Беларуская Служба

Блогеры і аналітыкі абвінавачваюць украінскае камандаванне ў маніпуляцыі дадзенымі

29.04.2024 13:56
Аляксандр Сырскі выказаў здагадку, што непаразуменне звязана з дынамікай развіцця падзей.
    .
Сітуацыя на фронце вельмі складаная. Фота: 93 ОМБр Холодний Яр

Do Rzeczy піша, што ўкраінскае камандаванне, магчыма, маніпулюе дадзенымі з фронту. Незалежныя ўкраінскія аналітыкі крытыкуюць уладу за «нерэальную» інфармацыю пра сітуацыю на фронце.

Тактычныя наступальныя дзеянні Расіі цяпер адбываюцца штодня і адлюстроўваюць новы тэмп на полі бою. Блогеры і ваенныя аналітыкі крытыкуюць паведамленні з афіцыйных крыніц аб стратах Украіны, абвінавачваючы іх у нерэальнасці.

Асноўныя намаганні Расіі ў цяперашні час сканцэнтраваны ў Данецкай вобласці, дзе, паводле маніторынгавай групы DeepState, расійскія войскі наступаюць у васьмі розных месцах на лініі фронту. «У той жа час, па меры адыходу войскаў і павелічэння страт, ваенныя блогеры крытыкуюць афіцыйныя ўкраінскія паведамленні, абвінавачваючы Узброеныя сілы ва ўсё больш нерэальных навінах з поля бою», — паведамляе CNN.

«Мы можам з задавальненнем глядзець бясконцыя відэа, як выбух раздзірае на кавалкі рускага (вайскоўца). Аднак побач ёсць яшчэ адно месца, якое патрабуе ўвагі. Расіяне спакойна рухаюцца па вёсцы, кантралююць яе. Можна паўтараць па тэлебачанні, што дзве траціны вёскі знаходзяцца пад кантролем украінскіх вайскоўцаў, але рэальнасць зусім іншая», — піша DeepState.

На гэтыя закіды ў нядзелю адказаў камандуючы ўкраінскай арміяй Аляксандр Сырскі, які выказаў здагадку, што непаразуменне звязана з дынамікай развіцця падзей. Але ў той жа час Сырскі прызнаў, што агульная сітуацыя ва Украіне пагоршылася.

Шматлікія заходнія аналітыкі, а таксама ўкраінскія афіцыйныя асобы бачаць у цяперашнім узмацненні расійскай актыўнасці знак буйной спробы наступу гэтай вясной. Лічыцца таксама, што Масква хоча выкарыстаць сваю значную перавагу ў боепрыпасах да таго часу, калі на лінію фронту даставяць узбраенне з ЗША.

нг