Пра тое, што Польшча не будзе ашчаджаць на бяспецы, заявіў прэм’ер краіны падчас наведвання польска-беларускага памежжа.
Пра неабходнасць умацавання польска-беларускай мяжы ў сувязі з міграцыйным ціскам і ростам пагрозы ў выніку агрэсіі Расіі супраць Украіны і ў сувязі з «нявызначанай геапалітычнай сітуацыі» заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас наведвання ўсходняй мяжы Польшчы.
Непасрэдна на мяжу Дональд Туск прыехаў у суботу. Непасрэднай прычынай паездкі былі апошні скандал з польскім суддзём, які ўцёк у Беларусь, а таксама сталы міграцыйны ціск на мяжы. Кіраўнік ураду таксама хацеў праявіць падтрымку службам, якія ахоўваюць мяжу.
Пасля брыфінгу з вайскоўцамі і афіцэрамі Памежнай службы ў мястэчку Каракулы на Падляшшы Дональд Туск падкрэсліў, што ў гэтую справу мусіць падключыцца і Еўрасаюз, бо гэта знешняя мяжа:
-Мы распачалі працы над сучасным умацаваннем. Гэтыя ўмацаванні ў рознай форме будуць узнікаць на нашай усходняй мяжы, мы пра гэта будзем інфармаваць грамадства. Гэта не толькі мяжа Польшчы, але і Еўрасаюзу. Таму ў мяне няма ніякіх сумневаў, што цэлыя Еўропа павінна будзе зрабіць інвестыцыю ў сваю бяспеку, інвестуючы ў бяспеку нашай усходняй мяжы.
Дональд Туск таксама запэўніў функцыянераў Памежнай службы аб поўнай падтрымцы іх дзеянняў з боку дзяржавы:
-Я прыехаў сёння перадусім для таго, каб у камандзіраў і іх падначаленых не было ні найменшага сумнення ў тым, што польская дзяржава, польскі ўрад побач з імі ў любой сітуацыі тут, на мяжы. Я хачу, каб грамадства ведала больш пра надзвычай цяжкую і патрабавальную службу і місію людзей, якія ўдзельнічаюць у ахове польскай мяжы. У гэтым выпадку на беларускім адрэзку, але і на цэлай мяжы.
.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што не будзе ніякай эканоміі, калі гаворка ідзе пра бяспеку краіны:
-Я паабяцаў вашаму начальству, што калі гаворка ідзе пра бяспеку Польшчы, то няма лімітаў на выдачу сродкаў. Як было вырашана раней, што мы не будзем ашчаджаць на абсталяванні для войска і жаўнераў, на пакупцы сучаснай зброі. Не будзе абмежаванняў для службы на мяжы. Памежная служба і паліцыя, якая тут служыць, могуць лічыць на нас і ў будучыні, калі гаворка ідзе пра абсталяванне.
Апошнімі днямі віцэ-прэм’ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што ўрад рыхтуе цэлы план умацавання мяжы з Беларуссю і Расіяй. У дадатак да інвестыцый у існуючы плот, плануецца пабудаваць сховішчы і акопы:
-Неабходна ўзмацніць плот. Там працуе Памежная служба, паліцыя, Войска Польскае. Візіт прэм’ера даказвае падтрымку польскага ўраду сілаў бяспекі. Калі казаць пра ўзмацненне аховы на нашай мяжы, на ўсходнім флангу, то гэта нашая адказнасць. Яе мэта і абараняць, і адпужваць. Гэта рэалізацыя місіі ў будаванні бяспекі цэлага альянсу, якую нам даверылі.
Тэму візіту прэм’ера на Падляшша ў эфіры Польскага радыё 24 пракаментавалі вайсковыя эксперты. Барташ Главацкі з часопіса «Raport» сказаў, што гэта добрае рашэнне, якое паказвае салідарнасць урада з вайскоўцамі, якія служаць на мяжы. «Гэта візіт для падняцця духу», - дадаў эксперт:
-Паказаць не толькі нашым жаўнерам і грамадству, але і цэламу свету, што мы пануем над сітуацыяй, што мы гатовыя да ўсялякіх наступстваў і далейшых крокаў.
У сваю чаргу галоўны рэдактар «Nowa Technika Wojskowa» Марыюш Цельма заявіў, што візіт кіраўніка ўраду на мяжу звязаны з неабходнасцю часу. Ён нагадаў, што падчас пасяджэння Калегіі спецслужбаў абмяркоўвалася, сярод іншага, сітуацыя на мяжы:
-Мы ўсе чулі пра справу ўжо былога суддзі. Гэта добра, што прэм’ер хоча быць прысутны на месцы. Папярэдняя ўлада часта паяўлялася ў такіх уразлівых месцах. Напэўна польска-беларуская мяжа, дзе ідзе міграцыйная атака на нашую мяжу, з’яўляецца такім месцам. Ёсць заявы пра ўзмацненне сіл у гэтым раёне.
Абвешчаныя ўзмацненні мяжы пракаментаваў Юліюш Сабак з Defense Portal. Як ён падкрэсліў, «д'ябал хаваецца ў дэталях»:
-Ускладніць праціўніку магчымасці перамяшчацца – гэта някепская ідэя. Але ці будова ў сённяшнія дні акопаў, бункераў з’яўляецца добрай ідэяй? Вельмі сумняваюся. Хіба што мы плануем весці вайну так, як гэта адбываецца ва Украіне. Усе бачаць, што гэта заканчваецца вялікімі стратамі.
На думку Дональда Туска, сітуацыя на польска-беларускай мяжы «вельмі складаная». Ён заявіў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі не толькі эксплуатуе мігрантаў, але і ўсё часцей завозіць людзей, «якія не маюць дачынення ні да міграцыі, ні да палітычнага прытулку». Міністр нагадаў, што тэма з'яўлення замежнікаў на мяжы з Беларуссю «выклікае эмоцыі», прынамсі ў членаў арганізацый, якія жадаюць дапамагчы гэтым людзям. - Гэта не можа зацямніць самы важны факт: бяспека ўсіх польскіх жанчын і польскіх мужчын залежыць ад Памежных службаў кожны дзень, з раніцы да вечара, - адзначыў ён.
ав