Поўнамаштабная агрэсія Расіі супраць Украіна значна прыспешыла абмеркаванне далучэння Украіны да Еўрапейскага саюза. Ужо неўзабаве, у сярэдзіне снежня, павінна адбыцца галасаванне па дадзеным пытанні сярод краін-членаў супольнасці. Тады маглі б стартаваць перамовы аб уваходзе дзяржавы ў Еўрасаюз. У Польшчы быў прэзентаваны даклад аб падрыхтоўцы Украіны да членства ў ЕС.
Уваход Украіны ў Еўрасаюз не будзе лёгкім і прыемным працэсам, гэта складаны выклік не толькі для самой Украіны, але таксама для сябраў ЕС, асабліва яе заходніх суседзяў, у тым ліку Польшчы. Па-першае, Украіна – не адзіная дзяржава, якая ў дадзены час прэтэндуе на сяброўства. Перамовы ідуць, і значна даўжэй, таксама з балканскімі краінамі. Па-другое, важнай праблемай з’яўляецца працэс пасляваеннага аднаўлення Украіны, – адзначае прафесар міжнароднага права Ян Барч (Jan Barcz), адзін з аўтараў дакладу Польскага фонду Робера Шумана, Фонду імя Конрада Адэнаўэра і Канферэнцыі амбасадараў Рэспублікі Польшча.
- Гэта праблема эканамічнага аднаўлення Украіны, адбудовы краіны ў якасці дэмакратычнай дзяржавы, якая будзе адказваць стандартам Еўрапейскага саюза. Гэта таксама праблемы, звязаныя з перамовамі аб далучэнні і, магчыма, мірнымі перамовамі з Расіяй. На нейкім этапе гэтыя перамовы абавязкова пачнуцца. ЕС таксама павінен змяніцца, каб мець магчымасць эфектыўна функцыянаваць у пашыраным складзе. Акрамя таго, перамовы аб уваходзе ў ЕС могуць адбывацца паралельна з перамовамі аб далучэнні Украіны да Паўночнаатлантычнага альянса.
Дзеля таго, каб стаць паўнапраўным членам Еўрапейскага саюза, Украіна павінна зрабіць яшчэ шмат, між іншым, у галіне барацьбы з карупцыяй і ў сферы кампатыбільнасці дзяржаўных інстытутаў з інстытутамі ЕС. Аднак вельмі шмат працы ўжо праведзена. Украіна атрымала статус дзяржавы-кандыдата ў члены. У нейкай ступені гэта быў палітычны адказ на шырокамаштабнае ўварванне Расіі ў 2022 годзе, але таксама прызнанне дасягненняў Украіны ў галіне падрыхтоўкі да членства. Еўрапейская камісія высока ацаніла гэтыя дасягненні, – кажа Ян Трушчыньскі (Jan Truszczyński), які быў галоўным перамоўшчыкам з боку Польшчы аб далучэнні краіны да ЕС (нагадаем, Польшча ўвайшла ў супольнасць у 2004 годзе).
- Еўрапейская камісія правяла глыбокую ацэнку Украіны, яе падрыхтоўкі да членства. Першая ацэнка была праведзена ў сакавіку гэтага года, а нядаўна, 8 лістапада, камісія прадставіла новы даклад. Варта прачытаць гэтыя 150 старонак, паколькі яны апісваюць глыбокія перамены ў дзяржаве. Нягледзячы на расійскае нападзенне, на вельмі цяжкі стан эканомікі і дзяржаўных фінансаў ва ўмовах вайны, Украіна зрабіла чарговыя крокі наперад на шляху да членства. Яна зрабіла так званы аўтаскрынінг, гэта значыць, сама ацаніла, наколькі яна далёка ад таго, каб выканаць усе патрабаванні. Цалкам яны выкананыя пакуль што ў чатырох галінах: энергетыка, мытны звяз, вонкавыя адносіны і адзіная палітыка бяспекі, але трэба адзначыць, што ў пяці галінах, між іншым, ахове навакольнага асяроддзя, назіраецца прагрэс у параўнанні з сакавіком гэтага года. Адным слова, ёсць пастаянны прагрэс, нягледзячы на ўсе цяжкасці, звязаныя з расійскай агрэсіяй.
Атрыманне статусу дзяржавы-кандыдата ў члены ЕС мае фундаментальнае значэнне дзеля ўсебаковага развіцця Украіны. У дакладзе таксама гаворыцца, што пачатак працэдуры прыняцця краіны ў ЕС вельмі важна ў святле будучых мірных перамоваў паміж Украінай і Расіяй. Раней ці пазней прадстаўнікі дзвюх краін сядуць за стол перамоваў. І тады членства ў ЕС ужо не зможа быць прадметам перамоваў, – падкрэслівае Ян Барч.
- Гэта адназначны сігнал Расіі, што пытанне прыналежнасці Украіны да Еўропы, да ЕС не можа стаць аб’ектам перамоваў. Гэта ўжо вырашанае пытанне. Дарэчы, тое ж самае датычыць паралельнага працэсу далучэння Украіны да Паўночнаатлантычнага альянсу. Гэта будзе мець істотны ўплыў на геапалітычны расклад на нашым кантыненце і на рэзкае абмежаванне імперскіх памкненняў Расіі. Звярніце ўвагу, што, калі Украіна атрымлівае статус краіны-кандыдата ў ЕС, яна павінна пачаць прыстасоўваць свае інстытуты да так званых капенгагенскіх крытэраў: гэта вяршэнства права і рынкавая канкурэнтаздольнасць з дзяржавамі ЕС. Акрамя таго, сам Еўрасаюз павінен падрыхтавацца да таго, каб прыняць Украіну, якая па тэрыторыі – самая вялікая дзяржава з усіх кандыдатаў. Ёсць яшчэ праблема вайны і дэмаркацыі мяжы. Нельга, каб трэція бакі разважалі, якую тэрыторыю Украіна павінна аддаць Расіі. Гэта выключна ўнутраная праблема ўкраінцаў, яны вядуць крывавую вайну з агрэсарам. Але мы ў сваім дакладзе адзначаем, што гэта не павінна перашкодзіць перамовам аб членстве. Самае важнае тое, ці на сваёй тэрыторыі Украіна будзе мець поўны кантроль, і таксама будзе кантраляваць межы або дэмаркацыйную лінію.
Можа здарыцца, што на момант уваходу Украіны ў Еўрасаюз, частка яе тэрыторыі застанецца ў руках Расіі. Тады не можа быць гаворкі, каб Еўрапейскі саюз прызнаў легітымнасць гэтага захопу. ЕС надалей будзе зазначаць, што ўся тэрыторыя Украіны, захопленая пасля 2014 года, была анексаваная нелегальна, – мяркуюць эксперты.
нг