Беларуская Служба

Амерыканцы занепакоеныя адсутнасцю стратэгіі выхаду вайскоўцаў з сектара Газа

08.11.2023 15:00
Ізраіль пакідае думкі пра будучыню на потым. Стратэгіі выхаду вайскоўцаў з сектара Газа няма. Амерыканцы занепакоеныя яе адсутнасцю.
Выбух пасля авіяўдару па паўночнай частцы сектара Газа PAP/EPA/ATEF SAFADI

Ізраільскія войскі прасоўваюцца ў глыб сектара Газа і сцвярджаюць, што пасля тыднёвых наземных баёў яны цалкам акружылі галоўны горад сектара, фактычна падзяліўшы яго на дзве часткі. «Сёння ў нас ёсць паўночная і паўднёвая Газа», – сказаў прэс-сакратар Узброеных сіл Ізраілю Даніэль Хагары, назваўшы гэта «значным прагрэсам» у вайне супраць ХАМАС.

Хагары сцвярджае, што войска засяроджана на знішчэнні тунэляў ХАМАС усюды, дзе ў іх ёсць уваходы. Некаторыя з іх размешчаны побач з грамадзянскімі будынкамі, такімі як бальніцы і школы. Надалей працягваюцца атакі з паветра. У нядзелю ізраільскія самалёты нанеслі ўдары па двух лагерах бежанцаў у цэнтры Газа, у выніку чаго загінулі па меншай меры 53 чалавекі, паведамляе мясцовае Міністэрства аховы здароўя. На пачатку тыдня анклаў зноў быў адключаны ад электрычнасці.

«Мы страцілі кантакт з большасцю членаў Агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам на Блізкім Усходзе», – сказала прэс-сакратар установы Жульет Тума.

У такіх умовах паўстае пытанне пра будучыню анклава пасля заканчэння баявых дзеянняў. Ізраільскае «Ha-Areс» піша, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна «занепакоеная і расчараваная» адсутнасцю стратэгіі выхаду Ізраілю з сектара Газа.

Дзяржсакратар Энтані Блінкен павінен быў абмеркаваць гэтае пытанне з прэм'ер-міністрам Біньямінам Нетаньяху і членамі ўрада нацыянальнага адзінства падчас паездкі на Блізкі Усход у мінулыя выхадныя. «У яго склалася ўражанне, што гэтае пытанне ва ўрадзе Ізраілю дагэтуль не абмяркоўвалася», – цытуе штодзённік свае амерыканскія крыніцы. Нетаньяху заявіў у панядзелак у інтэрвʼю ABC News, што пасля вайны яго краіна возьме на сябе «агульную адказнасць за бяспеку» сектара Газа на нявызначаны перыяд, але ён не паведаміў ніякіх падрабязнасцяў.

ав/DGP

ХАМАС прыпыніў эвакуацыю замежнікаў і грамадзян з падвойным грамадзянствам у Егіпет

05.11.2023 16:01
Такое рашэнне было прынята пасля таго, як Ізраіль адмовіўся дазволіць параненым палестынцам адправіцца ў егіпецкія бальніцы.