Беларуская Служба

Чаму спецслужбы папярэдняга ўраду Польшчы праваронілі беларускага агента Шмыта

09.05.2024 13:39
Урад ПіС меў усе магчымасці перашкодзіць гэтаму.
Офіс партыі Права і справядлівасцьshutterstock.com

У дзяржаве пад кіраўніцтвам партыі "Права і справядлівасць" спецслужбы засяродзіліся найперш на палітыках апазіцыі. Таму Томаш Шмыт, хутчэй за ўсё супрацоўнік беларускіх спецслужбаў, мог спакойна займацца агентурнай дзейнасцю, піша Барташ Веліньскі ў выданні Gazeta Wyborcza.

Якія шкоды нанёс Польшчы Томаш Шмыт? - Вялізарныя, - піша аўтар. Суддзя выдаваў рашэнні ў Ваяводскім адміністрацыйным судзе па 48 справах, якія тычыліся доступу да засакрэчанай інфармацыі. Яму сталі вядомымі дадзеныя дзясяткаў функцыянераў польскіх спецслужбаў. Цяпер ён прадае гэта беларускім і расійскім службам.

Заходнія разведвальныя службы б'юць трывогу, што Крэмль рыхтуе атакі на крытычную інфраструктуру і тэракты на тэрыторыі краін НАТА. У такіх абставінах Беларусь вывозіць свайго агента.

Урад ПіС меў усе магчымасці перашкодзіць гэтаму

Веліньскі піша, што ўрад ПіС меў усе магчымасці перашкодзіць гэтаму. Аднак кіраўніцтва краіны засяродзілася на праследаванні палітычных праціўнікаў - адсочвала тэлефоны пракурораў, генералаў, кіраўнікоў гарадской управы, якія крытычна выказваліся пра дзеянні тагачасных уладаў.

Спецслужбы не зафіксавалі, што ў чэрвені 2023 г. Шмыт на некалькі дзён паехаў у Беларусь, паведаміў цяперашні каардынатар спецслужбаў Томаш Семоняк (Tomasz Siemoniak).

Учора Галоўны адміністрацыйны суд узбудзіў дысцыплінарную справу ў дачыненні да Шмыта. Аднак герой беларускай прапаганды ў сацсетках піша, што ён надалей застаецца польскім суддзёй, а ў Мінск прыехаў прадставіць сваю пазіцыю, таму што Польшча вядзе несправядлівую палітыку ў дачыненні да Беларусі і Расіі. У сераду ён працяг свой маршрут па беларускіх медыя, дзе заяўляў пра пагрозы для незалежнасці Польшчы і пра амерыканскія ўплывы. Усё выстаўляў на сваім профілі на платформе Х на расійскай мове, паведамляе чытачам Gazeta Wyborcza.

яс