Гэта былі першыя ў пасляваеннай гісторыі краіны часткова свабодныя выбары ў Сейм і цалкам свабодныя выбары ў адноўлены Сенат, які быў зліквідаваны ў Польскай Народнай Рэспубліцы пасля сфальсіфікаванага рэферэндуму 1946 году. «Салідарнасць» на чале з Лехам Валэнсам атрымала эфектную перамогу на выбарах 1989 года.
Упершыню з 1945 года апазіцыя была дапушчана да галасавання. Упершыню таксама быў абраны Сенат, які стварыў двухпалатны Нацыянальны сход.
Паводле гісторыка, прафесара Анджэя Пачкоўскага, выбары 4 чэрвеня 1989 года сталі паваротным пунктам у працэсе аднаўлення поўнай свабоды Польшчы. Прафесар Пачкоўскі падкрэсліў, што выбары паказалі сапраўдныя грамадскія настроі і былі відавочным знакам для камуністаў:
-Гэта быў грамадскі адказ на тое, што падчас круглага стала было выпрацаваная і запрапанаваная. Паколькі гэта быў пачатак будовы дэмакратыі, то думка грамадства з'яўляецца самай важнай. Яе трэба слухаць. Гэта ўсё засяродзілася на Польскай рабочай партыі, якая атрымала паразу. Памер гэтай перамогі быў накаўтам для партыі. Камуністычная партыя страціла легітымнасць не толькі да кіравання, але і да існавання.
І апазіцыя, і кіруючы лагер не чакалі такіх разбуральных для камуністычнага ўраду вынікаў. Сярод камуністаў гучалі галасы, якія заклікалі прызнаць выбары несапраўднымі, у тым ліку з-за паразы агульнанацыянальнага спісу. Аднак пераважалі меркаванні, якія заклікалі да кампрамісу.
Другі тур прайшоў 18 чэрвеня. Тады апазіцыя атрымала адно недастаючае месца ў Сейме і сем у Сенаце. Такім чынам, яна дасягнула максімальнай колькасці дэпутатаў у Сейме, на якую раней пагадзіліся ўлады. У 100-асабовым Сенаце яна атрымала 99 мандатаў. Адзін мандат атрымаў незалежны кандыдат.
Ян Кшыштаф Бялецкі, былы прэм’ер, кандыдат у чэрвеньскіх выбарах, гаворыць, што нават для іх вынікі выбараў сталі шокам. Выбарчы працэс быў далёкі ад ідэальнага. Да некаторых кандыдатаў, у прыватнасці да Яна Кшыштафа Бялецкага, былі прыстаўленыя людзі, якія з аднаго боку дакладвалі пра ход выбарчых сустрэч, але і спрабавалі дыскрэдытаваць апазіцыйных кандыдатаў:
-У іх быў спіс 50 пытанняў, падрыхтаваных МУС у Варшаве, якія яны задавалі. Напрыклад, пыталі, якія рэпрэсіі сустрэнуць міліцыю і вайскоўцаў у выпадку, калі ўлада выбары прайграе. Гэта былі афіцэры Службы бяспекі. Яны задавалі пытанні, каб паўплываць на грамадскую думку.
Ян Кшыштаф Бялецкі гаворыць, што яны ішлі на выбары ведаючы, што поўная перамогу немагчыма, але з перакананнем, што гэта будзе крок, які прывядзе да наступных цалкам свабодных выбараў.
На думку гісторыка прафесара Ежы Эйслера (2012), вынікі чэрвеньскіх выбараў паказалі камуністам, што яны надакучылі палякам:
-Большасці людзей не было цікавым, на колькі прапановы рэфармавання Польшчы камуністычнай партыі, людзей папярэдняй улады былі цікавымі, карыснымі для Польшчы. Было як у прымаўцы: гэтаму спадарству мы ўжо дзякуем. Нават калі б яны абяцалі залатыя горы, то пераважная большасць палякаў мела іх сардэчна досыць.
Вынікі выбараў змянілі расстаноўку палітычных сіл. 24 жніўня 1989 году Тадэвуш Мазавецкі стаў першым некамуністычным кіраўніком ураду ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Прыклад Польшчы пераймалі іншыя краіны камуністычнага блоку. Гэта быў пачатак т. зв. восені народаў у Еўропе, сімвалам якой стала падзенне Берлінскай сцяны 9 лістапада 1989 года.
4 чэрвеня ў Польшчы адзначаецца Дзень свабоды і грамадзянскіх правоў, заснаваны Сеймам 24 траўня 2013 году ў памяць пра выбары 1989 году. Асацыяцыя «Сетка Салідарнасці» збірае подпісы пад грамадскім законапраектам, каб гадавіна выбараў 1989 году сталася дзяржаўным святам і выходным днём. Аўтарам ідэі з’яўляецца старшыня асацыяцыі Эдвард Новак. Чаму? Паводле яго, гэта быў дзень у сучаснай гісторыі Польшчы, у якім краіна цалкам памянялася. Памянялася таксама Еўропа:
-Мы перасталі быць людзьмі падполля, рэпрэсаванымі, палітвязнямі. Мы змаглі нармальна жыць і развівацца. Закончыўся камунізм, пачалося будаванне дэмакратыі. Я б сказаў, што ў гэты дзень адбылася сімвалічная ментальная перамена нашага народу.
Польскае радыё падрыхтавала адмысловы гістарычны сайт, на якім прадстаўляе запісы пераломных дзён 1989 году, якія складаюць гукавы фон падзення камунізму ў Польшчы і Еўропе. Сайт даступны па адрасе: 4czerwca.polskieradio.pl.
ав