Беларуская Служба

Мясцовыя ўлады і Белавежскі нацыянальны парк занепакоеныя планамі ўвядзення буфернай зоны на мяжы з Беларуссю

03.06.2024 09:14
Буферная зона непакоіць мясцовыя ўлады, кіраўніцтва Белавежскага нацыянальнага парку, няўрадавыя арганізацыі і мясцовае насельніцтва.
Агратурыстычная сядзіба ў вёсцы Пухлы на ПадляшшыPolskie Radio/Jolanta Śmiałowska

Мясцовыя ўлады і Белавежскі нацыянальны парк занепакоеныя планамі ўвядзення буфернай зоны з 4-а чэрвеня, чытаем на сайце Dziennik.pl са спасылкай на Польскае агенцтва друку.

Мясцовыя ўлады Гайнаўскага павета выказалі занепакоенасць рашэннямі ўрада аб абмежаванні знаходжання ў памежнай зоне з Беларуссю. Найперш непакояць фінансавыя страты, якія чакаюць мясцовы турызм. Белавежскі нацыянальны парк хоча як мінімум змяніць межы буфернай зоны. Мясцовыя звярнуліся ў гэтай справе да прэм'ер-міністра.

Аб стварэнні буфернай зоны шырынёй прыкладна 200 метраў ад лініі мяжы абвясціў у мінулую сераду прэмʼер-міністр Дональд Туск. Рашэнне зʼяўляецца вынікам узмацнення міграцыйнага ціску і нападаў на польскія службы з беларускага боку. Толькі за апошнія дні некалькі вайскоўцаў і афіцэраў Памежнай службы пацярпелі ад такіх нападаў.

Праект пастановы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі на гэты конт ужо апублікаваны. Згодна з палажэннем, буферная зона ахоплівае 27 населеных пунктаў. Забарона часовага пражывання будзе дзейнічаць з 4-а чэрвеня на працягу 90 дзён.

У адказ на гэты праект прадстаўнікі самакіравання Гайнаўскага павета напісалі сумесны ліст адрасаваны прэм’ер-міністру, у якім выказалі «глыбокую заклапочанасць».

Як падкрэсліваецца, Гайнаўскі павет зарабляе пераважна турызмам, а «магнітам» зʼяўляюцца Белавежская пушча і Белавежскі нацыянальны парк. Аднак забарона ахоплівае частку Белавежы і некаторыя турыстычныя маршруты ў парку. «Уключэнне забароны на доступ да часткі ляснога комплексу азначае пазбаўленне ад крыніц прыбытку гаспадароў гасцініц, уладальнікаў агратурыстычных гаспадарак, рэстаранаў, вытворцаў мясцовых прадуктаў, гідаў і іншых людзей, якія зарабляюць на турызме», – адзначылі прадстаўнікі мясцовай улады.

«Толькі мы – жыхары Гайнаўскага павету ведаем, што ўвядзенне буфернай зоны азначае калапс турыстычнага сезону», – напісана ў лісце.

Такім чынам мясцовыя ўлады спаслаліся на ранейшыя пастановы, уведзеныя ў сувязі з міграцыйным крызісам на польска-беларускай мяжы. Прадстаўнікі мясцовай улады падкрэслілі, што да сёння адчуваюць наступствы гэтых рашэнняў, а брэнд Белавежскай пушчы ўсё яшчэ адбудоўваецца. Яны таксама адзначылі, што чакаюцца таксама скарачэнні даходаў муніцыпалітэтаў, таму што з-за зніжэння даходаў з турызму будуць мець меншыя паступленні ад падаходнага падатку.

Мясцовыя чыноўнікі лічаць, што рашэнне ўраду зʼяўляецца замоўчваннем іх меркавання. «Дакладна мы будзем несці наступствы гэтых рашэнняў», – адзначаецца ў лісце.

Белавежскі нацыянальны парк таксама хоча абмежаваць негатыўныя наступствы буфернай зоны. Кіраўніцтва парку накіравала ў Міністэрства клімату і аховы навакольнага асяроддзя прапанову аб змене межаў ахоўнай зоны, якая праходзіць у парку.

Заявы ўрада таксама хвалююць жыхароў павета. У сераду на брыфінгу прэмʼер-міністра Дональда Туска і кіраўнікоў Міністэрства нацыянальнай абароны і Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў Дубічах Царкоўных жыхарка гэтай вёскі паспрабавала задаць ім пытанне. Аднак пытанняў не прадбачвалася. Жанчына звярталася да кіраўніка ўрада з пытаннем: што праект «Шчыт Усход» азначае для жыхароў, калі з імі сустрэнуцца прадстаўнікі ўрада і «што гэта значыць, што жыхары павінны жыць з »абароны бяспекі«.

Сваю занепакоенасць рашэннямі кіраўнікоў краіны выказалі і няўрадавыя арганізацыі, якія аказваюць гуманітарную дапамогу на польска-беларускай мяжы. Як напісала ў сацыяльных сетках НДА Granica, увядзенне забароны на часовае пражыванне зробіць немагчымым дапамогу мігрантам, а службы – як адзначылі актывісты – «змогуць беспакарана выкарыстоўваць дэпартацыі». «У той жа час улады будуць закрываць нам вочы, каб мы не маглі дакументаваць акты гвалту і парушэнні правоў чалавека або глядзець на рукі службам», – падкрэслілі ў Granica.

Раніцай у суботу старшыня Сейму, дэпутат ад Беластоцкай акругі Шымон Галоўня пракаментаваў у сацсетках рашэнне аб буфернай зоне. На яго думку, жыхары і прадпрымальнікі з памежных тэрыторый, якія зноў закрываюцца, павінны «неадкладна атрымаць фінансавую падтрымку ад урада».

яс