У сваёй прамове кіраўнік партыі «Польшчa 2025» падзякаваў палякам за рэкордную яўку на парламенцкіх выбарах. Ён анансаваў шэраг зменаў. Сказаў, што першым знакавым змяненнем стаў загад аб зняцці металічных агароджаў вакол будынку парламента, затым пашырэнне прэзідыума Сейма да 6 чалавек і абвясціў аб вяртанні журналістаў у парламенцкія кулуары, піша тыднёвік «Wprost».
Шыман Галоўня звярнуўся да выбаршчыкаў «Права і Справядлівасць».
– Сеймавая большасць прагаласавала за пяць кандыдатаў у віцэ-маршалкі і адхіліла кандыдата «Права і Справядлівасці». Хачу запэўніць выбаршчыкаў «Права і справядлівасці», што месца ў прэзідыуме Сейму будзе чакаць прадстаўніка вашай партыі столькі, колькі спатрэбіцца. Пакуль ПіС не вылучыць кандыдатуру дэпутата, які атрымае станоўчую ацэнку яго працы большасці парламентарыяў, - патлумачыў Шыман Галоўня.
Далей у прамове маршалак Сейма адзначыў, што «палякі не пазбегнуць спрэчак у палітыцы».
– Спрэчка – гэта частка жыцця кожнага чалавека і сутнасць палітыкі. Мая мэта простая: я хачу, каб якасць дэбатаў і якасць закону, які прымае Сейм, рэзка ўзрасла. І праз два гады вы будзеце глядзець на польскі Сейм як на узор культуры ўзаемадачыненняў. Каб вы не марнавалі нервы на палітыку, каб яна нарэшце пачала даваць нам усім надзею на тое, што ўсё можа быць нармальна, – сказаў новы спікер Сейму.
Як і варта было чакаць, прадстаўнікі «Грамадзянскай кааліцыі», «Левых», «Трэцяга шляху» высока ацанілі выступ Шымона Галоўні, а палітыкі ПіС не шкадавалі слоў крытыкі.
Напрыклад, Ян Масіньскі крытычна ацаніў выступленне. Сказаў, што гэта было нібыта шоў на тэлебачанні (Галоўня раней быў вядучым папулярнай праграмы «Маю талент»- рэд.). Не ведаю, што старшыня Сейму хацеў паведаміць палякам, – пракаментаваў у эфіры дзяржаўнага TVP дэпутат ПіС.
У сваю чаргу Міхал Вуйцік, палітык з «Суверэннай Польшчы», раскрытыкаваў даўжыню прамовы.
– Як мы бачылі, прамова была, бадай, адной з самых кароткіх у гісторыі. Тры хвіліны трыццаць секунд.
Палітыкі ПіС найбольш засяродзілі ўвагу на словах аб выбары намесніка спікера Сейма.
– Фактычна не хапала толькі таго, каб маршалак Галоўня пазначыў, што віцэ-маршалкам ад ПіС будзе той чалавек, які яму спадабаецца, – казаў Міхал Вуйцік.
яс