Беларуская Служба

Аналітык Аляксандр Фрыдман: Пуцін зайшоў вельмі далёка — саступаць ужо няма куды

09.04.2024 12:30
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь рыхтуецца да вайны. Колькі ў гэтым бравады, а колькі сур'ёзных намераў? Паразмаўлялі з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Аўдыё
  • «Яго калькуляцыя вельмі простая: Захад не вытрымае, у нейкі момант здадуць нервы»
 .
Аляксандр Фрыдман.Фота з прыватнага архіву

Слухайце сюжэт у далучаным файле!

Найперш Адяксандр Фрыдман у размове падкрэслівае, што Аляксандр Лукашэнка як палітык любіць увагу да сваёй персоны, і яму падабаецца. Калі пра яго піша сусветная прэса.  Разам з тым аналітык кажа, што падобныя заявы будуць даспадобы ў Крамлі, хаця непасрэднага ўдзелу ў вайне беларускі аўтарытарны кіраўнік хацеў бы пазбегнуць.

Аналітык пагаджаецца, што цяпер зашмат алармізму ў публічнай прасторы. Разам з тым варыянт нападу Расіі на адну з балтыйскіх краін  – гэта той сцэнар, які разглядаюць заходнія выведкі, ваенныя аналітыкі.

«Такое можа адбыцца ў Літве, Латвіі ці Эстоніі. Польшча з пункту ваеннага зусім іншы ўзровень. А што тычыцца Літвы, то гэта малая краіна, з малой арміяй, кампактнай тэрыторыяй. Так, там ёсць НАТАўскія вайскоўцы, тыя ж нямецкія вайскоўцы, але тым не менш.

Ва ўсіх сцэнарыях абвастрэння Расія зробіць гэта, каб паказаць, што наступным будзе сусветная вайна, таму спыніцеся і выканайце нашыя патрабаванні. І Балтыйскія краіны для такога сцэнара добра падыходзяць.

Давайце паглядзім на расійскую рыторыку – яны штодзень разважаюць пра вайну, там з’яўляюцца заявы, і не тое што прапагандыстаў – чыноўнікаў! У сітуацыі сённяшняй Літвы, Балтыйскіх краін, улічваючы іх гістарычны досвед сувязяў з Савецкім саюзам і што з імі зрабілі ў 1939-940 годзе, было б дзіўна, калі б яны не ўспрымалі гэта ўсур’ёз», — кажа палітычны аглядальнік.

Разам з тым Аляксандр Фрыдман мяркуе, што адназначнага сцэнару такога нападу ў Крамлі пакуль няма. Пуцін мае намер і далей ціснуць на Захад, выстаўляць ультыматумы, і, можа быць, зможа дамагчыся  свайго, бо занадта высокія стаўкі.

«Яго калькуляцыя вельмі простая: Захад не вытрымае, у нейкі момант здадуць нервы і скажуць  «гэтыя рускія  хочуць Украіну пад сваім кантролем мець? Ну, хай ужо так і будзе. Жадаюць, каб мы вывелі свае войскі з краін Балтыі? Гэта вельмі непрыемна, але што зробіш, калі альтэрнатываю з’яўляецца трэцяя сусветная вайна з выкарыстаннем ядзернай зброі. Канешне, Літва, Латвія, Эстонія – прыгожыя краіны, але ці будзем мы рызыкаваць дзеля іх вайною, якая будзе адбывацца не толькі на тэрыторыі Літвы, але і Францыі, Германіі з магчымымі ядзернымі ўдарамі».

Вось гэта разлік Пуціна: яны не прынцыповыя, слабыя, меркантыльныя, яшчэ трошкі і даціснем. Калі карыстацца такой логікай, то можна павысіць стаўкі і напасці на тую ці іншую балтыйскую краіну», — разважае суразмоўца.

Але хто сказаў, што Расія будзе весці вайну так, як яна гэта робіць ва Украіне?

У публічным полі літоўскай палітыкі апошнім часам у сувязі з гэтымі акалічнасцямі з’явіліся заявы наконт таго, ці абавязанае НАТА заступіцца за свайго чальца, што гэта будзе найперш палітычнае рашэнне, што краіна ў любым выпадку мусіць пратрымацца мінімум два тыдні самастойна і гэтак далей.

«Канешне, НАТА мусіць рабіць гучныя заявы, падкрэсліваць, што яны будуць абараняць кожны міліметр тэрыторыі. Інакш нельга, бо гэта будзе запрашэнне для агрэсара. Але сітуацыя можа скласціся так, што аналагаў у сусветнай гісторыі яшчэ не было: калі будзе рэальная пагроза прымянення тактычнай, а можа быць, і стратэгічнай ядзернай зброі.

Уявім сабе сцэнар, які абмяркоўваецца: захапілі Сувалкаўскі калідор і што далей? Выбіць адтуль расійскую, а тым больш беларускую армію не складзе праблемы. Пачнецца ваенная аперацыя і ў такім выпадку Расія можа страціць Калінінградскую вобласць. Але хто сказаў, што Расія будзе весці вайну так, як яна гэта робіць ва Украіне (маецца на ўвазе пазіцыйная вайна — аўт.)?

Калі Расію пачынаюць выбіваць у гэты момант выходзіць Пуцін і кажа: «Так, калі вы зараз не спыняецеся, мы будзем прымяняць ядзерную зброю». Што ў гэты момант скажа амерыканскі прэзідэнт, брытанскі прэм’ер ці французскі прэзідэнт мы не ведаем. Ці будуць яны і далей гатовыя весці барацьбу з Расіяй, разумеючы, што будзе абмен ядзернымі ўдарамі і татальнае знішчэнне. Такіх сітуацый ніколі не было.

Канешне, паводле статутных дакументаў НАТА яны павінны абараняць, тут пытанняў быць не можа. Але гэта ізноў жа тэарэтычныя размовы, а што будзе ў практычнай сітуацыі? Спадзяюся, мы не дойдзем да гэтага», — гаворыць Аляксандр Фрыдман.

Суразмоўца адзначае, што заходнія аналітыкі кажуць пра тое, што пытанне з агрэсіяй Расіі найперш мусіць быць вырашана ва Украіне, бо, калі Захад яе здасць, гэта будзе пачаткам канца — Пуцін зайшоў вельмі далёка, ён разумее, што саступаць няма куды, бо наперадзе толькі трыбунал.   

вх