Беларуская Служба

Парада ад сацыёлага беларусам замежжа: Выкарыстоўваць больш мясцовую і беларускую мову ў сваёй паўсядзённай камунікацыі

16.04.2024 16:27
Неабходна выпрацаваць калі не агульны наратыў, то хаця б тэзісы для супольнага прасоўвання.
Аўдыё
:
Фота: Цэнтр новых ідэй/Павел Крычко

Як бачаць Беларусь і беларусаў за мяжой, як успрымаецца беларуская рэвалюцыя 2020 года і пазнейшыя падзеі, звязаныя з вайной ва Украіне і ўдзелу ў ёй Беларусі? Цэнтр новых ідэй правёў даследаванне публікацый у замежных сродках масавай інфармацыі. 

У другой палове 2020 года Беларусі была на хвалі – змаганне беларусаў за дэмакратычныя каштоўнасці прыцягвала ўвагу ўсяго свету, замежныя СМІ шмат пісалі пра Беларусь. З таго час прайшло амаль 4 гады, на жаль, вобраз Беларусі і беларусаў значна памяняўся ў вачах свету. Цэнтр новых ідэй правёў даследаванні, у якіх сфакусіраваў увагу на тым, як замежныя медыя апісваюць цяпер беларускія пытанні.

Аналітык Цэнтра новых ідэй (ЦНІ), сацыёлаг Генадзь Коршунаў правёў аналіз вынікаў даследавання. Эксперт распавёў, што не існуе адзінага вобразу Беларусі ў замежных СМІ, ён моцна адрозніваецца ў залежнасці ад краіны. Калі ў 20-ым годзе беларусы былі ў вачах свету змагарамі за свабоду, дык у 2022-ім, калі пачалася поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны, яны для шырокай аўдыторыі сталі суагрэсарамі. Але шмат залежыць ад дзяржавы, дзе рабіўся маніторынг. Што цікава, у палякаў назіраецца найбольш адэкватнае разуменне працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. А вось у Літве баяцца беларусаў. У сваю чаргу, грузіны па-рознаму ставяцца ў залежнасці ад пакалення.

- Скажам, у Грузіі мала ведаюць пра Беларусь, а калі ёсць разуменне, то яно залежыць ад узросту рэспандэнта. У старэйшага пакалення – гэта сацыяльная дзяржава, працуючыя заводы, чысціня, парадак... Сярод моладзі веды пра беларускі пратэст значна больш распаўсюджаныя, таксама, як і пра рэпрэсіі. Праз тое і спачуванне да беларусаў большае. У палякаў найбольш лагодны падыход і адэкватнае разуменне працэсаў. Для іх Беларусь захопленая дыктатурай, але не заміраная, краіна, якая змагаецца. Яны бачаць гістарычныя паралелі паміж тым, што адбываецца ў Беларусі, і сваёй «Салідарнасцю». Яны разумеюць, што гэта за цяжар, і колькі часу ім спатрэбілася, каб вырашыць сітуацыю. У Літве, калі пачалася кампанія з «ліцвінізмам», пачалі баяцца беларусаў. Літоўцы – малы народ, яны баяцца, што мы адбяром Вільню. Відавочна, што новыя падзеі захінулі сабой вобраз рэпрэсаванай Беларусі. Аднак, беларусы працягваюць карыстацца рэпутацыяй працавітых, адказных, дысцыплінаваных людзей.

Найбольш папулярнымі тэмамі ў замежных выданнях у дачыненні Беларусі сталі: асоба Лукашэнкі, вобраз уладаў/рэжыму, а таксама стасункі Лукашэнкі і Пуціна. Найменш заўважныя тэмы: добраахвотнікі, валанцёры, партызаны, вобраз дэмакратычных сілаў і Святлана Ціханоўская. Таксама агулам знізілася глыбіня расповеду пра Беларусь: артыкулы часта падаюць краіну як другаснага ўдзельніка ў агрэсіі Расіі супраць Украіны, абмінаюцца дэталі і кантэкст падзей 2020-га года.

Па словах дырэктаркі і даследчыцы ЦНІ Лесі Руднік, часцей за ўсё аб’ектам увагі з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка.

- Лукашэнка згадваецца ў 30% прааналізаваных артыкулаў. Прэзідэнтам яго найчасцей называлі ў выданнях з Японіі, Францыі, ЗША і Вялікабрытаніі. Як легітымнага прэзідэнта Лукашэнку абазначалі ў палове ўкраінскіх артыкулаў, эпітэты «дыктатар» і «аўтакрат» часцей за ўсё выкарыстоўваліся таксама ва ўкраінскіх выданнях і польскіх. А ў Германіі Лукашэнку называлі «лідарам» ці «кіраўніком Беларусі». Замежныя медыя часта малююць вобраз беларускіх уладаў як агрэсараў, якія нясуць пагрозу суседзям. Стасункі Лукашэнкі і Пуціна часцей за ўсё апісваюцца як сяброўскія.

Што павінны рабіць прадстаўнікі беларускай дыяспары, каб паляпшаць імідж беларусаў за мяжой? Перш за ўсё трэба ўзмацняць сувязі паміж асноўнымі суб’ектамі дыяспары, - адзначае Генадзь Коршунаў.

- Выпрацаваць трэба калі не агульны наратыў, то хаця б тэзісы для супольнага прасоўвання. Арыентавацца на лакальныя супольнасці з іх мовай, гісторыяй, палітычнай сітуацыяй. Класічны варыянт, які не дапрацоўваецца: мець пул экспертаў з розных сфер, якія могуць каментаваць звязаныя з Беларуссю падзеі на мясцовых медыя і на мясцовых мовах. Выкарыстоўваць больш мясцовую і беларускую мову ў сваёй паўсядзённай камунікацыі.

Вайна ва Украіне стала адной з найбольш цэнтральных падзей, праз якія асвятлялася Беларусь у міжнародных СМІ. У адрозненне ад мінулага года, аднак, міжнародныя СМІ засяроджваліся не столькі на саўдзеле рэжыму Беларусі ў расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, колькі на больш канкрэтных падзеях і навінах.

Цэнтр новых ідэй

нг