размове з агенцтвам PAP.

Нагадваем, у нядзелю, 29 кастрычніка, каля тысячы чалавек уварваліся ў аэрапорт у Дагестане, у пошуках «уцекачоў з Ізраіля», якія, паводле ранейшых паведамленняў у сацсетках, планавалі прызямліцца ў краіне. Удзельнікі беспарадкаў выкрыквалі прапалестынскія лозунгі, абшуквалі аэрапорт і самалёт на ўзлётнай паласе, правяралі пашпарты пасажыраў. У выніку былі параненыя каля 20 чалавек, затрыманыя больш за 80.

«Сітуацыя на Блізкім Усходзе – гэта выключна апраўданне, а не падстава для масавых інцыдэнтаў. Дагестан – гэта рэгіён, які, як і іншыя на расійскім Паўночным Каўказе, знаходзіцца ў цяжкай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Пры гэтым мясцовыя праваахоўныя структуры вядомыя жорсткасцю. Гэта робіць любы палітычны ці сацыяльны пратэст практычна немагчымым. Гэта было бачна летась, калі ў Дагестане, адзіным месцы ў Расіі, ненадоўга ўспыхнулі пратэсты супраць мабілізацыі на вайну з Украінай», – нагадвае экспертка.

«Другая справа – гэта пагроза прагрэсу рэлігійнай радыкалізацыі ў рэгіёне. Гэта нядобра як з пункту гледжання Расіі, так і з пункту гледжання знешняга свету. У спалучэнні са складанай сацыяльнай сітуацыяй, пастаяннай антызаходняй прапагандай і ваеннай рыторыкай – гэта стварае патэнцыйна небяспечную сумесь», – лічыць Анна Марыя Дынэр.

Паводле яе, як рэакцыя праваахоўных органаў на месцах, так і наступная рэакцыя з боку Масквы паказалі бездапаможнасць уладаў. «Яшчэ адзін элемент – гэта радыкалізацыя настрояў у Расіі на фоне агрэсіі супраць Украіны», – кажа экспертка Польскага інстытута міжнародных спраў.

PAP/аз