У спісе найважнейшых людзей Еўропы будучы польскі прэм'ер апярэдзіў прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і прэмʼер-міністра Італіі Джорджыю Мелоні. «Ён паказаў, што нават ва ўмовах зламанай дэмакратыі можна перамагчы папулістаў», – тлумачыць рэдакцыя Politico.
Еўрапейскае выданне Politico штогод публікуе рэйтынг персаналій. Ключавым у сёлетнім выпуску зʼяўляецца тэма барацьбы з папулізмам.
«Ці змогуць памяркоўныя сілы Еўропы даць адпор радыкалам, якія пагражаюць іх уладзе? Ці іх жаданне застацца ва ўладзе ператворыць тых, хто знаходзіцца ў цэнтры, у экстрэмістаў, якіх яны так хочуць знішчыць?» – гаворыцца ў абгрунтаванні.
Кастрычніцкі поспех польскай дэмакратычнай апазіцыі на чале з Дональдам Тускам упісваецца ў гэты кантэкст. «Вынік, дасягнуты ў пятай па колькасці насельніцтва краіне ЕС, дасягнуты, нягледзячы на ўсё больш адчайныя спробы PiS схіліць чашу вагаў на сваю карысць, выкарыстоўваючы кантраляваныя дзяржавай СМІ і выдаткоўваючы дзяржаўныя грошы, паказаў, што нават у сістэме з хібамі можна перамагчы папулістаў. Гэта дае крыху надзеі цэнтрыстам на ўсім кантыненце, якія з адчаем назіраюць, як папулісцкія сілы захопліваюць чарговыя ўрады», – піша Politico, абгрунтоўваючы прысваенне Туску званне самага ўплывовага чалавека ў Еўрасаюзе.
Gazeta Wyborcza / вх