Аб ліквідацыі ўрокаў рэлігіі ў школах не можа быць гаворкі, гэта вынікае з Канкардата – дамовы, якую Польшча ў 1993 годзе заключыла з Ватыканам, нагадаў віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш у інтэрв’ю каталіцкаму выданню Gość Niedzielny.
Тыднёвік нагадвае, што Уладзіслаў Касіняк-Камыш узначальвае Міжведамасную групу па справе Касцельнага фонда, якая пачала сваю дзейнасць у лютым.
Касцельны фонд быў створаны ў 1950 годзе. Ён павінен быў стаць формай кампенсацыі канфесіям і рэлігійным абʼяднанням за перанятую дзяржавай маёмасць. Паводле закона, з канфіскаванай маёмасці павінен быць створаны маёнтак, даходы ад якога павінны быць падзеленыя паміж канфесіямі прапарцыянальна памеру канфіскаванай маёмасці. Аднак згаданы план ніколі не быў рэалізаваны, а памер канфіскаванай касцельнай маёмасці, кошт і прыбытак ад ёй ніколі не былі ацэненыя. У цяперашні час Касцельным фондам карыстаюцца ўсе канфесіі і рэлігійныя аб’яднанні, якія легальна дзейнічаюць у Польшчы – іх 185. З 1990 года асноўнай крыніцай фінансавання фонда зʼяўляецца дзяржаўны бюджэт.
Паводле выбарчых абяцанняў прэм’ера Дональда Туска, у бліжэйшыя гады Касцельны фонд павінен быць ліквідаваны.
«Спадзяюся, што ў чэрвені мы зможам выпрацаваць агульнае папярэдняе рашэнне, а падчас вакацыяў пачнем пра гэта гаварыць з прадстаўнікамі касцёлаў і рэлігійных абʼяднанняў. Дыялог па рыхтаваных законах вельмі важны», – падкрэсліў кіраўнік Мінабароны.
Уладзіслаў Касіняк-Камыш таксама закрануў пытанне ўрокаў рэлігіі ў школах. Нагадваем, міністр нацыянальнай адукацыі Барбара Навацкая лічыць, што ў школе ўвогуле не павінна быць урокаў рэлігіі. Мінадукацыі прапануе з новага школьнага года скараціць іх колькасць да адной гадзіны ў тыдзень.
«Праблема не ў тым, дзе праводзяцца заняткі па рэлігіі, а ў тым, што ў многіх выпадках яны проста на нізкім узроўні. Пра гэтую праблему паведамляюць бацькі, і гэта часта становіцца прычынай адмовы дзяцей ад гэтых урокаў», – лічыць Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
аз