Беларуская Служба

Баявікі ІДІЛ ударылі па Расіі

25.03.2024 15:23
Крэмль заяўляе пра «украінскі след» у падмаскоўным тэракце. Эксперты бачаць паралелі з 1999 годам ды прагназуюць узмацненне палітычных рэпрэсій.
Аўдыё
  • Расія пасля тэракту, каментар эксперта
   Crocus City Hall     ,
Спаленая канцэртная пляцоўка Crocus City Hall пасля тэракту ў падмаскоўным Краснагорску, РасіяEPA/MAXIM SHIPENKOV Dostawca: PAP/EPA.

На мінулым тыдні ў Расіі адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх большасць падтрымала Пуціна. Не прайшло і тыдня пасля яго пераабрання, як у Расіі здарыўся буйны тэракт. Гэта можа быць супадзеннем, але як у Расіі, так і за мяжой, эксперты ўбачылі паралелі з 1999 годам напярэдадні прыходу Пуціна да ўлады. Яны звяртаюць увагу на хібы ў дзеяннях расійскіх сілавых структуры ды несупадзенні ў афіцыйнай версіі нападу.

Увечары 22 сакавіка некалькі чалавек у камуфляжы ўварваліся ў гандлёвы цэнтр «Крокус Сіці Хол» у падмаскоўным Краснагорску, дзе пачалі страляць па наведвальніках. Расійскі Следчы камітэт паведаміў, што ў выніку страляніны ды пажару загінулі не менш за 133 асобы.

ФСБ паведаміла аб затрыманні 11 чалавек, у тым ліку чатырох, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў нападзе на «Крокус». Расійская прапаганда пачала адразу казаць  «украінскі след» у здарэнні. Афіцыйны Кіеў аспрэчыў сваю датычнасць да нападу. Украінскія эксперты адразу звярнулі ўвагу на тое, што ФСБ ведала пра падрыхтоўку тэракту ў Маскве. Пра гэта ў эфіры KYIV24 распавёў кіраўнік Украінскага цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва Сяргей Кузан.

- Гэта почырк расійскіх спецслужб. Нездарма заходнія выведкі наўпрост папярэджвалі, што падчас канцэрту можа адбыцца тэракт. Мы бачым, што з версіямі ў Пуціна не ўсё так добра, як бы яму хацелася. Ніхто Крамлю не верыць, калі яны хочуць прыплесці да гэтага украінскія спецслужбы. Ці не таму адмянілі начны зварот Пуціна?.

З афіцыйнай заявай выступілі таксама расійскія добраахвотнікі, якія ваююць з акупантамі ва Украіне з Легіёну «Свабода Расіі». Яны напісалі, што Мы вінавацім пуцінскі тэрарыстычны рэжым у трагедыі, якая адбылася ў Маскве.

Добраахвотнікі заявілі, што Легіён не ваюе з мірнымі рускімі. «Разанскі цукар» — метад пуцінскіх сілавікоў, які мы не падтрымліваем і супраць якога змагаемся.

Нагадаем, што ў верасні 1999-га года ў гарадах Расіі (Буйнакску, Маскве ды Валгадонску адбылася серыя тэрарыстычных актаў, калі з дапамогай выбухоўкі, закладзенай у сутарэннях, былі падарваныя шматпавярховыя жылыя дамы. У Разані жыхары заўважылі незнаёмых, што заносілі мяшкі ў падвал. Міліцыя затрымала гэтых людзей, высветлілася, што яны былі з ФСБ. На наступны дзень кіраўніцтва спецслужбы заявіла, што тое, што адбылося, было вучэннем.

Цяперашні тэракт здарыўся нягледзячы на шматлікія вучэнні, якія гадамі праводзілі расійскія спецслужбы, і нягледзячы на папярэджанні з Захаду. Выведкі ЗША і Вялікабрытаніі казалі на пачатку сакавіка пра пагрозу нападу тэрарыстаў у Расіі, і заклікалі сваіх грамадзян пакінуць гэтую краіну. Крэмль паставіўся да дадзенай інфармацыі грэбліва, праігнараваўшы яе. Аднак у момант здарэння разгубленасць сілавых структур была выразна бачная.  Пра гэта сведчаць непрафесійныя дзеянні расійскіх сілавікоў. Гаворыць былі паліцыянт, перамоўнік варшаўскай паліцыі Дарыюш Ларанты.

