Gazeta Wyborcza друкуе інтэрв’ю са славенскім сацыёлагам, філосафам Славаем Жыжакам (Slavoj Žižek). Гаворка ідзе пра будучыню Еўропы.
Госць выдання кажа, што Еўропа – гэта адзіная мадэль цывілізацыі сапраўды глабальных каштоўнасцяў, за якую варта змагацца. Каб захавацца, яна павінна ўзмацняць адзінства, у тым ліку ваеннае. Украіна павінна выстаяць, калі яна прайграе, мы ўсе прападзём, - кажа філосаф, якога называюць марксістам. На ягоную думку, назіраецца поўнае банкруцтва пацыфізму левых еўрапейскіх сілаў, якія заклікаюць не раздражняць пуціна. Заходнія левыя павінны перагледзець свае ўласныя прынцыпы, агулам жыхары Захаду павінны пераасэнсаваць свой спосаб жыцця, паколькі свет вакол нас становіцца ўсё больш варожы.
Захад павінен падрыхтавацца да ваеннага часу. Неабходна інакш арганізаваць жыццё. Інакш усіх нас чакае катастрофа – кажа філосаф. І ўказвае на БРІКС (Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, ПАР). Гэта новая мадэль свету. Калі ў ЗША пераможа Трамп, Амерыка далучыцца да БРІКС. Еўропа ў такім свеце павінна яшчэ больш яднацца. І будаваць сваю моц. Тым часам Еўропа пагружаецца ў апатыю, летаргію, слабее. Еўропа павінна стварыць уласныя ўзброеныя сілы. І яна можа гэта зрабіць. «Часам я думаю, што патрэбная нейкая вялікая катастрофа, каб мы прачнуліся з летаргіі і выратавалі еўрапейскую цывілізацыю», - адзначае Славай Жыжак.
нг