Учора ў Бруселі сустрэліся міністры сельскай гаспадаркі з краінаў Вышаградскай групы, то бок Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі, а таксама гэтак званых прыфрантавых краінаў Цэнтральнай Еўропы. Адной з тэмаў, якія абмяркоўваліся падчас згаданай сустрэчы была далейшая палітыка ўрадаў гэтых краінаў адносна імпарту ўкраінскага збожжа і перспектывы далучэння Украіны да ЕС.
«Мы гаварылі пра збожжа, якое праходзіць праз нашыя краіны. Нашыя рашэнні – польскія, венгерскія, славацкія – адносна ўвядзення аднабаковых забаронаў на імпарт паказваюць, што гэта не ўплывае на транзіт; што ён можа паспяхова ажыццяўляцца», – заявіў пасля сустрэчы кіраўнік польскага Міністэрства сельскай гаспадаркі.
Роберт Тэлюс (Robert Telus) лічыць, што забарона на імпарт была станоўчым рашэннем і, паводле яго, з гэтым, у закулісных перамовах, згаджаецца ўсё больш краінаў ЕС.
Палітык выказаў надзею, што Еўрасаюз зробіць з гэтага высновы і канчаткова створыць на ўзроўні ўсёй супольнасці сістэму, якая загарантуе, што ўкраінскія тавары будуць ішлі туды, куды ішлі да вайны.
Нагадваем, 15 верасня бягучага года Еўракамісія прыняла рашэнне не прадаўжаць абмежаванняў, якія дзейнічалі з траўня бягучага года і датычылі ўвозу пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніку з Украіны.
У той жа дзень Польшча, Славакія і Венгрыя, то бок краіны, якія патрабавалі прадаўжэння згаданых абмежаванняў, увялі забароны ў аднабаковым парадку.
Найбольш рэзка адрэагавалі ўлады Венгрыі, якія пашырылі імпартныя абмежаванні на нявызначаны тэрмін для 25 катэгорыяў тавараў. Польшча пашырыла спіс забароненых украінскіх прадуктаў на пшанічную муку, вотруб'е і жмых, а Славакія ўвяла абмежаванні толькі на прадукты, якія падпадалі пад іх раней і толькі да канца бягучага года.
Нагадваем, краіны, якія патрабавалі прадаўжэння абмежаванняў, аргументавалі, што рост імпарту збожжавых з Украіны прычыняецца да парушэння рынку і стратаў для мясцовых фермераў. Адначасова ўлады згаданых краінаў пастаянна запэўнівалі, што сумневы не адносяцца да транзіту ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі.
Пры нагодзе сустрэчы ў Бруселі абмяркоўвалася яшчэ адная важная тэма, датычная Украіны. Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы нагадаў, што рэальная перспектыва далучэння Украіны да ЕС павінна заахвоціць краіны-члены задумацца над умацаваннем уласных сельскіх гаспадарак, каб у будучыні яны маглі супрацьстаяць канкурэнцыі з боку магутнай украінскай сельскай гаспадаркі.
Высокаякасная глеба, структура вытворчасці і ейныя меншыя кошты, а таксама меншыя патрабаванні адносна якасці прычыняюцца да таго, што ўкраінская сельскагаспадарчая прадукцыя становіцца больш прывабнай для імпарцёраў з ЕС, канстатаваў міністр Роберт Тэлюс(Robert Telus):
- Гэта вялікі выклік, з якім павінна справіцца еўрапейская сельская гаспадарка, перш за ўсё, я маю на ўвазе Польшчу і іншыя прыфрантавыя краіны. Гэта складаная задача. Менавіта таму мы павінны ўжо абмяркоўваць гэтую справу і шукаць такіх рашэнняў, каб далучэнне Украіны да Еўрасаюза не нанесла астатнім членскім краінам ніякай шкоды.
Сельская гаспадарка Украіны заўсёды гуляла вялікую ролю ва ўкраінскай эканоміцы, але ў апошнія гады яна ператварыўся ў адну з найважнейшых галін і адказвае за значную долю ВУП краіны. Таму планаванае далучэнне Украіны да Еўрасаюза ўжо выклікае шматлікія пытанні, асабліва сярод краінаў з меншым патэнцыялам у гэтай галіне.
Адносіны паміж сельскімі гаспадаркамі краінаў-членаў ЕС і ўкраінскай сельскай гаспадаркай будуць прадметам складаных перамоваў адносна далучэння Кіева да Еўрасаюза, прагназуе еўракамісар па пытаннях сельскай гаспадаркі.
Януш Вайцяхоўскі(Janusz Wojciechowski) дадаў, што з пачаткам вайны ва Украіне і адмены мытных барʼераў рынак ЕС стаў найбуйнейшым атрымальнікам украінскіх прадуктаў харчавання і сыравіны. Палітык дадаў, што асабліва моцна гэта адчулі суседзі Украіны:
- Кошт экспарту ў краіны ЕС за гэты час павялічыўся з 7 да 13 мільярдаў еўра. Дадатковая праблема ў тым, што большая частка згаданага экспарту засталася ў пяці бліжэйшых краінах, у тым ліку ў Польшчы – 5 мільярдаў. Трэба не толькі сачыць за гэтым, але часам і рэагаваць. Да вайны асноўным напрамкам экспарту ўкраінскіх тавараў былі рынкі Азіі і Афрыкі. На дадзены момант найбольш ідзе ў Еўропу. Перамовы па сельскагаспадарчых пытаннях будуць складаныя і мы гэта бачым ужо цяпер.
У той жа час Януш Вайцяхоўскі падкрэсліў важную ролю калідораў салідарнасці, па якіх украінскія тавары транспартуюцца ў глыб Еўрасаюза або ў марскія парты. Ён падлічыў, што да верасня такім шляхам з Украіны было вывезена 44 мільёны 400 тысяч тон збожжа:
- Штомесячная патрэба Украіны ў экспарце складае каля 4,7 мільёна тон – гэта датычыцца ўсіх збожжавых. Рэкордная прапускная здольнасць калідораў склала 4 мільёны тон. Гэта паказвае, што экспарт украінскіх тавараў магчымы, аднак ён патрабуе павышэння эфектыўнасці на розных кірунках гэтага хуткага транзіту.
Еўракамісар па сельскай гаспадарцы заявіў, што не ведае, калі можа адбыцца наступнае паседжанне каардынацыйнай платформы, то бок групы Еўракамісіі, якая займаецца пытаннем змякчэння ўплыву ўкраінскага імпарту збожжа на рынкі суседніх краінаў.
Аналітыкі Цэнтра ўсходніх даследаванняў нагадваюць, што да пачатку вайны экспарт гэтай украінскай прадукцыі ў суседнія краіны ЕС меў непараўнальна меншае значэнне, але з сакавіка 2022 года стаў дынамічна расці, стаўшы альтэрнатывай пастаўкам марскім шляхам.
Сітуацыя з украінскім экспартам дадаткова пагоршылася з сярэдзіны ліпеня ў выніку выхаду Расіі з пагаднення аб збожжавым калідоры, дзякуючы якому з чарнаморскіх партоў Украіна экспартавала нават больш за палову прадуктаў харчавання.
IAR /аз