Беларуская Служба

Святлана Курс пра Катынскі расстрэл: Страшная аперацыя, у выніку якой хацелі адрэзаць Польшчы старую галаву і прышыць новую

12.04.2024 07:39
Савецкі Саюз цягам дзясяткаў гадоў не прызнаваўся ў злачынстве, толькі ў 90-ыя гады Расія прызнала, што палякаў расстрэльвала НКВД.
Аўдыё
  • Катынскае злачынства - страшная аперацыя саветаў супраць палякаў.
      .
Інсталяцыя на панадворку Катынскага музею ў Варшаве.Фота: Наталля Грышкевіч/БСПР

Красавік – чорны месяц польскай гісторыі. 10 красавіка адзначалася 14-ая гадавіна трагічнай гібелі амаль сотні прадстаўнікоў польскай эліты ў Смаленскай авіякатастрофе. А гэтая падзея была непасрэдна звязаная з гадавінай Катынскага злачынства, на ўшанаванне якой накіроўваўся ўрадавы самалёт, каб прадстаўнікі польскіх уладаў маглі ўшанаваць памяць расстраляных у 1940 годзе амаль 22 тыс. польскіх ваеннапалонных у СССР пад Смаленскам, у Катынскім лесе. 13 красавіка 1943 года нямецкае радыё паведаміла пра адкрыццё масавых пахаванняў на тэрыторыі, акупаванай у той час нямецкай арміяй. Савецкі Саюз цягам дзясяткаў гадоў не прызнаваўся ў злачынстве, толькі ў 90-ыя гады Расія прызнала, што палякаў расстрэльвала НКВД.

Беларуская пісьменніца Святлана Курс (літ. псеўданім Ева Вежнавец) працуе гідам у Катынскім музеі ў Варшаве. 

- Калі я даведалася пра Катынскае злачынства, я думала, што час закрыць старыя раны і не раздрапваць іх, яны павінны пакрыцца ўжо шнарамі. Але пазней я пабачыла, што калі гэтага не даследаваць, калі не вяртаць гістарычную памяць, то страшныя прывіды мінулага вяртаюцца. Гэта было тады, калі рэжым у Беларусі пачаў мацнець і фізічна знішчаць апанентаў. Лёс мяне закінуў у Катынскі музей. Я была моцна страсянутая, шок гэты дагэтуль яшчэ не прайшоў. Я зразумела, што гэта была аперацыя адна з самых страшных, хоць не самая маштабная. Былі горшыя акцыі КДБ і Гестапа супраць палякаў. Напрыклад, у акцыі КДБ у 1937-1938 гадах у Савецкім Саюзе было забіта 111 тысячаў палякаў, якія жылі на тэрыторыі Усходняй Беларусі і Усходняй Украіны. 111! А тут – 22 тысячы. Але чаму гэтае злачынства такое страшнае? Таму што яны мелі гэтай аперацыяй, як казаў адзін з катаў, “адрэзаць Польшчы старую галаву і прышыць новую”. Знішчылі не толькі афіцэраў, але і афіцэраў рэзерву, усю польскую паліцыю, жандармерыю, суды – у тых гарадах, куды дацягнуліся саветы, чыноўнікаў, памежнікаў, адміністрацыю, усіх, хто ў сваіх мясцовасцях уяўляў аўтарытэт – лекараў, настаўнікаў, спартоўцаў... Таму ў ПНР пад кіраваннем камуністаў так цяжка было адрадзіць польскую эліту.

Акрамя таго, была вялізная фальсіфікацыя – на працягу 50-ці гадоў Савецкі Саюз перакладваў віну на немцаў. Палякі, канешне, ведалі, хто гэта зрабіў, але афіцыйна нельга было пра гэта казаць.

- Гэта вялікая несправядлівасць, якая доўжылася сапраўды 50 гадоў. Заходнія альянты, якія ваявалі поплеч з Савецкім Саюзам – Брытанія, Амерыка – гэтую хлусню падтрымлівалі, бо ім было страшна сварыцца са Сталіным. Яны баяліся Сталіна, нават калі ён заходзіў на агульныя спатканні, яны ўсе ўставалі, улічваючы Чэрчыля. Яны думалі, што Савецкі Саюз – вельмі моцная дзяржава, якая трымае пад сабой Еўропу, яна ж мае зброю масавага паражэння. У сваіх краінах яны заціскалі катынскіх сведкаў, якія ацалелі. Яны не давалі сказаць праўду сваім ваеннапалонным, якіх немцы прывозілі на эксгумацыю, каб тыя ваеннапалонныя перадалі сваім урадам, што гэта не немцы стралялі. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль Савецкі Саюз не пачаў падаць.

Але і дагэтуль некаторыя ў Расіі спрабуюць перапісаць гісторыю і казаць, што гэта немцы.

- Дзе ж некаторыя! Гэта паступова робіцца мэйнстрымам. Вышэйшыя кіраўнікі таталітарнай дзяржавы пачынаюць казаць, што стралялі немцы. На шчасце, пакуль не даходзіць да знішчэння польскіх могілкаў у Расіі, а ў Беларусі гэта мае месца. Я ўжо не кажу, што знішчаюцца месцы памяці сваіх, беларускіх грамадзян, замучаных камуністычным рэжымам. Гэтыя спадчыннікі камуністычнага рэжыму ніколі не шанавалі сваіх людзей, заўсёды яны былі расходным матэрыялам.

Усю гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

нг