Беларуская Служба

Лукашэнка думае пра вайну. Ці Украіна павінна хвалявацца?

08.04.2024 12:40
Аляксандр Лукашэнка рыхтуе сваю краіну да ўзброенага канфлікту - мяняе законы, мабілізуе эканоміку і чакае крокаў гаспадара Крамля.
     , 2023
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання вайсковай базы, 2023 год фота: president.gov.by

Амерыканскі аналітычны цэнтр Robert Lansing Institute са спасылкай на «крыніцы ў еўрапейскай выведцы» сцвярджае, што Крэмль мае намер здзейсніць тэракт у Беларусі і абвінаваціць у ім, складзены з беларускіх добраахвотнікаў, Полк Каліноўскага, які ва Украіне ваюе супраць Расіі, паведамляе Rzeczpospolita.

На думку экспертаў, гэта канчаткова ўцягнула б Аляксандра Лукашэнку ў вайну. Нягледзячы на ​​тое, што ў лютым 2022 года беларускі дыктатар прапусціў расійскіх вайскоўцаў праз Беларусь, ён дагэтуль непасрэдна не далучыўся да ваенных дзеянняў супраць Украіны.

«Ад расійскіх уладаў можна чакаць усяго. Беларусь даўно спрабуюць уцягнуць у канфлікт. Што тычыцца нас, то мы ваюем па правілах вайны, мы прытрымліваемся Жэнеўскіх канвенцый і ваюем выключна для абароны тэрыторыі Украіны. Мы ніколі не планавалі нападаў і дзеянняў супраць цывільнага насельніцтва», – кажа ў размове з выданнем намеснік камандзіра Палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

Ён падкрэслівае, што з пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны вайскоўцы ягонага палка ні разу не заходзілі на тэрыторыю Беларусі - беларускія добраахвотнікі ваююць толькі ва Украіне.

«Мы вайскоўцы Узброеных сіл Украіны. Мы падпарадкоўваемся камандаванню ўкраінскай арміі і выконваем загады начальства», - паясніў Кабанчук.

Украіна будуе лінію абароны на мяжы з Беларуссю

У суботу прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прызнаў, што Украіна будуе лінію абароны на мяжы з Беларуссю. Пры гэтым ён супакоіў, што Кіеў пакуль не бачаць пагрозы новай атакі з боку Беларусі.

Украінскія ўлады даўжэйшы час пазбягаюць абвастрэння адносін з Мінскам, якія і так цяпер замарожаныя. Лукашэнка не можа ігнараваць той факт, што ўкраінскія ракеты і беспілотнікі пакуль не атакавалі беларускую інфраструктуру. Таксама факт, што расійскія ракеты даўно не ляцелі з тэрыторыі Беларусі ў бок украінскіх гарадоў.

Лукашэнка не хоча вайны, але ён да яе рыхтуецца

«Не верце нікому, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я гэта кажу адкрыта», - заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас чарговых манеўраў, якія адбыліся ля межаў з Украінай, Польшчай і Літвой.

Між тым, надоечы ў краіне адбылася мабілізацыя жаўнераў запасу, а ва ўсіх беларускіх падраздзяленнях праводзіцца праверка баявой гатоўнасці. Некалькі дзён таму быў зменены закон, які дазваляе выклікаць прызыўнікоў з дапамогай СМС-паведамленняў. Раней паштальён павінен быў асабіста ўручыць павестку па месцы жыхарства.

Цяпер, незалежна ад месца жыхарства, пасля атрымання такога СМС-паведамлення мужчына павінен неадкладна з'явіцца ў бліжэйшы ваенкамат.

Новы закон дазваляе займацца «абарончымі работамі» 16-годкам, а таксама прызываць у войска, напрыклад, зняволеных (са згоды Лукашэнкі). Быў нават створаны новы орган дзяржаўнай улады для падрыхтоўкі плана «мабілізацыі эканомікі» на выпадак вайны.

«Лукашэнка не хоча вайны, але робіць усё, каб да яе падрыхтавацца. Усё будзе залежаць ад таго, ці з’явіцца ў Беларусі большая колькасць расійскіх вайскоўцаў. Самастойна Лукашэнка ніколі не будзе прадпрымаць ніякіх дзеянняў ні супраць Украіны, ні супраць любой з краін НАТА. Бо ён ведае, што для яго гэта было б самагубствам», – кажа ў размове з выданнем былы міністр культуры Беларусі і дыпламат, а цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

аз

Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да вайны

07.04.2024 11:35
У Беларусі прыняты новы закон, які дазволіць зняволеным служыць у войску са згоды дыктара.