42 гады таму ўлады ПНР увялі ваеннае становішча. 13 снежня 1981 года з самай раніцы супрацоўнікі польскай міліцыі і спецслужб прыступілі да затрыманняў апазіцыйных актывістаў. На вуліцы гарадоў краіны былі выведзеныя танкі і бронетэхніка, выйшлі ўзброеныя вайсковыя патрулі, улады адключылі тэлефоны, была ўведзеная каменданцкая гадзіна. Адначасова быў забаронены прафсаюз «Салідарнасць», які быў масавым грамадска-палітычным рухам.
Гэта толькі частка ўведзеных абмежаванняў. Так, палякі не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, на больш чым месяц была спыненая міжгародняя тэлефонная сувязь, а ўсе тэлеграмы і лісты правяраліся.
13 снежня 1981 года ў цэлай краіне на вуліцы было выведзена 70 тыс. салдат і 30 тыс. супрацоўнікаў міліцыі, выйшлі танкі, бронетранспарцёры і іншая вайсковая тэхніка.
Ваеннае становішча працягвалася да 22 ліпеня 1983 года. За гэты час жыццё страціла, паводле ацэнак гісторыкаў, 30-40 чалавек, інтэрнавана было больш за 10 тыс. грамадзян. Тысячы людзей былі звольненыя з працы за ўдзел у страйках, падтрымку падпольнай «Салідарнасці» і прыналежнасць да прафсаюзу.
Штогод 13 снежня па ўсёй Польшчы праходзяць разнастайныя акцыі па ўшанаванні памяці аб падзеях тых часоў.
Усё пачалося ноччу 12 снежня, калі была ўведзеная прэвентыўная аперацыя «Азалія» з мэтай усталявання кантролю над галоўнымі дзяржаўнымі аб’ектамі, тэлебачаннем, радыё, вакзаламі і адміністрацыйнымі будынкамі.
Ноччу 13 снежня пачалася хваля затрыманняў па ўсёй краіне. Агулам у дзеяннях па рэалізацыі ваеннага становішча ўзялі ўдзел больш за 100 тыс. чалавек, больш за 1 тыс. 700 танкаў і 1 тыс. 400 адзінак іншай вайсковай тэхнікі. 25% ўсёй мілітарнай сілы было сканцэнтравана ў Варшаве.
Дзеянні ўладаў выклікалі моцную хвалю пратэстаў у Гданьску, Кракаве, Шчэціне і іншых гарадах. Але ўсе яны былі падаўленыя войскам і міліцыяй. Уладу ў краіне ўзяў Вайсковы камітэт нацыянальнага выратавання на чале з генералам Войцехам Ярузэльскім.
Многія палякі згадваюць падзеі 1981 года як самыя сумныя ў сваіх жыцці. Дарэчы, людзі, якія тады былі дзецьмі, праз гады расказвалі, што ім найбольш не хапала калыханкі па тэлебачанні, таму што на нейкі час тэлевізія спыніла вяшчанне.
Дзеяч апазіцыі ў часы ПНР, а ў новай Польшчы – шматгадовы дэпутат, сенатар і былы старшыня Сенату Богдан Барусэвіч згадваў, што асабіста для яго ўвядзенне ваеннага становішча стала сумнай падзеяй.
- Гэта сумная гадавіна. Гэта дзень, калі Ярузэльскі вырашыў павярнуць ход гістарычных падзей – гэта значыць знішчыць масавы рух прафсаюзу «Салідарнасць», які змяняў Польшчу. Тады здавалася, што ўладам гэта ўдалося, але насамрэч гэта не так, бо людзі пачалі ствараць падпольныя структуры, і яны дзейнічалі ажно да пачатку грамадска-палітычных перамен канца 1980-х гадоў. Што тады здавалася немагчымым, стала магчымым, бо падзеі тых часоў прывялі да першых свабодных парламенцкіх выбараў, і ўлады іх з сорамам прайгралі.
Паводле яго, увядзенне ваеннага становішча прыпыніла на пэўны час працэс перамен у Польшчы.
- Польшча страціла 10 гадоў. Прычым не толькі палякі страцілі свабоду, якую ўдалося ім здабыць у 1980 годзе ў выніку пратэстаў. Пацярпела таксама эканоміка, грамадства трапіла ў крызіс, фінансава страцілі ўсе, у тым ліку нават тыя людзі, якія ўводзілі ваеннае становішча. Ваеннае становішча мела выглядаць як дзяржаўны пераварот, які ў Чылі ўвёў генерал Піначэт. Гэта значыць, планавалася заблакаваць свабоду і дэмакратыю, але эканоміка мела развіцца. У Польшчы ж заблакавалі ўсе свабоды, а эканоміка пацярпела калапс. Канчаткова кепская эканамічная сітуацыя прывяла да падзення камунізму ў Польшчы.
Масква не верыла ў тое, што ўлады ПНР змогуць утрымаць сітуацыю пад кантролем. На пачатку верасня 1981 года былі праведзеныя вайсковыя вучэнні пад назвай «Захад-81», каб прадэманстраваць сілу Крамля. Паводле часткі гісторыкаў, генерал Войцех Ярузэльскі, які тады ўзначальваў краіну, разумеў, што ў выпадку пагаршэння грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне Савецкі Саюз не будзе гуляць у дыпламатыю і не завагаецца ўвесці свае войскі і войскі Варшаўскага дагавору ў ПНР. А гэта азначала б грамадзянскую вайну ў Польшчы. Таму, каб запабегчы кровапраліццю, улады ў Варшаве прынялі рашэнне вырашыць крызісную сітуацыю ў краіне самастойна.
Частка ж гісторыкаў не згаджаецца з такім тэзісам, зазначаючы, што ў архівах не захаваліся дакументы, якія б сведчылі аб намерах Крамля пачаць інтэрвенцыю ў Польшчы.
вс
слухайце аўдыёфайл