НАТА распрацоўвае некалькі сухапутных калідораў, якія будуць выкарыстоўвацца для перакідання амерыканскіх войскаў і зброі на лінію фронту ў выпадку буйной сухапутнай вайны з Расіяй у Еўропе, паведамляе The Daily Telegraph.
Паводле брытанскай газеты, калі б сапраўды дайшло да расійскай агрэсіі, амерыканскіх вайскоўцаў перакінулі б у адну з пяці краін – Нарвегію, Нідэрланды, Італію, Грэцыю або Турцыю, а потым на ўсход Еўропы па загадзя запланаваных лагістычных калідорах.
Журналісты адзначаюць, што распрацоўка згаданых маршрутаў адбываецца пасля папярэджанняў камандзіраў НАТА аб тым, што краіны-члены павінны рыхтавацца да магчымага канфлікту з Расіяй. Асноўным элементам гэтай падрыхтоўкі з’яўляюцца менавіта лагістычныя калідоры.
Эксперты падкрэсліваюць, што дзеючыя планы НАТА, якія прадугледжваюць, што амерыканцы прыбудуць у Еўропу праз порт у Ратэрдаме, адкуль на цягніку дабяруцца да Польшчы праз Нямеччыну, патрабуюць неадкладнага перагляду.
Зараз верагодна пад увагу бярэцца пашырэнне калідораў на іншыя парты. Гэта дзеля таго, каб расіяне не здолелі разарваць наземных шляхоў зносін.
Паводле Daily Telegraph, калі б сілы НАТА, перакінутыя ў Нідэрланды, патрапілі пад абстрэл расійскіх ракет далёкага радыусу дзеяння або, калі б былі разбураныя паўночнаеўрапейскія парты, альянс будзе засяроджвацца на партах у Італіі, Грэцыі і Турцыі. З партоў Італіі амерыканскія войскі маглі б перапраўляцца па сушы праз Славенію і Харватыю ў Венгрыю.
Ёсць падобныя планы па транспарціроўцы сіл з партоў у Турцыі і Грэцыі на ўсходні фланг альянсу праз тэрыторыю Балгарыі і Румыніі, а таксама праз парты на Балканах, праз Нарвегію, Швецыю і Фінляндыю.
Брытанскі тыднёвік паведамляе, што на працягу апошніх пяці гадоў камандаванне НАТА, якое прыглядалася сітуацыі вырашыла, што парты паўночнай Еўропы, Нідэрландаў, Германіі і краін Балтыі асабліва ўразлівыя дa расійскіх ракетных атак.
Паводле брытанскіх журналістаў, вельмі актуальным застаецца таксама пытанне абароны ключавых лагістычных вузлоў у Еўропе.
аз