Беларуская Служба

ШАС: «Новая сямʼя» для Лукашэнкі

08.07.2024 15:42
Рэжым Лукашэнкі хваліцца, што даў Беларусі «новую сям’ю». Гэтая сям’я – Шанхайская арганізацыя супрацы, куды Лукашэнка змог прабіцца пасля 14 год намаганняў.
Аўдыё
Ілюстрацыйнае фотаScreenshot z Youtube/belta.by

Дыктатар разлічвае, што гэта дасць яму шырэйшае міжнароднае прызнанне ды дадатковыя рэсурсы. Ён памыляецца, - прагназуе эксперт.

Пасля 14 год высілкаў Беларусь стала чальцом Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Адпаведнае рашэнне было падпісанае ў ходзе саміту ШАС у Астане 4-га ліпеня. Галоўным рухавіком уступлення Беларусі ў гэтую арганізацыю быў Лукашэнка, які шукаў для свайго рэжыму большага міжнароднага прызнання ды дадатковых рэсурсаў.

Нагадаем, што Беларусь мае стасункі з ШАС з 2010 года, спачатку ў статусе партнёра па дыялогу і з 2015 года - у статусе наглядальніка. У верасні 2022 у Самаркандзе было падпісанае рашэнне аб пачатку працэдуры ўступлення Беларусі ў шэрагі арганізацыі.

У ліпені 2024 года Беларусь стала паўнапраўным, дзясятым па ліку членам «сямʼі ШАС», пахваліліся афіцыйныя лукашэнкаўскія СМІ разам Індыяй, Іранам, Казахстанам, Кітаем, Кыргызстанам, Пакістанам, Расіяй, Таджыкістанам і Узбекістанам.

У якасці каго Беларусь уваходзіць у новую сям’ю: бедным сваяком, прымаком ці роўным партнёрам? Пра гэта мы паразмаўлялі з палітолагам Паўлам Усавым.

- Беларусь у ШАС удзельнічала ўмоўна з 2010 год. Дарэчы, гэтая арганізацыя паўстала з ініцыятывы Масквы і Пекіна. Расія ў ёй бачыла для сябе інструмент аднаўлення свайго геапалітычнага статусу, але рэй у ёй пераняў Кітай. Беларусь туды доўга не пускалі, па фармальных прычынах – еўрапейская дзяржава, а ШАС яднае краіны Азіі. Пасля 2020 года, калі Лукашэнка парваў адносіны з Захадам, яго ўрэшце прынялі. Таму што цяперашні ШАС – гэта арганізацыя, якая яднае аўтарытарныя дзяржавы ды антыліберальныя рэжымы, а Беларусь перастала быць еўрапейскай краінай, ніякага лібералізму ў ёй няма. Для Лукашэнкі – гэта спроба кампенсацыі страты еўрапейскага накірунку. Ніякіх эканамічных ды палітычных прэферэнцый ад ШАС Лукашэнка не атрымае. Для Беларусі ж – гэта кансервацыя рэжыму, пераўтварэнне цалкам у краіну азіяцкага фармату.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле.

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі