Польшча будзе абараняць кожны сантыметр сваёй тэрыторыі. У гэтым дапаможа анансаваная ўладамі Нацыянальная праграма стрымлівання і абароны, ці «Усходні шчыт». Праект прадугледжвае, між іншым, будаўніцтва розных фартыфікацыйных збудаванняў, барʼераў і сучасных сістэмаў кантролю паветранай прасторы. Усё гэта ўздоўж усходняй мяжы Польшчы.
Дэталі праграмы «Усходні шчыт» прэзентавалі сёння ў Генштабе Войска Польскага. Пра сістэму інвестыцый на польскай мяжы з Беларуссю і Расіяй гаварылі, між іншым, віцэ-прэм’ер, кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш і адзін з ягоных намеснікаў Цэзары Томчык.
«Усходні шчыт» – гэта сістэма стрымлівання, запэўніў віцэ-прэм’ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш(Władysław Kosiniak-Kamysz). Паводле яго, дзякуючы рознага віду ўмацаванняў і загародаў, польскае памежжа з Беларуссю і Расіяй павінна быць лепш абароненае і больш бяспечнае для жыхароў:
- Задачы шчыта – гэта абарона тэрыторыі Польшчы. Гэта ўскладненне ў перамяшчэнні войскаў праціўніка і адначасова аблягчэнне ў перамяшчэнні польскай арміі. Гэта таксама ахова насельніцтва і гарантыя бяспекі жаўнераў. Дзеля гэтага неабходны шматгадовы план, які бярэ пад увагу будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў, рознага віду загародаў, а таксама самыя сучасныя электронныя сістэмы аховы.
Будаўніцтва ўмацаванняў на ўсходняй мяжы Польшчы зойме чатыры гады. Рэалізацыя праграмы запланаваная на 2024-2028 гады.
Начальнік Генштаба Войска Польскага генерал Веслаў Кукула(Wiesław Kukuła) паведаміў, што ў канчатковым выніку ў выпадку неабходнасці армія на ўсходзе Польшчы будзе неадкладна гатовая да баявых дзеянняў:
– Канчатковым вынікам павінна быць узмацненне абарончага патэнцыялу дзяржавы і падрыхтоўка памежжа да абароны. Гаворка ідзе пра стварэнне магчымасці неадкладнага разгортвання сілаў і пачатку баявых дзеянняў.
Намеснік міністра абароны Цaзары Томчык(Cezary Tomczyk) лічыць, што польскі «Усходні шчыт» павінен быць лагічным працягам сістэмы, якую будуюць краіны Балтыі:
– Мы адбылі ўжо размовы з нашымі калегамі з Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія будуюць «Балтыйскую лінію абароны». Мы хочам, каб «Усходні шчыт» і «Балтыйская лінія абароны» спалучыліся ў адну сістэму.
У рамках праграмы «Усходні шчыт» польскія ўлады плануюць стварыць на ўсходняй і паўночна-ўсходніай межах Польшчы восем перадавых аператыўных базаў. Таксама запланаваныя мачты і электронныя сістэмы назірання, датчыкі, здольныя выяўляць беспілотнікі і сховішчы для жаўнераў і мірнага насельніцтва.
Намеснік міністра абароны Павел Залеўскі(Paweł Zalewski) дадаў, што абароне ад пранікнення праціўніка ў глыб краіны павінны служыць не толькі тыпова ваенныя перашкоды, але таксама натуральныя:
– Гаворка ідзе пра сістэму невялікіх фартыфікацыйных збудаванняў, якія дазвалялі б стварыць кропкі супраціву. Гаворка ідзе таксама пра сістэму захоўвання матэрыялаў і элементаў загародаў, якія ў неабходнасці можна было хутка выкарыстаць. У рамках сістэмы мы плануем выкарыстаць таксама натуральную сістэму водазатрымання і лесапасадку.
Папярэдні кошт рэалізацыі праграмы «Усходні шчыт» ацэньваецца ў 10 мільярдаў злотых (больш за 2 мільярды еўра), нагадаў Намеснік міністра абароны Цaзары Томчык:
- Гэта вялікая інвестыцыя, як у маштабе Польшчы, так і НАТА. Гэта буфер бяспекі, які для нас усіх мае велізарнае значэнне. Мы хочам, каб сродкі на рэалізацыю праекта паходзілі, як з дзяржбюджэта, так і бюджэта Еўрасаюза. Вайсковае забеспячэнне ўсходняй і паўночнай межаў Польшчы, гэта таксама забеспячэнне мяжы Еўрасаюза і НАТА.
У мерапрыемствы ў рамках будаўніцтва «Усходняга шчыта» ўрад плануе ангажаваць мясцовая ўлады і субʼекты гаспадарання, якія пацярпелі з-за складанай сітуацыі на ўсходняй мяжы. Плануецца таксама ў глыб краіны гэтак званы памежны пояс.
Улады нагадваюць, што забяспечыць трэба агулам 700 кіламетраў мяжы, у тым ліку 400 кіламетраў з Беларуссю. Паводле прадстаўнікоў польскіх уладаў, Нацыянальная праграма стрымлівання і абароны, інакш «Усходні шчыт»- гэта найбуйнейшая аперацыя па ўмацаванні ўсходняй мяжы Польшчы і ўсходняга фланга НАТА з 1945 года.
«Усходні шчыт»- гэта міжведамасны праект. Акрамя Міністэрства нацыянальнай абароны, у каардынацыі задач праграмы будуць удзельнічаюць Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, Міністэрства дзяржаўнай маёмасці і Міністэрства інфраструктуры.
IAR/аз