Беларуская Служба

Ізраільскі амбасадар у Варшаве ў вострых словах крытыкуе Польшчу

10.11.2023 16:12
Якаў Ліўнэ даў інтэрв'ю парталу Onet.
Амбасадар Ізраілю ў Польшчы Якаў Ліўнэ pl.wikipedia.org

Мы не можам дапусціць, каб распаўсюджвалася непраўдзівая інфармацыя, на жаль, і ў Польшчы, і, на жаль, таксама некаторымі дзяржаўнымі коламі. Мы не можам пагадзіцца з тым, што людзі ігнаруюць пазіцыю дэмакратычнай краіны і яе спецслужбаў і аддаюць перавагу верыць джыхадыстам, якія ўсяго тыднем таму адсякалі галовы немаўлятам, калечылі і гвалтавалі жанчын, – кажа ў інтэрвʼю Onet амбасадар Ізраілю ў Польшчы Якаў Ліўнэ.

Ізраільскі дыпламат раскрытыкаваў маніфестацыі салідарнасці з палестынцамі ў Варшаве і адсутнасць рашучых дзеянняў супраць іх з боку польскіх уладаў.

- Мы бачым на вуліцах Варшавы і іншых гарадоў дэманстрантаў, якія адкрыта падтрымліваюць джыхадызм ХАМАС (...) Калі нехта выкрыквае лозунгі кшталту «Палестына будзе свабоднай ад ракі да мора», гэта азначае не што іншае, як смерць усім габрэям у дзяржаве Ізраіль і ўчыненне другога Галакосту. (...) Гэта нічым не адрозніваецца ад таго, што мы бачылі ў 1930-я гады на вуліцах нацысцкай Германіі.

Першае, чаго амбасадар Ізраілю ў Польшчы Якаў Ліўнэ будзе чакаць ад новага ўраду «гэта вылучэнне польскага амбасадара і ягоны прыезд у Ізраіль».

- Тое, што Польшча не мае амбасадара ў Ізраілі, не спрыяе нашым адносінам і не дапамагае Польшчы даносіць мэсідж і нават клапаціцца пра сваіх грамадзянаў, як гэта адбываецца і сёння. Акрамя таго, нам трэба ўмацоўваць палітычны дыялог.

Якаў Ліўнэ расчараваны, што польскія палітыкі не наведваюць Ізраіля.

- У апошнія месяцы Польшчу наведаў шэраг ізраільскіх міністраў, нават ізраільскі прэзідэнт. На жаль, такі візіт у Ізраіль не адбыўся, хаця шанцаў на гэта было шмат. У мінулым месяцы, пасля падзеяў 7 кастрычніка, Ізраіль наведалі дзясяткі сусветных лідараў, у тым ліку шмат еўрапейцаў. Мы мяркуем, што большыя палітычныя кантакты і больш цесны палітычны дыялог, хутчэй за ўсё, дазволяць адказным лідарам зразумець, што насамрэч пастаўлена на карту і супраць чаго мы змагаемся. Я не ўпэўнены, што сёння, калі мы размаўляем, ёсць поўнае разуменне сур’ёзнасці сітуацыі, – кажа амбасадар Ізраілю ў Польшчы Якаў Ліўнэ ў інтэрвʼю парталу Onet.

яс