Выданне Rzeczpospolita піша пра пачатак працы новага парламенту. Дзясяткі гасцей, сотні журналістаў, атмасфера перамен. Дональда Туска віталі апладысментамі палітыкі яго групоўкі Грамадзянская кааліцыя ў натоўпе журналістаў і фотакарэспандэнтаў. Палітыкаў “Права і справядлівасці” амаль не было відаць.
Праўда, партыя «ПіС» яшчэ не змірылася з паразай. Яна вылучыла былога спікера Сейму Эльжбету Вітэк на пасаду віцэ-старшыні палаты. У ходзе галасавання дэпутаты адхілілі гэтую кандыдатуру.
Яшчэ да галасавання, у выніку якога Шыман Галоўня стаў спікерам Сейму, левыя сілы прадставілі першыя законапраекты. Яны тычацца абортаў: адзін рэалізуе патрабаванне левых аб даступнасці аборту да 12-га тыдня, другі – здымае крымінальную адказнасць з асоб, якія садзейнічаюць у яго правядзенні.
Аб перадвыбарчых абяцаннях апазіцыі ў сваім выступе таксама казаў прэзідэнт Анджэй Дуда. І папярэдзіў, што ягонае вета не можа быць апраўданнем невыканання сённяшняй апазіцыяй сваіх перадвыбарчых абяцанняў. Апазіцыя ўспрыняла гэтае папярэджанне смехам.
Як толькі прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі падаў у адстаўку з пасады старшыні ўраду, што адбылося ў панядзелак, згодна працэдурам, пачынаецца адлік часу, устаноўленага ў так званым першым канстытуцыйным кроку. Пры адсутнасці большасці ва ўраду ПіС – партыя атрымала толькі 194 галасы падчас галасавання за спікера – місія фармавання ўраду, даручаная прэмʼер-міністру Матэвушу Маравецкаму, асуджаная на правал. Потым ініцыятыву атрымае Сейм, у якім большасць мандатаў мае ранейшая апазіцыя. І таму зразумела, што менавіта Дональд Туск будзе фармаваць новы ўрад. Кабінет міністраў павінен быць сфармаваны ў снежні.
нг