Віцэ-прэмʼерамі будуць Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) і Кшыштаф Гаўкоўскі (Krzysztof Gawkowski). Першы таксама будзе міністрам нацыянальнай абароны, а другі – міністрам цыфравізацыі.
Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што словы прысягі новага прэмʼер-міністра і членаў яго ўрада зʼяўляюцца дэвізам, якім павінен кіравацца кожны палітык, а дабрабыт Рэспублікі Польшча і яе грамадзян будзе іх найвышэйшым імператывам.
Анджэй Дуда падкрэсліў, што дабрабыт грамадзянаў Польшчы залежыць ад забеспячэння вайсковай і энергетычнай бяспекі, каб Польшча «працягвалася як суверэнная і незалежная дзяржава», бо гэта прынцыповае пытанне.
Прэзідэнт дадаў, што нацыянальная бяспека залежыць і ад эфектыўнай знешняй палітыкі:
– Умела праведзеная еўрапейская, і шырэйшая палітыка ў межах бяспекі, калі размова пра Паўночнаатлантычны альянс, наша месца ў тым саюзе, дбанне пра ўсходні фланг НАТА, але і дбанне ў вышэйшай ступені аб бяспецы Польшчы праз саюзы.
Прэзідэнт таксама выказаўся пра супрацоўніцтва з новым урадам:
– Мяркую, што польскія справы цяпер у добрым стане. Канешне, ёсць сферы, дзе справы маглі б быць лепшымі. Але маю надзею, што атрымаецца спадарству сітуацыю паправіць, дзе яна магла б быць лепшай. І спадарству, і Рэспубліцы Польшча гэтага ад усяго сэрца зычу.
– З незвычайнай радасцю ўспрымаю гатоўнасць да супрацоўніцтва з боку прэзідэнта. Кожны, без выключэнняў, хто хоча дзейнічаць згодна з прысягаю, якую мы сёння тут складалі, будзе нашым саюзнікам. Незалежна ад таго, адкуль прыходзіць, якія функцыі выконвае. Няма для нас большай справы, чым дабрабыт Бацькаўшчыны і яе грамадзян, – выказаўся пра будучае супрацоўніцтва з прэзідэнтам прэм’ер-міністр Дональд Туск.
У новым урадзе міністрам замежных спраў будзе Радаслаў Сікорскі. Ён сказаў журналістам, што дыпламатыя – гэта першая лінія абароны краіны. Новы міністр заявіў, што прыярытэтам яго працы будзе пабудова пазіцыі Польшчы ў свеце:
– Самае галоўнае – гэта бяспека Польшчы. Важна пагасіць канфлікты з некаторымі саюзнікамІ, еўрапейскімі інстытуцыямі. І трэба пільнаваць, каб Польшча расла ў іерархіі народаў. Як гэта гаворыцца з назвы кнігі падчас майго папярэдняга кіраўніцтва тут – «Польшча можа быць лепшай». Можа быць лепшай, чым ёсць, і можа быць лепшай за іншых.
Радаслаў Сікорскі быў міністрам замежных спраў у папярэднім урадзе Дональда Туска падчас кааліцыі PO-PSL у 2007-2014 гадах.
Пасля прысягі прэзідэнт і міністры пагаварылі без прысутнасці журналістаў. У наступную сераду яны сустрэнуцца зноў – на пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі.
Прэм’ер-міністар Дональд Туск ляціць сёння ў Брусель на саміт Еўрасаюз – Заходнія Балканы. На заўтра і паслязаўтра запланавана пасяджэнне Еўрапейскай рады.
IAR/PAP/вх