Беларуская Служба

Экспертнае меркаванне: У Польшчы доўгі час ігнараваліся расійскія ўплывы

16.05.2024 17:15
У Польшчы гучна абмяркоўваецца тэма расійскіх і беларускіх уплываў у грамадска-палітычным жыцці краіны.
Аўдыё
  • Экспертка пра пагрозу рэжыму Лукашэнкі для Польшчы
Ілюстрацыйны здымакEPA/MAXIM SHIPENKOV Dostawca: PAP/EPA.

беларускаДадзеная тэма здаўна прыцягвала экспертаў ды аналітыкаў, а цяпер яна загучала шырэй у медыях ды сацыяльных сетках.

Каталізатарам справы стала гісторыя польскага суддзі, які нядаўна з’ехаў у Беларусь, дзе папрасіў палітычны прытулак. Цяпер ён актыўна выказваецца ў сацыяльных сетках, хвалячы рэжым Лукашэнкі за «дабрабыт і стабільнасць». Так на платформе «Х» (былы Twitter) суддзя «уцякач» назваў лукашэнкаўскую Беларусь «па-сапраўднаму свабоднай і бяспечнай» краінай.  У Польшчы суддзю назвалі дэзерцірам і прапагандыстам, адкрыта заяўляючы, што перабежчык цалкам падкантрольны беларускім спецслужбам.

Разам з тым, польскі ўрад збіраецца ствараць камісію па расследаванні расійскіх і беларускіх уплываў. Гэта значыць, што сярод польскага кіраўніцтва з’явілася разуменне сур’ёзнасці пагрозы з боку расійскага і беларускага рэжымаў. Наколькі гэта сур’ёзная пагроза, і чаму яе раней не заўважалі, мы паразмаўлялі з аналітыкам сацыяльных сетак, інфармацыйных пагроз, асабліва расійскай дэзінфармацыі ў Польшчы Аннай Межыньскай, аўтаркай кнігі «Разбуральны эфект. Як дэзінфармацыя ўплывае на наша жыццё», якая выйшла ў 2022 годзе ў выдавецтве «Агора».

-  Польскія даследчыкі, якія займаюцца вывучэннем дадзенага пытання, даўно кажуць пра наяўнасць расійскіх уплываў у Польшчы, ці шырэй усходнееўрапейскіх. Сёння да расійскіх уплываў трэба дадаць яшчэ беларускія ўплывы. Гэтыя дзве дзяржавы супрацоўнічаюць паміж сабой у сферы спецслужб. На сённяшні дзень трэба казаць пра тое, што расійскія ўплывы ў Польшчы вельмі сур’ёзныя. Дарэчы, яны здаўна. Яшчэ ў камуністычныя касы Польшча была ў абшары ўздзеяння Савецкага Саюза. Цяпер уздзеянне працягваецца, асабліва ў агентурнай сферы. Сітуацыя сур’ёзная, якую ў Польшчы доўгі час ігнаравалі, сістэмна не займаліся.

Пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне пагроза толькі вырасла, зазначае экспертка.

- Цягам апошніх васьмі гадоў, асабліва пасля расійскага ўварвання ва Украіне, расійскія ўплывы ў Польшчы значна пашырыліся. У звязку з тым, што іх ніхто не аналізаваў, не вялося следства ў гэтай справе, расійскія ўплывы свабодна разрасталіся. Нават абсалютна легальна, што бачна па тым, што ў Польшчы дзейнічаюць які мінімум тры палітычныя партыі, якія адкрыта выступаюць з прарасійскай пазіцыяй, супрацоўнічаюць з Расіяй ды Беларуссю. Яны свабодна бяруць удзел у выбарах. Такім чынам, расійскія ўплывы ёсць, і трэба імі заняцца. Хаця б для таго, каб пабачыць, ці Расія фінансава кагосьці падтрымлівае, ці кантакты з Расіяй ды Беларуссю маюць крымінальны характар, парушаюць заканадаўства. Мы павінны пра ўсё гэта ведаць.

У Польшчы ў адрозненні ад балтыйскіх дзяржаў не было вялікай расійскай меншасці, быў недавер да Расіі. Што цяпер змянілася, што расійскі наратыў пачаў рэзанаваць у польскім грамадстве?

