У эфіры Трэцяга каналу Польскага радыё адбылася дыскусія пад назвай “Шпіёны Пуціна і Лукашэнкі ў Польшчы”. У апошні час тэма інвігіляцыі Польшчы разведкамі недружалюбных краін, перш за ўсё Беларусі і Расіі, трапіла на павестку дня ў сувязі з уцёкам былога польскага суддзі Томаша Шмыта. Польскія спецыялісты па пытаннях спецслужбаў і бяспекі зазначаюць, што Шмыт мог быць завербаваны беларускай альбо расійскай разведкай. Дыскусію ў студыі Польскага радыё вяла журналістка Рэната Грохаль. Прыводзім важныя фрагменты размовы.
Удзельнікамі размовы ў студыі былі былы дырэктар Службы ваеннай контрразведкі брыгадны генерал Пётр Пытэль, былы дырэктар Вайсковай інфармацыйнай службы (разведка і контрразведка – рэд.) брыгадны генерал Марэк Дукачэўскі, былая афіцэр контрразведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі маёр Анна Грабоўска-Сівец і журналіст Гжэгаж Жэчкоўскі, які ў прафесійнай працы займаецца пытаннямі спецслужбаў і бяспекі.
Як на сённяшні дзень можна ахарактэрызаваць узровень інфільтрацыі Польшчы расійскімі спецслужбамі пасля таго, як у Беларусь уцёк былы суддзя Томаш Шмыт, які хутчэй за ўсё з’яўляецца расійскім альбо беларускім агентам? Адказвае генерал Пётр Пытэль.
- Я лічу, што ўзровень інфільтрацыі высокі. Прычым у нас актыўныя як грамадзянская разведка, так і вайсковая, якая цікавіцца дапамогай Украіне і шпіёніць за транспартнымі калідорамі, па якіх ва Украіну пастаўляецца зброя і тэхніка. Расійскую разведку таксама цікавіць крытычная інфраструктура, у тым ліку энергетычная, таму што расіяне, трэба меркаваць, думаюць у катэгорыях магчымай вайны з краінамі нашага рэгіёну – у далейшай ці бліжэйшай перспектыве.
У 2013-14 гадах, калі расіяне рыхтаваліся да анексіі Крыму, быў заўважаны рост актыўнасці расійскіх разведак – вайсковай і грамадзянскай, - якія стараліся павялічыць колькасць сваіх агентаў уплыву, што мелі запэўніць расіянам адпаведны наратыў, звязаным з заняццем Крыму.
Як спецслужбы вярбуюць агентаў? Адказвае генерал Марэк Дукачэўскі.
- Існуюць чатыры асноўныя прынцыпы вярбоўкі: грошы, ідэалогія, шантаж і эгаізм. Гэта тыповыя прыклады вярбоўкі. Чалавека можна шантажаваць, напрыклад, кампраметуючым яго фактам. Можна прапанаваць грошы па прынцыпу “не існуе людзей, якіх нельга падкупіць”. Прычым для адных гэта можа быць 5 тыс. долараў, для іншых – 5 млн долараў – практычна кожнага можна падкупіць. Ідэалогія – вельмі папулярны прэтэкст вярбоўкі. Памятайма пра “Кембрыджскую пяцёрку”. Таксама людзі ў Польшчы, якія цяпер актыўныя ў польскай палітыцы, раней захапляліся Чэ Геварай альбо іншымі героямі з прарасійскімі поглядамі. Гэта людзі, якія будуць знаходзіцца ў коле зацікаўлення замежных спецслужбаў. І чацвёрты элемент – эгаізм. У кожнага чалавека прысутнічае нейкі эгаізм, хоць існуюць мужчыны, як гаворыцца, што калі б упалі з узроўню свайго эгаізму на ўзровень свайго інтэлекту, то б забіліся.
Я прыпомню 2013 год і вядомую “дактрыну Герасімава” – “вайны новага пакалення”, “кіравання хосам”. Цяпер мы з'яўляемся сведкамі прымянення інфармацыйнай зброі трэцяга пакалення. Яна заключаецца ў тым, што расіяне выбіраюць актыўныя грамадскія групы, якія з'яўляюцца праціўнікамі палітыкі беларускага і расійскага рэжымаў, і гэтых людзей знішчаюць. Але адначасова ствараюць і падтрымліваюць грамадскія групы, якія, у выпадку агрэсіі, будуць падтрымліваць агрэсара і прасоўваць яго ідэі.
Маёр Анна Грабоўска-Сівец зазначае, што, на жаль, у Польшчы спецслужбы маюць праблему з кантролем за палітыкамі, у сувязі з чым яны могуць быць лёгкай цэллю для вярбоўкі альбо сочкі за імі замежнымі спецслужбамі.
