У Польшчы завершылася нейкая эпоха, пачынаецца новая. Rzeczpospolita прыводзіць меркаванні газеты «The Guardian» пра абранне Дональда Туска прэм’ер-міністрам. «Туск абяцаў, што прагоніць цемру... прагоніць зло» – піша брытанскае выданне.
«Партыю «Права і справядлівасць» (PiS), якая знаходзіцца ва ўладзе з 2015 года, абвінавачваюць у падрыве вяршэнства закона, ператварэнні дзяржаўных СМІ ў цэнтры прапаганды, змяншэнні правоў меншасцяў і распальванні спрэчак з ЕС, з-за чаго Брусель замарозіў дзясяткі мільярдаў еўра дапамогі», – піша «The Guardian».
Затым брытанскі штодзённік сцвярджае, што «Туск (...) абяцаў аднавіць адносіны з ЕС і выбіць з супольнасці грошы (для Польшчы)». «The Guardian» таксама адзначае, што Туск абяцаў падчас кампаніі ўвесці легальныя аборты ў Польшчы да 12-га тыдня цяжарнасці, а таксама ўвесці грамадзянскае партнёрства для аднаполых пар.
«The Guardian» згадвае, што некаторыя глядзяць паседжанні Сейма як займальны фільм, часам сесіі прыцягваюць больш за мільён гледачоў.
Таксама Rzeczpospolita піша пра сваркі паміж палітыкамі. Хамства, агрэсія, якой не павінна быць у парламенце – так спікер Сейму Шыман Галоўня ацаніў словы старшыні PiS Яраслава Качыньскага пра тое, што Дональд Туск – «нямецкі агент». Журналісты спыталі спікера пра паводзіны Качыньскага. «Прайграць трэба ўмець. Некаторыя людзі, як бачыце, не ўмеюць прайграваць», – адказаў ён.
«Я сам у палітыцы нешта страціў (прайграў на прэзідэнцкіх выбарах – рэд.), гэта мяне ацвярозіла. Здаецца, некаторыя не зносяць паразаў. Пасля інтэрв'ю пана Сускага (палітык ПіС – рэд.), які заявіў, што Гітлер таксама перамог на дэмакратычных выбарах, як яны да мяне будуць звяртацца? «Фельдмаршал Герынг» ці «фельдмаршал Кейтэль», – дадаў Шыман Галоўня.
нг