- Расійскія ўлады дасканала ведаюць, што палякі негатыўна ставяцца да Расіі. Таму Крэмль не дзейнічае наўпрост, не папулярызуе Расію, але распаўсюджвае погляды ды тэзы, карысныя для Крамля. Сёння, гэта антыукраінскі ды антызаходні наратыў, то бок негатыўнае стаўленне да НАТА, ЕС і ЗША, а таксама супраць падтрымкі для Украіны. Для Крамля сёння ключавы момант -  аслабляць пазітыўнае стаўленне палякаў да Украіны, спрыяць памяншэнню колькасці людзей у Польшчы, хто лічыць, што польская дзяржава павінна інтэнсіўна дапамагаць Украіне, як гэта робіцца цяпер. Гэта шматгадовая дзейнасць, для іх дастаткова будзе, што паволі ўсё больш палякаў будуць заяўляць, што выступаюць супраць падтрымкі для Украіны. Менавіта да гэтага імкнецца Крэмль цяпер.

Вы казалі пра тое, што ў Польшчы справа расійскіх уплываў была занядбаная. У чым гэта праяўляецца?

-  Нават ва ўмовах расійскай агрэсіі ва Украіне, расіяне маглі ў Польшчы свабодна пачувацца, весці прадпрымальніцкую дзейнасць. Шмат АТ заснавалі менавіта расіяне. Цяпер высветлілася, гэта адкрыла візавая камісія ў Сейме, аналізуючы праграмы, якія дазвалялі расійскім айцішнікам прыязджаць у Польшчу, што ва ўмовах вайны расіяне свабодна атрымоўвалі шэнгенскія візы. Вядома, гэтым карысталіся і звычайныя людзі, але нельга выключыць, што Расія скарысталася праграмай, каб павялічыць сваю агентуру ў Еўрапейскім Саюзе. Польскія ўлады ніякім чынам не кантралявалі дадзены рух, ніхто не правяраў хто прыязджаў. Ніхто не кантраляваў, дзе працуюць расійскія айцішнікі, ці гэта не звязана са стратэгічнай інфраструктурай. Дадзенае пытанне праігнаравалі, хаця з пункту гледжання бяспекі ўсяго ЕС яно вельмі важнае.

Аднак, калі прафесійныя спецслужбы праігнаравалі справу, чым можа дапамагчы камісія экспертаў?

- Пакуль не вядома, што змажа зрабіць камісія. Трэба дачакацца таго, як будзе прапісаная яе роля і паўнамоцтвы ў законе. Увогуле дзейсны закон не адпавядае Канстытуцыі, яго трэба мяняць. Толькі тады можна будзе адказаць больш канкрэтна. Пры гэтым, на маю думку, камісія зможа расследаваць у супрацы з пракуратурай, напрыклад, фінансавыя сувязі ды рух грошай. Інакш кажучы, высветліць, ці канкрэтныя прарасійскія групы, якія дзейнічаюць у Польшчы, атрымліваюць фінансавую падтрымку з Расіі. Гэта будзе доказ супрацы з Расіяй, і ў выніку можна будзе перадаваць справы ў пракуратуру і ў суд.

У суседняй Літве таксама ў звязку з пагрозай для бяспекі ўводзяцца абмежаванні ў дачыненні да людзей, што едуць з Беларусі. Ці ў Польшчы можа быць падобна, ці ўвогуле, польскія службы справяцца, гледзячы на маштаб эміграцыі з Беларусі.

- Што тычыцца людзей, якія прыехалі з дзяржаў Усходняй Еўропы, жывуць у Польшчы, і служылі ў ворганах правапарадку ў Беларусі, іх трэба правяраць. Але гэтым не павінна займацца камісія, толькі дзяржаўныя службы. Патрэбна больш уважлівае стаўленне да дадзенай справы, чым цяпер. Не ідзецца пра дэманстрацыю недаверу да беларусаў, што жывуць у Польшчы. Шмат хто з іх быў вымушаны ўцякаць ад рэжыму Лукашэнкі. Для нас важна, каб яны тут добра пачуваліся, мы разумеем іх сітуацыю. Аднак беларусаў пераследавалі іншыя беларусы, якія служылі ў структурах бяспекі. Калі такія людзі сёння ў Польшчы, мы павінны ведаць, хто яны, што рабілі, і ці яны не супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі, як агенты, перадаючы беларускім уладам інфармацыю пра беларускую апазіцыю, якая застаецца ў Польшчы. Адпаведныя службы ў Польшчы павінны ведаць, хто з’яўляецца пагрозай.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч