Беларуская Служба

У 75-ю гадавіну стварэння НАТА Польшча заклікае чальцоў Альянсу павялічыць выдаткі на абарону

05.04.2024 13:17
«Мы нарошчваем свой ваенны патэнцыял, каб не ваяваць і каб на нас ніхто не адважыўся напасці», — заяўляе прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Аўдыё
  • «Мы скарысталі наш шанец, тое вакно ў гісторыі, якое было адкрытае, бо адчувалі, што Расія зноў можа стаць агрэсіўнаю», — кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі.
                     ()  , ,   2024 .
Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі і міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран размаўляюць падчас сустрэчы міністраў замежных спраў Арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы (НАТА) у Брусэлі, Бельгія, красавік 2024 г.PAP/EPA/OLIVIER HOSLET

У Брусэлі адзначылі 75-ю гадавіну стварэння Паўночнаатлантычнага альянсу. 4 красавіка 1949 года 12 краін-заснавальніц падпісалі Вашынгтонскі дагавор. Цяпер НАТА налічвае 32 дзяржавы-члены і з'яўляецца наймацнейшым абаронным пактам у свеце.

Калі НАТА стваралі, Польшча была не на тым баку, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас святкавання гадавіны. Ён падкрэсліў, што Польшча была рашуча настроеная далучыцца да Альянсу 25 гадоў таму, бо ўсведамляла пастаянную пагрозу з боку Расіі.

«Імперыя зла перастала існаваць. Мы скарысталі наш шанец, тое вакно ў гісторыі, якое было адкрытае, бо адчувалі, што Расія зноў можа стаць агрэсіўнаю. Спрабавалі мы яе еўрапеізаваць. Але, на жаль, Расія зноў спрабуе змяняць межы сілаю. Але цяпер мы сярод нашых сяброў,   сярод дэмакратычных краін, і маю надзею, што справімся», — сказаў кіраўнік польскай дыпламатыі.

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што Альянс павінен быць гатовы да наступных бітваў.

«На жаль, не выключана, што найбуйнейшыя бітвы чакаюць НАТА ў будучыні. Мы павінны быць да гэтага гатовыя, таму што правал і адсутнасць пільнасці былі б нашай самай вялікай памылкай», — заявіў Ландсбергіс.

Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахна нагадаў, што больш за 20 гадоў таму ідэя ўступлення яго краіны ў Альянс здавалася нерэальнай. Ён заклікаў да пашырэння альянсу:

«Гэта не немагчымая, вар'яцкая ідэя, каб тыя краіны, якія хочуць гэтага, як Украіна, маглі ўступіць у НАТА, таму што ў нас ёсць досвед у гэтым. Без сяброўства ў Альянсе і Еўрапейскім саюзе я б не стаяў тут як міністр замежных спраў незалежнай Эстоніі, таму што, напэўна, «мы пацярпелі б ад агрэсіі з усходу».  


Бельгійскі ваенны духавы аркестр на святкаванні 75-годдзя НАТА. Брусэль, Бельгія, 4 красавіка 2024 г. Бельгійскі ваенны духавы аркестр на святкаванні 75-годдзя НАТА. Брусэль, Бельгія, 4 красавіка 2024 г. OLIVIER MATTHYS/PAP/EPA.


Дзейнасць НАТА кіруецца Вашынгтонскай дамовай, якая з'яўляецца кароткай і змяшчае ўсяго 14 параграфаў.

«Ніколі раней не здаралася, каб дакумент, які змяшчае так мала слоў, так шмат значыў для такой колькасці людзей», — падкрэсліў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг.

Ён заўважыў, што НАТА робіць больш бяспечнай не толькі Еўропу, але і Паўночную Амерыку, звярнуў увагу на еўрапейскія ўзброеныя сілы сусветнага ўзроўню, эфектыўную выведку і дыпламатыю.  

«Я не веру толькі ў Амерыку, як і не веру толькі ў Еўропу. Я веру ў тое, што Амерыка і Еўропа разам у NATO, таму што разам мы мацнейшыя і бяспечнейшыя», — адзначыў Енс Столтэнберг.

Гэты каментар генеральнага сакратара, верагодна, адрасаваны некаторым рэспубліканскім палітыкам у ЗША на чале з Дональдам Трампам. Былы прэзідэнт падчас сваёй новай палітычнай кампаніі неаднаразова крытыкаваў НАТА і еўрапейскіх саюзнікаў, пагражаў вывесці ЗША з Альянсу. Ён указаў, у тым ліку, на недастатковыя выдаткі на абарону.

Енс Столтэнбэрг прызнаў, што трэба забяспечыць справядлівы падзел адказнасці ў НАТА і што большасць еўрапейскіх краін дагналі і выконваюць неабходныя 2 працэнты ВУП на абарону.

Анджэй Дуда: Нам трэба мець добра ўзброеныя, эфектыўна дзеючыя арміі

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што прысутнасць Польшчы ў НАТА сёння асабліва важная ў сувязі з ростам пагрозы з боку Расіі.

«Я не сумняваюся, што Паўночнаатлантычны альянс павінен адказаць на гэта не толькі падтрымкай Украіны, але і ўмацаваннем яе бяспекі і абароны», — падкрэсліў палітык. «Мы жывём у часы, якія паказваюць, наколькі надзвычай важна для нас было вызваліцца ад савецкага ўплыву і далучыцца да гэтай вялікай згоды заходніх краін. Наша прысутнасць у Паўночнаатлантычным альянсе асабліва важная сёння, у часы адраджэння расійскага імперыялізму», — сказаў прэзідэнт Анджэй Дуда.

Анджэй Дуда вырашыў накіраваць ліст кіраўнікам дзяржаў  НАТА адносна павелічэння выдаткаў на абарону:

«Сёння 75-я гадавіна падпісання Паўночнаатлантычнага пакту, я вырашыў накіраваць ліст усім лідарам краін НАТА, а таксама Столтэнбэргу, дзе пісьмова сфармулявана прапанова разам з абгрунтаваннем. Расія вяртаецца ў сваёй палітыцы да “халоднай вайны”. І мусіць сустрэць такі ж адказ, як атрымала ў ранейшыя часы — у той час дзяржавы НАТА выдаткоўвалі 3 працэнты ад ВУП на сваю абарону».

Паводле Дуды, «гэта павінна сустрэцца рашучым, спакойным адказам НАТА», і гэта, на думку прэзідэнта, «умацаванне нашай бяспекі». «Мы нарошчваем свой ваенны патэнцыял, каб не ваяваць і каб на нас ніхто не адважыўся напасці», — дадаў ён.

«Глыбока перакананы, што для падтрымання міру будзе дастаткова выдзялення адпаведных сродкаў на абарону, якія дазволяць нам умацаваць наш ваенны патэнцыял самай сучаснай тэхнікай», — падкрэсліў прэзідэнт Польшчы. 

Анджэй Дуда нагадаў, што бяспека Альянсу - гэта «калектыўная бяспека». «Насамрэч, усім нам трэба мець добра ўзброеныя, эфектыўна дзеючыя арміі», — сказаў ён.

4 красавіка 1949 года 12 краін-заснавальніц (ЗША, Канада, Бельгія, Данія, Францыя, Ісландыя, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія, Партугалія і Вялікабрытанія) падпісалі Вашынгтонскую дамову. Альянс быў створаны ў якасці супрацьвагі СССР і дазваляў захаваць прысутнасць амерыканскіх войскаў у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны.

Цяпер НАТА налічвае 32 дзяржавы-члены і з'яўляецца наймацнейшым абаронным пактам у свеце.

PAP/IAR/вх