Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і старшыня КНР Сі Цзіньпін дамовіліся аднавіць сувязь паміж узброенымі сіламі дзвюх краін. Гэта першы крок да нармалізацыі, аднак пакуль яна вельмі кволая, бо шмат супярэчнасцяў паміж гэтымі звышдзяржавамі застаецца.
Перамовы Сі Цзіньпіна і Джозэфа Байдэна доўжыліся чатыры гадзінны ў маёнтку Філолі пад Сан-Францыска, абодва бакі пазітыўна ацанілі іх вынікі. Пакуль не паведамляецца пра падпісанне канкрэтных дакументаў, але абвешчана жаданне знізіць градус напружанасці. Пра што сведчыць аднаўленне кантактаў па лініі ваеннага кіраўніцтва і, увогуле, пераход да шырэйшых кансультацый.
Пра аднаўленні прамой сувязі паміж ваеннымі паведаміў кітайскі дзяржаўны тэлеканал CCTV. «Трымаць лініі сувязі паміж нашымі войскамі адкрытымі - гэта важна, паколькі гэта дазваляе пазбягаць непаразуменняў і памылак, якія могуць прывесці да крызісу або канфлікту», - заявіла з гэтай нагоды прэс-служба Пентагона.
Кітай разарваў ваенныя кантакты з ЗША пасля візіту спікера Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пелосі на Тайвань у сярэдзіне 2022 года. Тады гэты жэст амерыканцаў вельмі абурыў Пекін і заахвоціў яго да таго, каб зладзіць вакол Тайваня маштабныя вучэнні з імітацыяй уварвання на востраў. Цяпер ваенная рыторыка знікла, бакі аднаўляюць кантакты, сказаў Джо Байдэн.
- Мы аднаўляем прамыя кантакты паміж войскамі, якія, як вы ведаеце, былі разарваныя, што павялічвала рызыку няшчасных выпадкаў і непаразуменняў. Мы будзем удзельнічаць у дыпламатыі высокага ўзроўню з Кітайскай Народнай Рэспублікай у абодвух напрамках у бліжэйшыя месяцы, каб захаваць адкрытымі лініі сувязі, у тым ліку паміж прэзідэнтам Сі і мной.
Джо Байдэн таксама заявіў аб супрацоўніцтве ЗША з Кітаем па прадухіленні кантрабанды фентанілу ды інгрэдыентаў для вытворчасці гэтага наркотыку, і па штучным інтэлекце. Паводле прадстаўнікоў амерыканскай адміністрацыі, самым складаным пунктам перамоў было пытанне Тайваню. У заяве пасля сустрэчы Белы дом заявіў, што Джо Байдэн падкрэсліў «жалезную прыхільнасць ЗША абароне саюзнікаў у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне».
У сваю чаргу старшыня Сі запэўніў Байдэна, што Кітай не рыхтуецца да ўварвання на Тайвань і ўпадабаў бы мірнае ўз'яднанне, але агучыў умовы, пры якіх КНР можа прымяніць сілу. Апроч таго, Пекін паведаміў, што Байдэн і Сі дамовіліся стварыць «механізмы дыялогу» аб знешняй палітыцы і бяспецы суднаходства, а таксама павялічыць колькасць авіярэйсаў, колькасць студэнтаў, якія вучацца па абмене ў дзвюх краінах, і пашырыць сувязі ў адукацыі, культуры, спорце і бізнесе, сказаў Сі Цзіньпін на сустрэчы з Джо Байдэнам.
- Планета Зямля дастаткова вялікая, каб дзве краіны маглі дасягнуць поспеху. Адносіны паміж Кітаем і ЗША ніколі не былі гладкімі за апошнія 50 гадоў і больш, і яны заўсёды сутыкаюцца з праблемамі таго ці іншага роду. Аднак мы працягвалі рухацца наперад сярод паваротаў. Для двух вялікіх краін, такіх як Кітай і Злучаныя Штаты, адвярнуцца адна ад другой - не выйсце.
Паводле аналітыкаў ВВС, галоўнае ў адносінах з Вашынгтонам для Сі - гэта прадэманстраваць імідж моцнага дзяржаўнага дзеяча ў вачах уласнага насельніцтва, які моцна пацярпеў пасля нядаўніх адставак міністраў абароны і замежных спраў, і генералаў, якія адказвалі за ядзерны арсенал. Гэта выклікала шмат пытанняў, адносна таго, ці ўсё ў парадку ў вышэйшых эшалонах партыйнай улады ў Кітаі. У дадатак, кітайская эканоміка пачала запавольвацца, значна вырас узровень беспрацоўя сярод моладзі, пачаліся звальненні ў прамысловасці, абвастрыўся жыллёвы крызіс.
У сваю чаргу ў Вашынгтон кажуць пра магчымасць скарыстацца ўзрастаючым уплывам Кітая на Іран, каб спыніць магчымую рэгіянальную вайну на Блізкім Усходзе. Не выключаецца таксама, што ЗША будуць імкнуцца адгаварыць Кітай ад прадстаўленні ваеннай дапамогі Расіі, якая вядзе вайну з Украінай.
Бакі імкнуцца прадэманстраваць сваю адданасць міру ды нармалізацыі адносін, але пералому няма, нармалізацыя вельмі крохкая, зазначае палітолаг Радаслаў Пыфэль з Інстытуту Сабескага ў Варшаве.
- Былі вялікія надзеі, звязаныя з гэтай сустрэчай. За апошнія 12 месяцаў – гэта першая такая асабістая сустрэча. Гаварылася шмат пра нармалізацыю адносін. Маю ўражанне, што гэтая сустрэча не зусім шчырая. Апошнім часам мы бачым, што абедзве гэтыя дзяржавы спаборнічаюць па заявах аб міры, хто больш міратворчы, прывязаны да дыялогу. Удалося вярнуць дыялог паміж вайсковымі, а таксама будзе каардынацыя ў барацьбе з кантрабандай наркотыкаў. На гэтым усё, больш ніякага вялікага пералому не адбылося. Кітай не адмаўляецца ад магчымасці выкарыстоўваць сілу, асабліва ў дачыненні да Тайваня. Агулам ёсць нармалізацыя, але вельмі крохкая, надоўга яна не ўтрымаецца, бо сітуацыя ў свеце вельмі дынамічная.
Кітай не ў стане стаць медыятарам мірнага працэсу, перакананы адмысловец.
- Ці Кітай можа стаць эфектыўным міратворцам? Думаю, што не. Хоць яны і агучвалі свае мірныя ініцыятывы, але Масква іх адрынула, заявіўшы, што не настаў момант на перамір’е. Што тычыцца Блізкага Усходу, тут Кітай заняў больш праарабскую пазіцыю і дамагаецца спынення агню. З гэтым не пагаджаецца Ізраіль, бо бачыць тут магчымасці ўратавання для ХАМАС-у. Мусульманскі свет выступае супраць Ізраіля, а Кітай гэтым не пераймаецца. Нават, калі б тэарэтычна Пекін мог быць пасрэднікам, не бачна жадання з яго боку.
Сітуацыя вельмі складаная і дынамічная ў свеце. Учорашнія размовы лідараў Кітая д ЗША паказалі, што ў кіраўніцтва звышдзяржаў ёсць жаданне да нармалізацыі адносін, але няма ўпэўненасці, што пажаданні будуць рэалізаваныя.
Юры Ліхтаровіч