Некалькі сотняў тон небяспечных хімічных адкідаў можа патрапіць у Польшчу з Беларусі ў бліжэйшыя месяцы. Згоду на іх транзіт праз Польшчу дала Галоўная інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя краіны. Тэарэтычна хімічныя адкіды павінны толькі праехаць праз Польшчу, але ў рашэнні інспекцыі не гаворыцца пра неабходнасць канваявання згаданага грузу. Гэта, у сваю чаргу, выклікала занепакоенасць польскіх СМІ, паведамляе старонка rmf.fm.
Пастанова Галоўнай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя адносіцца да аграхімічных адходаў, якія змяшчаюць небяспечныя рэчывы. На іх транзіт праз Польшчу падала заяўку беларуская кампанія з Гомеля. Атрымальнікам небяспечнага грузу павінна стаць кампанія па перапрацоўцы адходаў у Францыі.
Як гэта магчыма, што транспарт небяспечных хімікатаў зможа трапіць у Польшчу, нягледзячы на цяперашнюю забарону на ўезд грузавікоў з Беларусі?
Паводле былога намесніка кіраўніка Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя Яцэка Аздобы, Польшча не мела магчымасці адмовіцца ад згаданага транспарту. Палітык спасылаецца на Базельскую канвенцыю – міжнароднае пагадненне аб кантролі за перавозкай і ўтылізацыяй небяспечных адыходаў. Канвенцыю ратыфікавалі 190 краін, у тым ліку Польшча і Беларусь.
Яцэк Аздоба запэўнівае, што транспарт з Беларусі зарэгістраваны і адбудзецца ў адпаведнасці з законамі, таму не трэба хвалявацца. Летась праз Польшчу прайшло транзітам прыкладна 450 тон такіх адкідаў, нагадвае старонка rmf.fm.
аз