Пад канец кастрычніка Лукашэнка, не называючы дэталяў, сказаў, што прапанаваў Польшчы «план добрасуседства і міру». Пры чым зазначыў, што гэта прапанова не для старой, а для новай каманды.
«Я не бачу прычын, для якіх варта змяняць стаўленне да Мінска. У нас ёсць дыпламатычныя адносіны, але Лукашэнка далучыўся да вайны супраць Украіны, знішчае польскія могілкі, трымае ў турмах тысячы апазіцыянераў», - сказаў аўтару публікацыі Руслану Шошыну высокапастаўлены польскі палітык.
Суразмоўцы «RZ» не дапускаюць перазагрузкі ў адносінах з цяперашнім Мінскам, як гэта бывала ў мінулым. Польскія палітыкі ацэньваюць зачэпкі Лукашэнкі як яго гульню ў бок Расіі і падкрэсліваюць, што канал зносін, які існуе цяпер, дастатковы, а беларускага дыктатара надалей будуць лічыць агрэсарам, у тым ліку і ў адносінах да Польшчы.
«Лукашэнка можа даваць аплявуху, адначасова ўсміхацца і казаць, што гэта не ён. Я яму ні кроплі не веру. Я ўжо доўгі час падкрэсліваю, што Лукашэнка не зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Польшчай», – кажа «RZ» Лешак Шарэпка, былы польскі амбасадар у Мінску і аўтар некалькіх кніжак пра Беларусь.
«Беларускі дыктатар шукае выхаду з сітуацыі, у якую ён сам уплёўся з вайной ва Украіне і таму падымае такія мяккія дзеянні, бо на іншыя не можа сабе дазволіць», – мяркуе Шарэпка.
Паводле былога амбасадара, Лукашэнка, павінен перад тым, як выступіць з якой-небудзь прапановай для Варшавы, супакоіць сітуацыю на мяжы з мігрантамі і выпусціць з турмаў палітычна рэпрэсаваных, у тым ліку Анджэя Пачобута.
яс