Трэба сказаць, што мы ўбачылі не проста кепскую працу праваахоўных служб, а жудасна дрэнную. Інфармацыя пра страляніну з’явілася вельмі хутка ў Сеціве, значыць службы ведалі пра яе цягам некалькіх хвілін. Нават не маючы на месцы буйных сіл, службы маглі атачыць тэрыторыю і заблакаваць тэрарыстаў. Гэтага не было, бо нападнікі спакойна з’ехалі. Па правілах павінна быць два кругі ачаплення. Цывільныя службы павінны былі рыхтаваць шпіталі да прыёму параненых, павінен пачаць працаваць крызісны штаб. Разам з гэтым у гэты ж час мусілі быць выкліканыя спецыяльныя атрады, якія не чакаючы, без падрыхтоўкі павінны былі ўвайсці ў будынак пад аховай спецыяльных шчытоў ды рухацца ў бок страляніны. Так адбываецца ў кожнай цывілізаванай краіне. Тут гэтага не было, спецназ не ўвайшоў, не было ачаплення тэрыторыі. Я разумею паніку людзей і хаос унутры будынку. Звонку ўсё павінна было быць інакш зроблена.

Таксама ў інфармацыйнай прасторы Крэмль доўгі час адмоўчваўся, не ведаючы як растлумачыць трагедыю. Урэшце 19 гадзін пасля нападу выступіў  Пуцін са зваротам, назваўшы яго «крывавым, варварскім тэрарыстычным актам» і заявіўшы, што для яго выканаўцаў нібыта было падрыхтавана «акно» для пераходу мяжы з Украінай. Пры гэтым расійскія ўлады праігнаравалі заяву ІГІЛ, якая ўзяла на сябе адказнасць за напад і паказала відэа, што здымалі самі нападнікі. У расіян свая афіцыйная версія, на дадзены момант да яе, трэба ставіцца скептычна, кажа Дарыюш Ларанты.

Заявы расійскіх следчых, што тэрарыстам заплацілі – гэта адмысловы крок, якія павінен наша мысленне накіраваць у той бок, што гэта была вельмі добра арганізаваная група, якая мела падтрымку. Гэта робіцца, каб мы думалі, што за дадзенымі дзеяннямі стаіць нейкая дзяржава. Трэба памятаць яшчэ пра тое, што з самага пачатку канфлікту ва Украіне, расійскія службы ігнаравалі магчымасць дыверсійных акцый на сваёй тэрыторыі, засяроджваючыся на пошуку грамадзян, якія дэманструюць незадаволенасць уладамі. Тэрарыстычная атака можа ўмацаваць прыхільнасць насельніцтва да ўлады. Напрыклад, у ЗША пасля 2001 года прэзідэнт меў вялізарную падтрымку. У Расіі Пуціну, здаецца, няма патрэбы ўмацоўваць сваю падтрымку, ён ужо яе мае пасля выбараў. Аднак мы бачым, што ён рыхтуецца да палітычнага выкарыстання дадзенай сітуацыі. Пакуль не вядома як.

Аглядальнік расійскай Новай газеты Барыс Вішнеўскі прагназуе, што ў выніку апошняга тэракту ў Расіі адбудзецца ліквідацыя рэшты грамадзянскіх свабод. Як у 2004 годзе, калі пасля тэракту ў Беслане, расійскія ўлады пад сцягам барацьбы з тэрарызмам адмянілі выбары губернатараў, так і цяпер дэпутаты і прапагандысты загаварылі пра вяртанне смяротнага пакарання. Магчыма пашырэнне  паўнамоцтваў сілавых структур і ўзмацненне жорсткасці рэпрэсіўных законаў. Магчыма нават вяртанне да новай жалезнай заслоны  ў Расіі, не толькі інфармацыйнай.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч