Беларуская Служба

Польшча аддае даніну памяці і пашаны ахвярам Смаленскай авіякатастрофы

10.04.2024 15:57
10 красавіка — 14-я гадавіна крушэння пад Смаленскам польскага прэзідэнцкага самалёта ТУ-154М з 96 шасцю асобамі на борце. Усе загінулі.
    (C-P)           ,  10.04.2024
Маршалак Сейма Шыман Галоўня (C-P) падчас цырымоніі перад помнікам ахвярам Смаленскай катастрофы на Вайсковых могілках Павонзкі, Варшава 10.04.2024 PAP/Paweł Supernak

Сярод ахвяраў смаленскай катастрофы — прэзідэнцкая пара Лех і Марыя Качыньскія, апошні Прэзідэнт Рэспублікі Польшча ў выгнанні Рышард Качароўскі, віцэ-спікеры Сейма і Сената, парламентарыі, камандуючыя галоўнымі ўзброенымі сіламі, асобы, якія займалі высокія пасады ў дзяржаве, духавенства, нашчадкі афіцэраў, забітых у Катыні, экіпаж самалёта ды супрацоўнікі Бюро бяспекі ўраду.

Самалёт вылецеў з варшаўскага аэрапорта а 7.30. Ён трымаў курс на Смаленск, адкуль члены дэлегацыі павінны былі адправіцца на аўтамабілях у Катынь на юбілейныя ўрачыстасці ў памяць забітых НКУС у 1940 г. польскіх салдат. Урачыстасці мусілі распачынацца а 9.30.

А 8.41 самалёт разбіўся ў раёне аэрапорта Смаленск-Паўночны.

Сёння а 8.41 палітыкі і польскае грамадства аддалі даніну памяці і гонару загінулым.

Палітыкі наведалі магілы трагічна загінулых, былі ўскладзеныя кветкі да мемарыяльных дошак.

Прэзідэнт Анджэй Дуда ўшанаваў памяць Леха і Марыі Качыньскіх на Вавелі ў Кракаве, дзе пахаваныя польскія каралі. Ён памаліўся і ўсклаў вянкі да саркафага прэзідэнцкай пары ў крыпце пад Срэбнымі званамі.

 - Мы сёння іх усіх згадваем. Таксама згадваем польскіх афіцэраў, знішчаных саветамі ў Катыні. Памятаем пра тых, хто ў тую страшную суботу 12 красавіка 2010 года ляцеў у Катынь і страціў жыццё. Усе яны ахвяравалі жыццё за Радзіму. Слава і вечная памяць героям!

Магілу бацькоў разам з прэзідэнтам наведала таксама Марта Качыньская - дачка Леха і Марыі Качыньскіх.

У Кракаве Анджэй Дуда ўсклаў вянкі на магілах ахвяраў Смаленскай катастрофы на трох могілках — у Ракавіцах, Сальватары і Бялянах.

Раніцаю палітыкі, мэр Варшавы і жыхары польскай сталіцы ўшанавалі памяць ахвяр авіякатастрофы на ваенных могілках Павонзкі ў Варшаве.

Спачатку прагучаў польскі гімн, затым былі зачытаныя імёны  загінулых.

"Смаленская авіякатастрофа аб'яднала ўсю нацыю, але, на жаль, у наступныя гады вакол яе вяліся палітычныя спрэчкі і з'явіліся спробы выкарыстаць трагедыю", сказаў віцэ-прэм'ер Кшыштаф Гаўкоўскі.  У інтэрв'ю Польскаму радыё ён падкрэсліў, што такія месцы і такія падзеі павінны назаўсёды заставацца месцам павагі і не правакаваць палітычных сварак.

 - Я памятаю тую смутную раніцу, калі быў  абуджаны навіной пра здарэнне з самалётам, але ніхто не думаў, што мы сталі сведкамі найбольшай авіякатастрофы ў гісторыі Польшчы. Спачатку паступалі паведамленні, што частка пасажыраў выжыла ў крушэнні, і я памятаю момант, калі прагучала інфармацыя, што ніхто не застаўся жывым. Гэта быў страшны дзень - многія мае калегі і каляжанкі загінулі. Гэта таксама была «лекцыя» для палітычных колаў, што сваркі нам не патрэбныя, бо не вядома, калі жыццё скончыцца.

Старшыня Сейма Шымон Галоўня пасля ўрачыстасці на Павонзках сказаў, што сённяшні дзень — дзень смутку і задумы, але таксама нагода зрабіць высновы цяперашнімі палітыкамі:

— Нам трэба навучыцца, што сваркі і нянавісць — драбяза  перад канцом, які і так прынясе рэчаіснасць. Нам трэба ведаць, што зараз мы працуем для Польшчы. Сённяшні дзень запоўняць успаміны. З гэтага месца мы адпраўляемся ў  Парламент, дзе таксама ўшануем памяць ахвяр Смаленскай  катастрофы. І я хачу, каб мы зрабілі высновы на будучыню і стараліся працаваць як мага лепш для Польшчы.

Адказваючы на ​​пытанне аб прычынах катастрофы, старшыня Сейма сказаў, што, на ягоную думку, польская дзяржава ўжо высветліла ўсе пытанні гэтай справы.

— Смаленская авіякатастрофа ўжо высветлена. Дзяржава падвяла вынікі, але нам нельга пра яе забываць. Мне здаецца, што яны — загінулыя — хацелі б, каб мы паміж сабою нармальна размаўлялі і ўрэшце пагадзіліся, што нам усім дарагая Польшча, нават, калі дасягнуць мэту кожны мае намер па-свойму.

Дзве камісіі, якія даследавалі прычыны Смаленскай авіякатастрофы, вызначылі, што гэта быў няшчасны выпадак. З гэтым не згодны брат загінулага прэзідэнта Яраслаў Качыньскі. Паводле яго і яго паплечнікаў, гэта быў замах, падрыхтаваны Расіяй. Спрабавала гэты тэзіс даказаць адмысловая камісія пад кіраўніцтвам Антонія Мацярэвіча, створаная ўрадам ПіС. Аднак за восем гадоў не прадставіла канчатковай справаздачы свайго следства.

Таму сёння партыя «Права і справядлівасць» падрыхтавала асобную праграму ўшанавання гадавіны крушэння прэзідэнцкага самалёта ў Смаленску у 2010 годзе. Урачыстасці ў Варшаве пачаліся са святой імшы, а лідар партыі Яраслаў Качыньскі на могілках Павонзкі з'явіўся пасля ўрадавай дэлегацыі.

Вечарам запланавана яшчэ адна імша і марш да Прэзідэнцкага палаца, дзе Яраслаў Качыньскі выступіць з прамовай.

яс