Выбарчая кампанія ў Польшчы ўступіла ў завяршальную стадыю. У бліжэйшую нядзелю палякі будуць выбіраць дэпутатаў рознага ўзроўню мясцовай улады, а таксама войтаў, бургамістраў і мэраў. Партыям засталося няшмат часу, каб змагацца за галасы выбаршчыкаў перад выбарчай цішынёй.
Гэта найважнейшы палітычны тэст, ацэнка дзеянняў ураду і апазіцыі – так польскія палітыкі гавораць пра значэнне выбараў у мясцовыя органы ўлады.
Падчас нядзельнага галасавання змаганне пойдзе не толькі за ўладу на мясцовым узроўні, але і за пазіцыю найбуйнейшых палітычных сілаў у краіне.
Кіроўная «Грамадзянская кааліцыя» і апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць» змагаюцца за тое, каб у нядзелю ўвечары абвясціць сваю перамогу. Доказам згаданай перамогі можа быць пераняцце большасці ваяводскіх сеймікаў – найвышэйшых органаў мясцовага самакіравання, а таксама большасць галасоў выбаршчыкаў у маштабе ўсяе краіны.
Ёсць некалькі ваяводстваў, лёс якіх можа вырашацца ў апошнюю хвіліну, кажа прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі (Rafał Trzaskowski):
- Ёсць, як мінімум, шэсць або сем такіх ваяводстваў, лёсы якіх будуць вырашацца да апошняй хвіліны. Між тым, кожнае з іх важнае.
Кіроўная «Грамадзянская кааліцыя» спадзяецца захаваць уладу там, дзе яна ўжо кіруе муніцыпалітэтамі, а таксама пераняць у «Права і справядлівасці» ўладу ў сейміках ва ўсходніх рэгіёнах краіны. Ёсць шанец «захапіць» усе 16 ваяводстваў, кажа Міхал Шчэрба (Michał Szczerba) з «Грамадзянскай кааліцыі»:
- Нашыя амбіцыі простыя – мы плануем пабудаваць на муніцыпальным узроўні ваяводскіх сеймікаў кааліцыю па ўзоры кааліцыі 15 кастрычніка. Мы хацелі б дабіцца ўлады ва ўсіх 16-ці сейміках. Робім стаўку на Падкарпацце, Любліншчыну і Малапольшчу.
Для «Права і справядлівасці» захаванне ўлады на Падкарпацці, то бок на поўдні Польшчы – гэта план-мінімум. Аптымальны план бярэ пад увагу таксама захаванне ўлады ў шасці ваяводствах на ўсходзе і поўдні краіны, кажа Януш Цяшыньскі (Janusz Cieszyński) з ПіС:
- Мы спадзяемся на лепшы вынік, калі гаворка ідзе пра ўсю Польшчу. Паводле мяне, перш за ўсё, выбары ў ваяводскія сеймікі- найвышэйшы орган мясцовага самакіравання ў ваяводствах – гэта лепшы паказчык папулярнасці партыі.
У сваю чаргу, Міхал Кабоска(Michał Kobosko) з кааліцыі «Трэцяя дарога» адзначае, што мясцовыя выбары будуць, перш за ўсё, важным палітычным апытаннем:
- Мы змагаемся за тое, каб рашэнні, прынятыя выбаршчыкамі падчас парламенцкіх выбараў 15 кастрычніка і змена цэнтральнай улады, якая ў іх выніку адбылася, зараз адлюстравалася таксама на муніцыпальным узроўні.
Тамаш Трэла(Tomasz Trela) з «Новых левых сілаў»абвяшчае, што яго партыя змагаецца за паляпшэнне вынікаў парламенцкіх выбараў:
- Вынік, які мяне б задавальняў на дадзеным этапе, гэта больш за 10 працэнтаў галасоў. Гэта азначала б, што левыя сілы маюць сваё прадстаўніцтва ў кожным ваяводскім сейміку.
Кааліцыя «Канфедэрацыя - Беспартыйныя прадстаўнікі мясцовага самакіравання» таксама разлічвае на перавышэнне 10-працэнтнага выбарчага парогу, кажа Эва Заянчкоўска-Гернік (Ewa Zajączkowska-Hernik) з крайне правай «Канфедэрацыі»:
- Ідэальны сцэнарый для нас – гэта некалькі дэпутатаў ваяводскіх сеймікаў, некалькі членаў гарадскіх саветаў. Мы былі б задаволеныя нават другім турам выбараў у гарадах.
На мясцовых выбарах, якія адбудуцца па ўсёй Польшчы 7 красавіка палякі выберуць больш за 46 тысяч мясцовых дэпутатаў, з якіх амаль 40 тысяч у гмінныя і гарадскія саветы, амаль 6,3 тысячы ў саветы паветаў (павет- адзінка мясцовага самакіравання і адміністрацыйнага падзелу другой ступені ў Польшчы), 552 членаў ваяводскіх сеймікаў і больш за 400 дэпутатаў раённых саветаў у Варшаве. Таксама будуць выбраныя амаль 2,5 тысячы войтаў, мэраў і прэзідэнтаў гарадоў.
Муніцыпальныя выбары важныя найперш таму, што на ўзроўні мясцовага самакіравання задавальняецца большасць патрэб жыхароў. Гэта камунальныя паслугі, у тым ліку сацыяльная дапамога, адукацыя, а таксама прыцягванне інвестыцыяў і выкарыстанне сродкаў з Еўрасаюза.
Канстатуючы, фактычна няма ніводнай сферы жыцця, у якой мясцовая ўлада не была б актыўнай ці не аказвала б нейкія паслугі жыхарам.
Паводле апошняга апытання IBRiS для выдання Rzeczpospolita, найбольшай падтрымкай карыстаецца «Грамадзянская кааліцыя» з вынікам 31,9 працэнта. «Права і справядлівасць» можа разлічваць на 30 працэнтаў галасоў. За кааліцыю «Трэцяя дарога» маюць намер прагаласаваць 10,7 працэнта апытаных. «Новыя левыя сілы» падтрымлівае 9,5 працэнта, а «Канфедэрацыю» – 8,6 працэнта.
аз