Я не веру ў напад з боку Расіі, паколькі я веру, што Польшча будзе рыхтавацца: «Вядома, усё гэта пры ўмове, што мы будзем моцныя. На моцных не нападаюць. Нападаюць на слабых«, – падкрэсліў прэзідэнт Анджэй Дуда ў інтэрв'ю газеце Fakt.
Палітык запэўніў, што разумее польскіх фермераў, а праблема прытоку ўкраінскіх сельскагаспадарчых прадуктаў у Польшчу павінна вырашацца на ўзроўні ЕС.
«Нядаўна я сказаў прэмʼер-міністру Дональду Туску: Вы былі ў Бруселі столькі гадоў. Вы былі прэзідэнтам Еўрапейскага Савета. Вы заўсёды казалі, што вы сапраўдны, дасведчаны еўрапейскі палітык. Калі ласка, пакажыце на перамовах, што гэта праўда, і што ў вас ёсць аўтарытэт таксама ў Еўрапейскай народнай партыі, якая сёння кіруе Еўропай», – сказаў Анджэй Дуда.
Калі гаворка ідзе пра планаваны візіт у ЗША ў 25-ю гадавіну ўступлення Польшчы ў НАТА, прэзідэнт Дуда паведаміў, што не плануе сустракацца з прэзідэнтам Дональдам Трампам. Тым не менш кіраўнік польскай дзяржавы нагадаў, што дзякуючы добразычлівасці прэзідэнта Трампа ў адносінах да Польшчы, удалося атрымаць самалёты F-35 і дабіцца пастаяннай прысутнасці войскаў ЗША ў Польшчы.
У сваю чаргу, словы Дональда Трампа пра тое, што «калі краіна не плаціць, ЗША яе не абароняць» Анджэй Дуда тлумачыць бізнес-падыходам і тым, што Трамп даўжэй быў бізнесменам, чым актыўным палітыкам.
На пытанне журналіста, чым будзе займацца праз некалькі гадоў, ці ў яго ёсць канкрэтныя планы, прэзідэнт Анджэй Дуда адказаў, што ўмее працаваць і мае дзве рукі. «Калі спатрэбіцца, я магу працаваць фізічна. Для мяне гэта не праблема», – запэўніў прэзідэнт Анджэй Дуда ў інтэрвʼю выданню Fakt.
аз