- У працы польскіх спецслужб – шмат занядбанасці, прычым гэта адбылося не толькі ў час папярэдняга ўраду, але гэты працэс назіраецца шмат гадоў. Многія гады палітыкі стваралі такую дзяржаўную сістэму, у якой яны маглі заставацца па-за кантролем. Сістэма польскіх спецслужбаў створаная такім чынам, каб на яе мелі ўплыў палітыкі. Кіраўнікі спецслужбаў прызначаюцца не за заслугі для іх, а паводле палітычнага ключа. Такім чынам, цягам дзясяткаў гадоў так здаралася, што кіраўнікі спецслужбаў атрымлівалі пасады не таму, што былі добрымі спецыялістамі, а таму, што мелі палітычныя кантакты. Я служыла 16 гадоў пры розных уладах і сустракалася з такой сітуацыяй, што калі ў аператыўнай контрразведвальнай працы з’яўлялася прозвішча палітыка з кіроўнай партыі, то бывала, што яго распрацоўка спынялася. І нават калі аператыўны афіцэр, які займаўся справай, лічыў, што яе трэба працягваць, то і так гэта залежала не ад яго, а ад начальства. На жаль, польская палітычная сцэна незалежна ад палітычнай арыентацыі, пачынаючы з 1990 года, не хацела, каб службы кантралявалі палітычнае асяроддзе.
Журналіст Гжэгаж Жэчкоўскі звяртае ўвагу на тое, што спецслужбы павінны правяраць палітыкаў шырэй, чым прадстаўнікоў іншых прафесій ці грамадскіх групаў.
- Палітыкі – не асобная група, яны жывуць у грамадстве. Контрразведка павінна правяраць палітыкаў яшчэ больш, чым некага іншага. Чаму палітыкаў правярае Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро на прадмет карупцыі, а не правяраем іх на прадмет замежнага ўплыву, не толькі расійскага? Палітыкаў неабходна правяраць у тым ліку і таму, каб іх ахоўваць ад спробаў уплыву замежных разведак.
У сакавіку ў Вільні быў здзейснены напад на расійскага апазіцыянера, паплечніка Аляксея Навальнага Леаніда Волкава. Паводле літоўскіх і польскіх спецслужб, напад заказаў грамадзянін Беларусі, а здзейснілі двое палякаў – футбольных фанатаў. Генерал Дукачэўскі зазначае, што асяроддзе футбольных фанатаў даўно знаходзіцца ў сферы зацікаўлення расійскіх спецслужбаў.
- Распрацоўка асяроддзя футбольных фанатаў упісваецца ў расійскую дактрыну “вайны трэцяга пакалення”. “Кіраванне хаосам” – гэта па-першае, а па-другое – перацягванне на свой бок грамадскіх групаў, якія будуць зацікаўленыя падтрымкай палітыкі патэнцыйнага агрэсара. І перш за ўсё за грошы.
Маёр Анна Грабоўска-Сівец звяртае ўвагу на тое, што ў Польшчы неабходна значна ўзмоцніць контрразведку – як цывільную, так і вайсковую.
- Я б хацела звярнуць увагу на тое, што контрразведцы, ці то вайсковай, ці цывільнай, неабходныя сілы і сродкі. І Служба ваеннай контрразведкі, і дэпартамент контрразведкі Агенцтва ўнутранай бяспекі – гэта найменшыя спецслужбы ў Польшчы па колькасці супрацоўнікаў. Таму лічу, што першае, што трэба зрабіць, гэта ўзмоцніць польскую контрразведку. Дарэчы, частку кампетэнцый Агенцтва ўнутранай бяспекі варта перадаць паліцыі, напрыклад, барацьбу з эканамічнай злачыннасцю. Цяпер плануецца ліквідацыя Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро і перадача задач спецслужбы Агенцтву ўнутранай бяспекі. Я лічу, што гэта кепская ідэя, каб спецыялісты АУБ займаліся карупцыяй. Агенцтва ўнутранай бяспекі павінна перш за ўсё займацца контрразведкай. Бо ўсе гавораць, што АУБ – гэта контрразведка, але насамрэч гэта невялікі дэпартамент.
Нагадаем, у студыі Трэцяга каналу Польскага радыё адбылася дыскусія пад назвай “Шпіёны Пуціна і Лукашэнкі ў Польшчы”. Падчас размовы спецыялісты расказалі слухачам пра пагрозы, звязаныя з дзейнасцю ў Польшчы беларускай, але перш за ўсё расійскай разведак.
вс
слухайце аўдыёфайл