Беларуская Служба

«Праз бескантрольную міграцыю мы імпартавалі антысемітызм». У Германіі асцерагаюцца габрэйскіх пагромаў у гадавіну «Крыштальнай ночы»

08.11.2023 15:59
У Германіі праходзяць масавыя вулічныя акцыі ў падтрымку Палестыны, але выглядае гэта як дэманстрацыя сілы мусульманскага насельніцтва краіны. Палітыкі заяўляюць, што неабходна радыкальна змяняць міграцыйную дзяржаўную палітыку.
Аўдыё
  • «Праз бескантрольную міграцыю мы імпартавалі антысемітызм». У Германіі асцерагаюцца габрэйскіх пагромаў у гадавіну «Крыштальнай ночы»
Nielegalna propalestyńska demonstracja w Berlinie, ok. 100 osób zatrzymanych. Archiwalne zdjęcie
Nielegalna propalestyńska demonstracja w Berlinie, ok. 100 osób zatrzymanych. Archiwalne zdjęciePAP/EPA/FILIP SINGER

9 лістапада 1938 г. У Германіі адбылася «Крыштальная ноч» скаардынаваных нападаў прыхільнікаў нацысцкіх ідэй на габрэйскае насельніцтва краіны. У нечым падобныя падзеі адбываюцца ў апошнія дні, але цяпер агрэсіўную пазіцыю праяўляюць у асноўным мусульманскія мігранты.

Кіраўнік МУС Германіі Нэнсі Фэйзэр (Nancy Faeser) адзначыла, што яе міністэрства прыкладае ўсе намаганні, каб габрэі ў Нямеччыне адчувалі сябе ў бяспецы.

«Мы павінны даць ім поўную ўпэўненасць, што 2023 год – гэта не 1938 год», – сказала яна штодзённай газеце Handelsblatt. Кіраўнік міністэрства не выключае, што ў чацвер у нямецкіх гарадах могуць адбыцца стыхійныя антыізраільскія дэманстрацыі. Пасля кастрычніцкай атакі ХАМАС на Ізраіль прадстаўнікі габрэйскіх суполак Нямеччыны не хавалі асцярогі, што праз 85 гадоў пасля Крыштальнай ночы сінагогі ў Берліне «зноў будуць гарэць». У 1938 годзе Ёахім Гебельс заклікаў немцаў «узяць справядлівасць у свае рукі». Гэта стала падставай для пачатку антыгабрэйскай акцыі, інспіраванай і легітыміраванай партыйнымі і дзяржаўнымі ўладамі. Адбываліся масавыя падпалы сінагог і знішчэнне маёмасці габрэяў. 

У Германіі цяпер назіраецца эскалацыя антысемітызму і радыкальнага ісламізму. «І гэта запалохванне працуе: многія габрэі больш не адчуваюць сябе ў бяспецы ў Нямеччыне», – піша выданне «Bild».

Напрыклад, у Берліне прапалестынская група выказвала нянавісць да габрэяў, зладзіўшы пікет перад кавярняю Starbucks (заснавальнік якой габрэй). Людзі плявалі ў вітрыну, выкрыквалі лозунгі нянавісці, у тым ліку фразу «shame on you» – ганьба табе.

 

 

«Зоркі Давіда і антысеміцкія лозунгі зноў малююць на жылых дамах, і гэта нагадвае нам пра самыя змрочныя часы ў гісторыі Германіі», – піша «Bild». У сувязі з гэтымі падзеямі выданне запытаўся ў канцлера Олафа Шольца (СДПГ) аб канкрэтных кроках, каб спыніць праявы радыкальнага ісламізму і антысемітызму на нямецкіх вуліцах.

«Прэс-сакратар урада адказала ад імя Шольца. Ёй не было чаго сказаць, акрамя пустых банальнасцяў, якія мы чуем некаторы час», – піша выданне.

У Эсэне, напрыклад, гучалі адкрытыя заклікі да стварэння халіфата ў Германіі, папярэджвае «Bild».

Паводле звестак паліцыі, цягам апошняга тыдня шматлікі вулічныя акцыі прайшлі ў розных гарадах Германіі: у Берліне ўдзельнічала амаль 9 тысяч чалавек, у Дзюсельдорфе сабралася 17-тысячная дэманстрацыя, тры тысячы чалавек выйшлі на вуліцы Эсэна.

