З набліжэннем зімы Расія спрабуе перахапіць ініцыятыву на фронце. Украіна адказвае ўмацаваннем абароннага патэнцыялу і развіццём уласнай вытворчасці зброі ды боепрыпасаў.
Вайна з Расіяй перайшла на новы этап, заявіў Уладзімір Зяленскі. Прэзідэнт Украіны прызнаў, што летні контрнаступ прынёс меншы вынік, чым чакала камандаванне, і абвясціў аб пераходзе да абароны. Ён сказаў, што аддаў загад аб хуткім будаўніцтве ўмацаванняў на ўсіх участках фронту, піша выданне.
З пачатку кастрычніка расійская армія сканцэнтравала значныя сілы вакол Аўдзееўкі. Як адзначаюць украінскія абаронцы, расіяне маюць там перавагу ў беспілотніках, яны маюць моцную артылерыйскую падтрымку ды вельмі актыўную авіяцыю.
Зацятыя баі вядуцца яшчэ вакол горад Мар'інка пад Данецкам і пад Бахмутам. Таксама расійскія падраздзяленні наступаюць у напрамку Купянска ва ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці і ў бок Лімана Данецкай вобласці. На поўдні расіяне сканцэнтраваныя на ліквідацыі пралому, зробленага ўкраінскімі вайскоўцамі ў расійскіх пазіцыях у Запарожскай вобласці падчас летняга контрнаступу. Таксама баі вядуцца вакол плацдармаў на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, асабліва ў раёне вёскі Крынкі.
Выданне зазначае, што Украіне неабходна як мага хутчэй стварыць «шматслойную абарону», для якой патрэбна павялічыць колькасці высокадакладных артылерыйскіх сістэм і беспілотнікаў.
Газета зазначае, што прыход зімы азначае актывізацыю масіраваных авіяналётаў на энергетычную інфраструктуру Украіны, як гэта было ў мінулым сезоне. Ну будзе «замарозкі» і на фронце, наадварот, варта чакаць далейшых інтэнсіўных нападаў з боку Расіі, падсумоўвае выданне.
юл