Беларуская Служба

Прадстаўнік апазіцыі пра суддзю Шмыта: Калі б не вета прэзідэнта, такіх сітуацый магло б не быць

10.05.2024 16:55
«Мы рэфармавалі б сістэму правасуддзя, у тым ліку аператыўнага кантролю за суддзямі».
      .
Былы суддзя Томаш Шмыт збег у Беларусь.Фота: x/@SebastianPiton

У Польшчы не сціхае рэзананс пасля рашэння былога суддзі Адміністрацыйнага суда сталіцы Томаша Шмыта (Tomasz Szmydt) з’ехаць у Беларусь і папрасіць там палітычнага прытулку. Выданне Do Rzeczy прыводзіць меркаванне дэпутата Еўрапарламенту ад партыі «Права і справядлівасць» Ёахіма Брудзіньскага (Joachim Brudziński). Той кажа, што калі б не вета прэзідэнта Анджэя Дуды, гэтага магло б не адбыцца.

Адказваючы на пытанне радыёстанцыі RMF FM, якім чынам «Права і справядлівасць» не заўважыла такіх людзей, як Шмыт, у сваім палітычным асяроддзі, еўрадэпутат адказаў, што нельга цалкам звязваць Шмыта з асяроддзем ПіС.

«Шмыт быў прадстаўніком асяроддзя, якое вуснамі вельмі важных суддзяў заяўляла пра сябе, што яны - надзвычайная каста», – сказаў Брудзіньскі, падкрэсліваючы, што менавіта «Права і справядлівасць» патрабавала рэфармавання судовай сістэмы.

Палітык нагадаў, што ў 2000 годзе Вярхоўны суд прыняў рашэнне, што суддзі не павінны падвяргацца ніякаму кантролю з боку структур контрразведкі. На ягоную думку, гэта памылка. «Безумоўна, іх трэба правяраць», – адзначыў Брудзіньскі.

Згадваючы пра спробу Аб'яднаных правых сілаў рэфармаваць судовую сістэму, у выніку якой Еўракамісія распачала працэдуру за парушэнне вяршэнства права, Брудзіньскі спаслаўся на тагачаснае рашэнне кіраўніка дзяржавы.

«Трэба шчыра сказаць, што калі б не вета прэзідэнта Анджэя Дуды, магчыма, такіх сітуацый не было б, таму што мы рэфармавалі б сістэму правасуддзя, у тым ліку аператыўнага кантролю за суддзямі», - сказаў еўрадэпутат ПіС.

У чацвер старшыня Вярхоўнага адміністрацыйнага суда прыняў заяву Шмыта аб адстаўцы з пасады суддзі з неадкладным уступленнем у сілу. Гэта значыць, што ён ужо не суддзя.

нг