На думку дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Марціна Геса, дэманстрацыі з'яўляюцца «вынікам доўгай серыі дрэнных рашэнняў урада ў дачыненні да міграцыйнай палітыкі». «Той факт, што экстрэмісты абвяшчаюць халіфат на нашых вуліцах і дэманструюць адкрытую нянавісць да габрэяў, павінен мець наступствы. Цяпер нам патрэбна не толькі паслядоўная, але перш за ўсё хуткая рэакцыя канстытуцыйных органаў. Адно можна сказаць напэўна: мы больш не можам дазволіць сабе быць наіўнымі ў міграцыйнай палітыцы», – заключыў парламенцкі кіраўнік фракцыі Саюз ХДС/ХСС Торстэн Фрэй (ХДС).

Старшыня Саюза паліцэйскіх Германіі Райнер Вендт агучыў план, які, на яго думку, дасць магчымасць справіцца з ісламісцкай пагрозай у краіне. «Кожны дзень у Нямеччыну незаконна прыязджае ўсё больш людзей, якія прапагандуюць гвалт у дачыненні да габрэяў і прытрымліваюцца радыкальных ісламісцкіх поглядаў. Цяпер паліцыя павінна выправіць гіганцкія палітычныя правалы», – кажа Вендт.

Вось асноўныя пункты яго плана:

  • Поўнае спыненне фінансавання арганізацый ісламісцкага кшталту
  • Прыхільнасць да базавага свабоднага дэмакратычнага парадку павінна стаць падставай для атрымання дазволу на тую ці іншую дзейнасць
  • Наданне паліцыі прэвентыўных шырокіх паўнамоцтваў па выяўленні радыкальных ісламістаў
  • Абмежаванне выдачы нямецкага грамадзянства, адмена запланаванага спрашчэння натуралізацыі
  • Прадастаўленне федэральнай паліцыі паўнамоцтваў па неадкладнай дэпартацыі радыкальных ісламістаў
  • Новая палітыка жыллёвага будаўніцтва ў праблемных рэгіёнах, якая прадухіліць зʼяўленне «паралельных супольнасцяў»

Намеснік кіраўніка парламенцкай групы ЕС Енс Шпан (Jens Spahn) (ХДС) мяркуе, што цяперашнія праблемы справакаваныя бескантрольнай міграцыяй, а таксама няправільным падыходам да рэлігійнай палітыкі.

«Не можа так быць, што большасць мячэцяў па-ранейшаму фінансуюцца з-за мяжы, а імамы зʼяўляюцца супрацоўнікамі турэцкай дзяржавы. Нам патрэбны нямецкія абшчыны мячэцяў, а не турэцкія», – заявіў палітык ХДС у інтэрвʼю медыягрупе Funke.

Шпан таксама звярнуўся да міністра ўнутраных спраў з просьбай спыніць выдачу віз замежным імамам. «На жаль, такое развіццё падзей не павінна быць нечаканасцю. Праз бескантрольную міграцыю мы імпартавалі антысемітызм у вялікіх маштабах», – падкрэсліў ён.

«Нам таксама трэба нешта рабіць з культурным уплывам. Калі мы не зможам пераканаць як мага больш дзяцей і моладзі прыняць нашы заходнія, асветніцкія каштоўнасці, я не хачу ведаць, якой будзе гэтая краіна праз 10-20 гадоў», – дадаў палітык.

Калі мы не зможам пераканаць як мага больш дзяцей і моладзі прыняць нашы заходнія, асветніцкія каштоўнасці, я не хачу ведаць, якой будзе гэтая краіна праз 10-20 гадоў

Герман Бінкер, кіраўнік інстытута даследавання грамадскай думкі INSA кажа, што «відавочная большасць грамадзян Германіі падтрымлівае правядзенне больш жорсткай міграцыйнай палітыкі».

Згодна з вынікамі апытання, відавочная большасць (63%) жадае больш паслядоўнай практыкі дэпартацыі, 32% падтрымліваюць нават дэпартацыю назад у крызісныя зоны. 49% рэспандэнтаў таксама выступаюць за ўзмацненне памежнага кантролю на ўсіх знешніх межах Нямеччыны і 47% – увядзення верхняй колькаснай мяжы для просьбітаў прытулку. 50% апытаных пры гэтым выступаюць за паскарэнне працэдуры давання прытулку.

30 працэнтаў рэспандэнтаў падтрымліваюць ідэю стварэння цэнтраў па прадастаўленні прытулку ў Афрыцы. Перавага такога падыходу ў тым, што працэдуры будуць праходзіць за межамі ЕС, а асобы, якія атрымалі адмову ў прадастаўленні прытулку, не змогуць уехаць у краіну і застацца на нелегальных падставах.

IAR/PAP/Bild/ вх