25-27 мая 2024 адбыліся выбары ў Каардынацыйную раду Беларусі. Гэтая ўстанова пазіцыянуе сябе як прататып будучага парламенту дэмакратычнай Беларусі, а выбары, як першае галасаванне, дзе голас падлічаць. Аднак дэмакратычным палітыкам пакуль не ўдалося здабыць давер беларусаў і на выбарах у КР прагаласавала вельмі мала людзей. Эксперты крытыкуюць Раду за неэфектыўнасць і адарванасць ад жыцця. Разам з тым, гучаць меркаванні, што дзейнасць КР патрэбная як сімвал ды альтэрнатыва таталітарызму Лукашэнкі.
У жніўнi 2020 года па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай была створана Каардынацыйная рада Беларусі з прадстаўнікоў грамадскасці ды дэмакратычнай апазіцыі дзеля пераадолення палітычнага крызісу ў краіне пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. За апошнія тры гады Каардынацыйная рада пачала пазіцыянаваць сябе як прататып парламенту пры лідарцы Ціханоўскай.
У апошнія выходныя адбыліся першыя выбары ў КР. Аднак перадвыбарчая кампанія не вельмі ўдалася. З крытыкай кіраўніцтва Рады выступіла частка грамадскіх актывістаў ды апазіцыйных палітыкаў, сярод як такія вядомы асобы як Сяргей Навумчык да Аляксандр Мілінкевіч. Напярэдадні галасавання ад выбараў былі адсунутыя шэраг выбарчых спісаў за некарэктную рэкламу ды гендарную няроўнасць. Спецыялісты казалі пра слабую працу па інфармаванні выбарцаў ды прасоўванні ідэі Каардынацыйнай рады. У выніку пасля трох дзён галасавання, адбыўся поўны правал, кажа наш аглядальнік палітолаг Павал Усаў.
- Галоўная праблема ў тым, што не было асэнсавання сітуацыі, у якой апынулася беларуская эміграцыя, беларускае грамадства ўнутры краіны, а таксама стану апазіцыйных структур. Людзі, якія арганізавалі выбарчы працэс сыходзілі з ідэалістычных уяўленняў. Яны дэманстравалі ўра-падыход: галоўнае зрабіць, а там пабачым. Яны праігнаравалі крызіс сярод дыяспары, дзе адбылася дэмабілізацыя і дэмаралізацыя дэмакратычнай супольнасці. Яны зладзілі “міжсабойчык апазіцыйнай арыстакратыі”, які не вырашаў ніякіх практычных і канкрэтных праблем звычайных людзей. Мы чуем заявы пра стварэнне фондаў падтрымкі, але шмат людзей апынуліся ў складанай эканамічнай сітуацыі за мяжой, сістэмнай дапамогі ім не аказваецца. Расце расчараванне, што адныя гуляюць у выбары, а іншыя не ў стане звесці канцы з канцамі. На нашых вачах сфармавалася палітычная апазіцыйная арыстакратыя і пралетарыят. Апошні займаецца выжываннем, а арыстакратыя змагаецца за тое, каб захаваць увагу міжнародных структур. Комплекс непралічаных праблем шырыцца, што і прывяло да правалу.
У сваю чаргу палітолаг Зміцер Міцкевіч перакананы, што Каардынацыйная Рада надалей патрэбная, бо паказвае настроі сярод дэмакратычнай часткі беларускага грамадства.
- Каардынацыйная рада – гэта орган для абмеркавання перспектыў, мадэль дэмакратычнай супольнасці. Там ёсць розныя фракцыі ды практыкі, што ёсць адлюстраваннем палітычнага поля. Нават гендарнае пытанне ініцыявала дыскусію, як мінімум сярод дыяспары. Беларускае грамадства ў Беларусі не заангажавалася ў гэтыя выбары, бо ўплыў Рады на падзеі ў Беларусі невялікі. Пры гэтым – гэта не азначае, што ад яе трэба адмаўляцца, бо гэты орган прызнаны міжнароднымі структурамі ў якасці інстытута для вядзення перамоў з Беларуссю і дэмакратычнымі сіламі. На маю думку варта Раду прасоўваць і варта адпавядаць парламенцкім стандартам, калі абралі форму прота- парламента.
За два дні галасавання на выбарах у КР прагаласавала крыху больш за 6 тысяч чалавек з магчымых 300 тысяч. Гэта сведчанне нізкай эфектыўнасці ініцыятараў выбараў, аднак сама ідэя Каардынацыйнай рады пазітыўная, зазначае аналітык варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі.
- На маю думку, кожны кірунак актыўнасці важны і мае значэнне, пры ўмове, што ёсць добрае выкананне. Каардынацыйная рада мелася быць прота-парламентам, хоць і без улады і канкрэтных паўнамоцтваў на тэрыторыі Беларусі. Аднак эміграцыйныя структуры заўсёды маюць сваю спецыфіку і крыху віртуальны характар, пры гэтым яны застаюцца сімвалам супраціву таму, што адбываецца ў краіне, і адначасова прапановай альтэрнатывы ў стасунку да сумнай і трагічнай таталітарнай рэчаіснасці ў Беларусі. З гэтага пункту гледжання, Каардынацыйная Рада мае важнае значэнне. Аднак, калі мы паглядзім на тое, як гэтыя выбары былі падрыхтаваныя і праведзеныя, з’яўляецца шмат пытанняў адносна легітымнасці дадзенай ініцыятывы. Мы ўжо бачым, што не вельмі шмат людзей прагаласавала. У асноўным гэта эміграцыя, людзі з Беларусі праігнаравалі. Зразумела, ёсць страх перад рэпрэсіямі, але і абыякавасць таксама да ініцыятывы, якая ім нічога не прапануе. Трэба прызнаць, што выбары ладзяцца ў складанай сітуацыі, спецыфічных умовах, але нават так можна было б некаторыя рэчы зрабіць лепш. У першую чаргу паклапаціцца пра лепшае інфармаванне. Людзі толькі тыдзень таму даведаліся як галасаваць, мала хто ўвогуле ведае пра гэтыя выбары. Я думаю можна было прыцягнуць да выбараў 50-100 тысяч галасуючых, бо беларуская эміграцыя гэта некалькі сотняў тысяч чалавек. За галасы гэтых людзей можна было пазмагацца, але тут кепска спрацавалі.
Беларускія дэмакратычныя сілы спрабуюць захавацца ў эміграцыі. Яны арганізаваліся вакол двух структур: Офіса Святланы Ціханоўскай (як прота-прэзідэнта) ды Каардынацыйнай рады, якая прадстаўляецца як прота-парламент для дэмакратычнай Беларусі. На днях адбыліся выбары ў гэтую структуру, аднак, выбарчая кампанія правалілася, да еўрапейскіх парламенцкіх стандартаў апазіцыйная КР пакуль не дацягвае. Гэта сведчанне праблем у асяроддзі беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама пагаршэння настрояў сярод беларускай дыяспары, кажуць эксперты
Юры Ліхтаровіч