Беларуская Служба

Хіба «Усходні шчыт» не пра пастаянныя барʼеры на мяжы? Тлумачыць генерал

21.05.2024 12:36
«Усходні шчыт» (Tarcza Wschód) патрабуе заканадаўчых зменаў, якія дазволяць дзейнасць на прыватнай зямлі.
  ()
Расійскія акупанты (ілюстрацыя)Фота: Naletova Elena/Shutterstock

«Усходні шчыт» — гэта больш падрыхтоўка складоў інжынерных матэрыялаў і навучанне падраздзяленняў, чым будаўніцтва барʼераў, тлумачыць брыгадны генерал у адстаўцы Багуслаў Бенбенек (Bogusław Bębenek), былы кіраўнік Ваенна-інжынернага факультэту, цяпер акадэмічны выкладчык.

Абвешчаны ў суботу прэмʼер-міністрам Дональдам Тускам праект быў названы «не толькі вельмі неабходным, але і вельмі тэрміновым».

«Між тым, назіраючы за аналізамі і размовамі, удзельнічаючы ў парламенцкім семінары ў пачатку года, я бачу, што аб праекце гавораць, але мала што робіцца. Краіны Балтыі і Скандынавіі пачалі працу, а мы абмяркоўваем», — гаворыць брыгадны генерал у адстаўцы Багуслаў Бенбенек.

Не толькі мяжа з Расіяй і Беларуссю

Ён падкрэсліў, што, на яго думку, сам праект «павінен датычыцца не толькі мяжы з Калінінградскай вобласцю Расійскай Федэрацыі і Беларуссю, але ўсёй усходняй мяжы, пачынаючы ад Літвы і заканчваючы Славакіяй.

«На дадзены момант мы не ўпэўненыя, як будзе вырашацца канфлікт паміж РФ і Украінай, гэта значыць поўнамаштабная вайна, якая працягваецца. Таму мы не ўпэўненыя, што сухапутны агрэсар не захоча ўвайсці на тэрыторыю Польшчы з Украіны», — дадаў ён.

Неабходныя змены ў заканадаўстве

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць тэрміновага ўнясення змяненняў у заканадаўства. Шырыня памежнай паласы складае некалькі метраў, а тэрыторыя далей — прыватная зямля. Каб дзяржава магла нешта ўстанавіць на гэтых землях, патрэбныя адпаведныя прававыя акты.

Справа не ў будаўніцтве ўмацаванняў

«Размова ідзе не аб будаўніцтве інжынерных або фартыфікацыйных загарод. На мой погляд, размова ідзе пра стварэнне перадавых складоў інжынерных сродкаў – тэхнікі і матэрыялаў і падрыхтоўку падраздзяленняў, якія пры неабходнасці маглі б на гэтых складах пачаць будаўніцтва рознага роду фартыфікацыйных збудаванняў, стварэнне «глыбока развітага пояса інжынерных збудаванняў», — сказаў Багуслаў Бенбенек.

Ён звярнуў увагу на спецыфічныя ўмовы ў асобных краінах, якія падвяргаюцца рызыцы нападу з Усходу.

«У Эстоніі прынята рашэнне аб будаўніцтве 600 бункераў. Можна задацца пытаннем, ці ёсць падобная неабходнасць у нашай краіне, улічваючы, што геапалітычная і ваенна-палітычная абстаноўка на мяжы Эстоніі і Расійскай Федэрацыі іншая, чым на ўсходняй мяжы? Магчыма, варта падумаць аб зборы матэрыяльных сродкаў, падрыхтоўцы кадраў і ўсведамленні маштабу праблемы, якая, на мой погляд, выходзіць за межы граніцы з Расійскай Федэрацыяй і Беларуссю», – адзначыў ён.

У суботу прэмʼер-міністр Дональд Туск абвясціў аб асновах Плана нацыянальнай абароны і стрымлівання «Усходні шчыт» (Tarcza Wschód). Урад абвясціў, што выдзеліць на гэтую праграму 10 мільярдаў злотых.

forsal.pl/вх