Беларуская Служба

Міграцыйны пакт дзеліць Еўрасаюз 

16.04.2024 13:56
Штогод краіны ЕС будуць салідарна прымаць па 30 тысяч мігрантаў. Польскі ўрад і палітычныя сілы выступаюць супраць дадзенага пакту.
Аўдыё
  • Міграцыйнае пытанне стала гарачай тэмай падчас выбараў у Еўрапарламент
Ілюстрацыйнае фотаImage by kalhh from Pixabay/СС0

На днях Еўрапейскі парламент ухваліў новае міграцыйнае заканадаўства, якое атрымала назву «Пакт аб мігрантах і ўцекачах». Дакумент уводзіць так званы механізм добраахвотнай салідарнасці. Яго запуск будзе азначаць прыняцце ды размеркаванне штогод не менш чым 30 тысяч мігрантаў у краінах ЕС. Тыя дзяржавы, якія адмовяцца будуць плаціць 20 тысяч еўра за кожнага непрынятага мігранта або будуць удзельнічаць у аперацыях па супрацьдзеянні нелегальнай міграцыі на знешніх межах Супольнасці. Гаворыць старшыня Еўрапарламенту Рабэрта Мэцола.

- Гэты новы Пакт аб міграцыі ды ўцекачах стаў завяршэннем 10-гадавага заканадаўчага працэсу. Мы прагаласавалі за пакет, які забяспечвае аднолькавыя заканадаўчыя рамкі для ўсіх краін ЕС, якія ставяць на першае месца прынцып чалавечнасці, з разуменнем усіх складанасцяў дадзенай справы, з гарантыяй бяспекі для вонкавых меж Еўропы, уводзячы ясную ды празрыстую працэдуру разгляду дакументаў з захаваннем балансу паміж салідарнасцю ды адказнасцю з шанаваннем базавых правоў.

Міграцыйны пакт датычыцца не толькі пераразмеркавання мігрантаў. Ёсць таксама палажэнні аб паскарэнні разгляду хадайніцтваў аб прадстаўленні прытулку, больш хуткай дэпартацыі людзей, якія не маюць права на міжнародную абарону, і лепшай ідэнтыфікацыі мігрантаў на межах, у тым ліку зняцці адбіткаў пальцаў ва ўсіх, хто нелегальна спрабуе трапіць у Еўропу, зазначыў выцэ-старшыня Еўракамсіі Маргарытыс Скінас.

- Уводзіцца сістэма, якая абапіраецца на еўрапейскае права, фінансуецца за еўрапейскія сродкі і стварае адзіную працэдуру: праверкі, памежнага афармлення, прызнання прытулку ды дэпартацыі.

Рэформа міграцыі і прытулку была прапанавана Еўракамісіяй у 2016 годзе, але яе разгляд зацягнуўся, паколькі некаторыя краіны выступілі супраць механізму салідарнага пераразмеркавання. Блакаду ўдалося пераадолець, калі было адмененае патрабаванне аднагалоснасці пры разглядзе дадзенай справы.

Старшыня ЕК Урсула фон дэр Ляен і камісары, адказныя за міграцыйную палітыку, віталі вынікі галасавання ў Еўрапейскім парламенце.

- Міграцыя - гэта еўрапейскі выклік, на які трэба адказаць эфектыўным, справядлівым і цвёрдым еўрапейскім рашэннем. Вось што забяспечвае Пакт. Дакумент прынясе сапраўдную розніцу для ўсіх еўрапейцаў.

Аднак далёка не ўсе ў ЕС віталі прыняты Пакт аб міграцыі. Аднымі з першых свой супраціў выказалі ўрады Славакіі ды Польшчы. Польскі прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў, што Міграцыйны пакт у прынятым выглядзе непрымальны для Польшчы. Непасрэдна перад галасаваннем Дональд Туск заявіў, што польскія еўрадэпутаты, звязаныя з фракцыяй Еўрапейскай народнай партыі, выступілі супраць прынятага рашэння.

- Польскія дэпутаты ў Еўрапарламенце, прынамсі з нашай фракцыі, выступалі супраць Міграцыйнага пакту. Я б хацеў, каб дыскусія на гэтую тэму завяршылася. Я разумею, што шмат хто незадаволены нашым стаўленнем, але я не перадумаю. Я буду трымацца свайго, асабліва ў святле апошніх падзей ды візавых скандалаў. Мы не пагаджаемся на механізм пераразмеркавання мігрантаў. Не выключаю, што пасля выбараў у Еўрапарламент, там зменіцца расклад сіл. У любым выпадку мы будзем імкнуцца абараніць Польшчу ад дзеяння механізма пераразмеркавання.

Маршалак Марэк Савіцкі заявіў, што прымусовае пераразмеркаванне мігрантаў, якое прасоўвае ЕС, непрымальнае. Палітык з Польскай сялянскай партыі падкрэсліў, што такія рашэнні, як Міграцыйны пакт, не абмяжуюць прыток мігрантаў у Еўропу.

- Устаноўка бар’ераў на мяжы ды павелічэнне колькасці жаўнераў не выратуюць сітуацыю. Чым больш мы будзем закрываць межы, тым больш будзе жаданне карыстацца заможнасцю і свабодамі нашага свету з боку грамад з бедных і занядбаных краін. Еўропа павінна замест міграцыйных пактах засяродзіцца на тым, як выкупіць лішкі харчавання ў Еўропе, Амерыцы ды перадаць яе ў якасці гуманітарнай дапамогі ў тыя рэгіёны, дзе пануе голад.

Рух «Канфедэрацыя» таксама выступіў супраць Міграцыйнага пакта, пра што заявіў адзін з лідараў Кшыштаф Босак у рамках выбарчай кампаніі ў Еўрапарламент, якая праходзіць пад лозунгам «Хочам жыць нармальна».

У размове з Польскім радыё палітык зазначыў, што правілы Еўрасаюзу, якія абавязваюць краіны-сябры прымаць імігрантаў, прывядуць да краху еўрапейскай  эканомікі.

- Гэта справы, якія не абапіраюцца на канстытуцыйныя трактаты, і яны псуюць наша жыццё ды стан эканомікі, і будуць уплываць у будучыні.

Кандыдат ад Руху Ева Заянчкоўска-Гернік нават абвясціла, што будзе ініцыяваць стварэнне парламенцкай следчай камісіі па расследаванні нелегальнай іміграцыі ў ЕС.

- Каб стварыць такую камісію патрэбна падтрымка 180 еўрадэпутатаў. Я думаю, што цяпер добры момант на стварэнне такой камісіі. Вельмі важна высветліць, хто падтрымлівае і прасоўвае нелегальную міграцыю ў ЕС, хто дае палітычную падтрымку арганізаваным групам злачынцаў, якія займаюцца гандлем людзьмі, прывозячы іх у ЕС. Гэты працэс вельмі каардынаваны, ён вельмі небяспечны для еўрапейскіх жанчын і дзяцей.

Палажэнні міграцыйнага пакта ўступяць у сілу ў 2026 годзе. Апошнім крокам стане прыняцце краінамі-членамі міграцыйнага пакта. Але гэта будзе фармальнасцю. Пытанне міграцыі стала гарачай тэмай падчас цяперашняй выбарчай кампаніі ў Еўрапарламент.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч