Расійская палітычная рэчаіснасць у чарговы раз прадэманстравала факт, што словы разыходзяцца са справамі. Пуцін абяцае падтрымку з боку дзяржавы ўдзельнікам так званай СВА, то бок расійскай агрэсіі супраць Украіны. Ён нават заявіў, што яны стануць новай элітай. Аднак старая эліта не спяшаецца пасоўвацца ды дзяліцца месцамі пры ўладзе з вайскоўцамі. Удзельнікаў СВА «пракінулі» на праймерыз «Адзінай Расіі». На гэтай глебе магчыма народзіцца новы канфлікт сярод эліт, кажа эксперт.
У майскім пасланні Радзе Федэрацыі Уладзімір Пуцін паабяцаў удзельнікам СВА ўсебаковую дзяржаўную падтрымку ды назваў іх «сапраўднай новай элітай».
Кіроўная партыя «Адзіная Расія» кінулася выконваць загад дыктатара і фармальна справілася з заданнем. Генсавет партыі хуценька ўнёс змены ў правілы вылучэння кандыдатаў на выбары. «Ветэраны СВА» сталі там самай прывілеяванай групай у спісах вылучэнцаў за кошт 25% дабаўкі да колькасці галасоў, якія яны набралі.
Шматлікія ўдзельнікі вайны паверылі ў словы Пуціна аб «сапраўднай эліце» і пабеглі вылучацца. Прынамсі, менавіта пра гэта яны казалі ў сваіх відэазваротах.
Паводле падлікаў выдання «Вёрстка», якая напісала шырэй пра гэтую тэму, агулам на праймерыз вылучылася 96 «удзельнікаў СВА» ў 11 рэгіёнах.
Пасля завяршэння праймерыз высветлілася, што «прахадныя месцы» ў выбарчых спісах на выбарах у рэгіянальныя парламенты ўзялі толькі 19 з 96 удзельнікаў вайны, а сярод пераможцаў амаль няма простых байцоў. Катастрафічным для «ветэранаў» стала галасаванне ў Маскве, дзе праваліліся ўсе 15 кандыдатаў, не набраўшы нават тысячы галасоў. «Адзіная Расія» заявіла, што нічога страшнага не адбылося, «ветэраны» – абурыліся ды абвінавацілі кіроўную партыю ў фальсіфікацыях і пачалі патрабаваць свабодных выбараў. Ці мы бачым нараджэнне новага канфлікту сярод расійскай кіроўнай эліты, бо праз СВА ўжо прайшло каля мільёна чалавек? Пра гэта мы паразмаўлялі з нашым аглядальнікам палітолагам Паўлам Усавым.
- Кар’ерны рост ды нейкія ганаровыя пасады ў рэгіёнах магчымыя для некаторых афіцэраў, якія ваявалі. На масавым узроўні такога не будзе. Большая частка ветэранаў ваявалі ў розных прыватных кампаній, якія вярбавалі штурмавікоў з вязніцаў. Ніхто іх нікуды не збіраецца прасоўваць. Расійскія эліты лічаць сябе сучаснай новай арыстакратыяй, якія ніякіх халопаў да ўлады пускаць не збіраюцца. Незадаволенасць з-за гэтага будзе расці. Мы ўжо гэта бачым праз хвалю крымінальных злачынстваў з удзелам вайскоўцаў у Расіі. Гэта можа прывесці да радыкалізацыі «глыбіннага народу». З улікам далейшага пагаршэння эканамічнай сітуацыі гэта можа стаць дэстабілізуючым фактарам, асабліва ў рэгіёнах.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч
Слухайце размову ў аўдыйфайле