У выданні Gazeta Wyborcza вялікі артыкул аўтарства Барташа Веліньскага пра праграму ўмацавання мяжы Польшчы з Беларуссю пад назваю «Шчыт Усход». На думку аўтара, на мяжы не патрэбныя магутныя ўмацаванні, накшталт Лініі Мажыно, але неабходна яе пастаянна маніторыць. З зямлі, паветра і космасу. Гэта патрабуе інфраструктуры, высакаякаснай апаратуры і падрыхтаваных спецыялістаў. Польшча можа ўзяць прыклад з Эстоніі, яе аховы мяжы з Расіяй. Аднак неабходна спяшацца. Атакі на мяжу здараюцца штодзённа, а будзе яшчэ горш, гібрыдная вайна стане больш жорсткай.
Войска на польска-беларускай мяжы павінны пастаянна дэманстраваць сваю прысутнасць. Салдаты павінны ведаць кожны куст, кожны паварот на дарозе. Нельга, каб паўтарылася сітуацыя першых дзён Другой сусветнай вайны, калі Польшча аказалася зусім не падрыхтаваная да нападзення Германіі, хаця ўрад пераконваў, што армія гатовая. Калі Расія напала на Украіну, польскі ўрад таксама пераконваў, што збудуе самую магутную армію ў Еўропе, але аказалася, што ўзбраенне куплялі ў спешцы, скажам, карэйскія баявыя самалёты Фа-50, на якіх палякі не былі гатовыя лятаць. А збудаваная на мяжы з Беларуссю агароджа аказалася неэфектыўнай.
Умацаванні на мяжы павінны паказаць Пуціну і Лукашэнку, што на гэты раз Польшча гатовая бараніцца. Плот, патрулі, датчыкі дапамогуць ахоўваць граніцу, але не ад кожнай пагрозы. Калі Польшча не створыць сучаснай сістэмы супрацьпаветранай абароны, расійскія ракеты змогуць залятаць на яе тэрыторыю. Збудаванне грамадзянскай абароны таксама не павінна зацягнуцца на гады. Акрамя таго, Расія шмат разоў паказала, што яна карыстаецца кіберзброяй. Ці польская банкаўская сістэма ўмее ад яе бараніцца? Ці серверы дзяржаўных установаў устойлівыя на такое нападзенне?
Аднак самае галоўнае – змена ментальнасці жыхароў. Улада павінна пераканаць грамадзян, што спакойны час закончыўся. Калі мы хочам жыць у міры, неабходна рыхтавацца да вайны.
нг